Патрыяршае віншаванне навучальнікам і навучэнцам духоўных школ Рускай Праваслаўнай Царквы з пачаткам навучальнага года

01 верасня 2018

top.jpg

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл павіншаваў навучальнікаў і навучэнцаў духоўных школ Рускай Праваслаўнай Царквы з пачаткам навучальнага года.

Рэктарам, выкладчыкам і настаўнікам, студэнтам і выхаванцам духоўных навучальных устаноў

Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, паважаныя выкладчыкі і настаўнікі, дарагія браты і сёстры!

Сардэчна віншую вас з пачаткам 2018/2019 навучальнага года.

Духоўная адукацыя з'яўляецца значным складнікам місіі Царквы. Ад узроўню падрыхтоўкі будучых пастыраў шмат у чым залежыць, ці будуць людзі імкнуцца ў храмы Божыя, ці знойдуць яны ў пропаведзях адказы на жыццёва важныя пытанні, ці ўбачаць у святарах тую любоў, якую Гасподзь наказаў яўляць блізкім, ці захочуць знешнія (1 Цім. 3:7) стаць аднымі з нас, стаць членамі хрысціянскай абшчыны.

Атрыманне адукацыі — гэта заўсёды двухбаковы працэс, гэта сумесная праца настаўнікаў і навучэнцаў. Выкладчыкам неабходна памятаць аб ускладзенай на іх вялікай адказнасці: менавіта на вас раўнуецца маладое пакаленне, менавіта вашаму меркаванню — як найбольш аўтарытэтнаму — давярае. Няхай пашле вам Усядобры Бог палымяную рэўнасць аб годным выхаванні будучых служыцеляў алтара Гасподняга і дасць быць, паводле слова першавярхоўнага апостала, узорам для навучэнцаў у слове, у жыцці, у любові, у духу, у веры, у чысціні (1 Цім. 4: 12) у славу імя Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста і на карысць яго святой Царквы.

Звяртаючыся да студэнтаў, хацеў бы сказаць, што ў вас ёсць выдатная магчымасць насыціць душу словамі вечнага жыцця і прасвятліць розум пазнаннем прамудрасці Божай. Але нават вялікі багаж ведаў не зробіць вас добрымі пастырамі, калі да гэтага багажу не будзе дададзена шчырае жаданне паслужыць Госпаду і людзям, гатоўнасць быць адкрытым да зносін з чалавекам, уменне суцяшаць і падтрымліваць.

Усіх вас — і начальнікаў, і выкладчыкаў, і навучэнцаў — я заклікаю заўсёды памятаць пра тое, што поспех сведчання аб Хрысце залежыць ад таго, ці будзем мы самі абапірацца на моцны падмурак евангельскіх запаведзяў, удасканальвацца ў пазнанні Свяшчэннага Пісання і Падання. Слова ваша няхай будзе заўсёды з благадаццю, прыпраўленае соллю, каб вы ведалі, як трэба адказваць кожнаму (Кал. 4:6).

Жадаю выкладчыкам і студэнтам невычарапальнай дапамогі ад Госпада і поспехаў у далейшай працы.

Благаславенне Божае няхай будзе з вамі.

+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

Патрыярхія.ru / Church.by