Пётр, схіепіскап Дзятлаўскі, вікарый Навагрудскай епархіі

(свецкае імя Віктар Пятровіч Карпусюк)

Petr.jpgНарадзіўся 5 студзеня 1959 года ў Брэсцкай вобласці.

З дзіцячых гадоў быў выхаваны набожнай маці ў хрысціянскай веры. Пасля заканчэння школы служыў у войску. Воінскую службу праходзіў каля сцен Лаўры прападобнага Сергія, у Сергіевым Пасадзе Маскоўскай вобласці. Выкарыстоўваючы кожную магчымасць пабываць ля запаветнай ракі з мошчамі прападобнага айца Сергія, стаў з часам старанна прасіць яго прыняць у лік сваіх вучняў. Па выкананні вайсковага абавязку паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю, затым у Маскоўскую духоўную акадэмію. Па заканчэнні семінарыі прыняў манаскі пострыг і быў пасвечаны ў сан іерадыякана. Будучы студэнтам акадэміі, нёс послух іпадыякана Свяцейшага Патрыярха Пімена. Затым, пасля некалькіх гадоў послуху ў Маскоўскай Патрыярхіі, быў прызначаны на пасаду эканома ў Троіца-Сергіевай Лаўры ў сане архімандрыта. Апошняе месца служэння — пасада духаўніка ў падмаскоўным стаўрапагіяльным жаночым Свята-Крыжа-Уздзвіжанскім манастыры.

Пастановай Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ і Свяшчэннага Сінода ад 17 ліпеня 1992 года архімандрыту Пятру (Карпусюку) вызначана быць епіскапам Тураўскім і Мазырскім.

23 ліпеня 1992 года ў Свята-Марыі-Магдалінінскім храме Мінска Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім, епіскапы Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх здзейснілі чын нарачэння архімандрыта Пятра ў епіскапа Тураўскага і Мазырскага.

24 ліпеня 1992 года ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Віцебска за Бажэственнай літургіяй Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, архіепіскапамі Магілёўскім і Мсціслаўскім Максімам, Гродзенскім і Ваўкавыскім Валянцінам, епіскапамі Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем, Пінскім і Лунінецкім Сцяфанам, Гомельскім і Жлобінскім Арыстархам была здзейснена хіратонія архімандрыта Пятра ў епіскапа Тураўскага і Мазырскага.

24 снежня 2004 г. прызначаны епіскапам Бабруйскім і Асіповіцкім.

Пастановай Свяшчэннага Сінода ад 27 снежня 2005 г. (журнал № 98) вызвалены ад кіравання Бабруйскай епархіяй з вызначэннем месца знаходжання ў Свята-Траецкім Маркавым мужчынскім манастыры ў г. Віцебску.

Пастановай Свяшчэннага Сінода ад 11 красавіка 2006 г. прызначаны епіскапам Друцкім, вікарыем Віцебскай епархіі.

Пастановай Свяшчэннага Сінода ад 26 снежня 2013 г. прызначаны епіскапам Смаргонскім, вікарыем Навагрудскай епархіі.

Пастановай Сінода Беларускага Экзархату ад 19 лістапада 2014 г. Праасвяшчэннаму Пятру прысвоены тытул «епіскап Дзятлаўскі, вікарый Навагрудскай епархіі».

У 2015 годзе пастрыжаны ў схіму.

Адукацыя:

1982 г. — Маскоўская духоўная семінарыя.

1986 г. — Маскоўская духоўная акадэмія (кандыдат багаслоўя).

Епархія: Навагрудская і Слонімская епархія

(Вікарны архіерэй)

Узнагароды:
Царкоўныя:

  • ордэн прападобнага Сергія Раданежскага III ст.;
  • ордэн прападобнага Сергія Раданежскага II ст.;
  • ордэн святога раўнаапостальнага князя Уладзіміра III ст.;
  • знак ордэна святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай;
  • медаль прападобнага Сергія Раданежскага I-II ст.