Чарговая Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” адбудзецца з 31 жніўня па 4 верасня

30 августа 2016

top.jpgЗ благаславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбудзецца штогадовая Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”.

Традыцыйна міжнародная экспедыцыя праходзіць у першы тыдзень верасня напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

Экспедыцыя з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга пачнецца ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска 31 жніўня, а скончыцца 4 верасня ў сталіцы беларускага пісьменства — горадзе Рагачове Магілёўскай вобласці, адзначаецца на сайце Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Мерапрыемствы “Дарогі да святыняў” адбудуцца ў Маладзечанскай, Пінскай, Слуцкай, Тураўскай, Гомельскай епархіях. 

Шлях паломнікаў сёлетняй экспедыцыі пройдзе праз Дзяржынскі, Баранавіцкі, Салігорскі, Акцябрскі, Калінкавіцкі, Светлагорскі раёны.

Акрамя духавенства ў мерапрыемствах экспедыцыі будуць прымаць удзел вядомыя пісьменнікі, дзеячы навукі і культуры, мастацтва, вытворцы, педагогі, артысты, журналісты, прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў.

Традыцыйна ў рамках мерапрыемстваў місіянеры наведаюць школы, бальніцы, сацыяльныя установы, храмы і манастыры шэрагу населеных пунктаў.

Запланаваны шматлікія навукова-асветніцкія і творчыя сустрэчы з жыхарамі раёнаў, вернікамі, навучальнай і працоўнай моладдзю, падапечнымі сацыяльных устаноў.

Нязменным арганізатарам “Дарогі да святыняў” з’яўляецца пісьменніца, журналіст Ніна Загорская.

Фота з архіва 

Church.by