Дзяржаўных узнагарод Беларусі ўдастоены 143 прадстаўніка розных сфер дзейнасці. Адпаведны ўказ падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысуджаны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, выключную адвагу і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе са злачыннасцю, пры выратаванні людзей падчас пажару і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, значны асабісты ўклад у забеспячэнне законнасці і правапарадку, рэалізацыю бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, развіццё машынабудавання, хімічнай прамысловасці, чыгуначнага транспарту і грамадзянскай авіяцыі, заслугі ў галінах будаўніцтва, гандлю, сацыяльнай абароны насельніцтва, аховы здароўя, навукі, адукацыі і культуры, паведамляе сайт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У ліку ўзнагароджаных медалём Францыска Скарыны — ігумення Гродзенскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра Нараджэння Багародзіцы Гаўрыіла (Глухава).

Медаль Францыска Скарыны — першая па часе заснавання з сучасных беларускіх узнагарод. У прыватнасці, яна ўручаецца асобам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа.

Нагадаем, што ігумення Гаўрыіла таксама з'яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» 2013 года.

Фота: Гродзенская праўда

Church.by