23 чэрвеня 2017 года на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адбыўся выпуск маладых афіцэраў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.
Па блаславенню настаяцеля прыхода храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску протаіерэя Мікалая Коржыча ключнік прыхода протаіерэй Дзімітрый Харошка па традыцыі прыняў удзел ва ўрачыстым акце.
Перад лейтэнантамі выступілі Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, кіраўнікі сілавых ведамстваў і ганаровыя госці. Выпускнікам былі ўручаны дыпломы аб вышэйшай юрыдычнай адукацыі і нагрудныя знакі.
Айцец Дзімітрый звярнуўся да прысутных:
— Спадар міністр, спадары генералы, афіцэры, бацькі і блізкія, сёння выпускнікі атрымалі сваё першае афіцэрскае званне, і гэта стала знамянальнай падзеяй для іх.
У свядомасці беларускага чалавека афіцэр — гэта заўсёды захавальнік доблесці, гонару і справядлівасці. Таму будзьце справядлівыя, стаўцеся сумленна да тых людзей, якія здзяйсняюць у жыцці памылкі. Бо вам ад Бога дадзена ўлада быць захавальнікамі закона чалавечага, таго закона, які дазваляе нам жыць мірна. Таму хацелася б у гэты знамянальны дзень заклікаць на вашу далейшую службу Божае благаславенне.
Беражы вас Гасподзь!