17 жніўня 2021 года на базе Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра Успення Прасвятой Багародзіцы адбылася сустрэча старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, настаяцеля прыхода храма ў гонар Усіх святых у горадзе Мінску протаіерэя Фёдара Поўнага з прадстаўнікамі Навагрудскай епархіі.
На сустрэчу былі запрошаны кіраўнікі і супрацоўнікі ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі Дзятлаўскага, Карэліцкага, Навагрудскага і Слонімскага райвыканкамаў, кіраўнікі рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральнаму выхаванню, дырэктары школ, педагогі і святары.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый.
Протаіерэй Фёдар Поўны падзяліўся з прысутнымі планамі супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства адукацыі ў сферы духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення: адкрыцця новага факультатыва «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», выдання вучэбна-метадычнага комплексу, цыкла відэаўрокаў да праекта «Школа актыўнага грамадзяніна», іншых праектах. У выступлені свяшчэннаслужыцель падкрэсліў, што Праваслаўная Царква прапануе школе сваю дапамогу і падтрымку ў выхаванні дзяцей. Новы факультатыў закліканы расказаць школьнікам аб Беларусі, яе гісторыі і культуры праз прызму хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Пасля прадстаўленага даклада ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць пытанні, якія іх цікавяць.
Педагогі пабывалі на экскурсіі па Жыровіцкай абіцелі, атрымалі архіпастырскае благаславенне і памятныя падарункі.
