Ілюстрацыі, створаныя выхаванцамі інклюзіўнага аб'яднання па інтарэсах «Мастацкая майстэрня "Вясёлка"», упрыгожылі старонкі перакіднага календара на 2021 год. Прэзентацыя календара адбылася 30 студзеня ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт» Мінска.
Каляндар выдадзены ў рамках праграмы супрацоўніцтва паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2020-2025 гады пры садзейнічанні жаночага Свята-Лізавеценскага манастыра і Рэспубліканскага фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры «Дабравест».
Выхаванцы педагога майстэрні «Вясёлка» Наталлі Каханчык неаднаразова ўзнагароджваліся сертыфікатамі за ўдзел у міжнародных выставах для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, станавіліся лаўрэатамі, дыпламантамі выстаў і фестываляў самадзейнай мастацкай творчасці. Рабяты з'яўляюцца ўладальнікамі сертыфікатаў ЮНІСЕФ, а іх працы размешчаны ў аддзяленнях 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска і гасцініцы для бацькоў пацыентаў Беларускага дзіцячага хоспіса.