Па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з 13 па 15 лістапада 2026 года на тэрыторыі Барысаўскай епархіі прайшоў маладзёжны адукацыйны форум з міжнародным удзелам «Жыццё вечнае» на тэму «Місія Царквы ў свеце тэхналогій. Біяэтыка».

Арганізатарамі форуму выступілі Сінадальны аддзел па справах моладзі Беларускага Экзархату сумесна з Барысаўскай епархіяй і Барысаўскай раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь».

Форум адкрыўся 13 лістапада малебнам на пачатак добрай справы, які здзейсніў выконваючы абавязкі кіраўніка аддзела па справах моладзі Барысаўскай епархіі іерэй Сцяфан Лютарэвіч. Па заканчэнні набажэнства святар звярнуўся да ўдзельнікаў з прывітальным словам. Прысутных таксама вітала старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Марыя Лісічонак, якая распавяла аб дзейнасці арганізацыі і пажадала ўдзельнікам плённай працы.

У першы дзень форуму адбылася экскурсія «Па слядах Напалеона», падчас якой маладыя людзі пазнаёміліся з гісторыяй горада Барысава. Затым дацэнт кафедры апалагетыкі Мінскай духоўнай акадэміі іерэй Сергій Цімашэнкаў прачытаў лекцыю аб біяэтыцы і каштоўнасцях веры. Увечары для ўдзельнікаў быў арганізаваны танцавальны майстар-клас, які правяла Вікторыя Шчарбіцкая.

Адукацыйная праграма другога дня пачалася з лекцыі загадчыка кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэя Ігара Васько «Сацыяльныя сеткі як спосаб місіянерскай і асветніцкай дзейнасці».

Затым удзельнікі форуму наведалі Беларускі аўтамабільны завод БЕЛАЗ у горадзе Жодзіна.

Пасля экскурсіі першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэй Сергій Маўсесян выступіў з лекцыяй «Місія Царквы ў свеце тэхналогій». Тэму хрысціянскага разумення чалавечага жыцця працягнуў старшы выкладчык Мінскага духоўнага вучылішча дыякан Іаан Ляшчанка, які прадставіў лекцыю «Еўхарыстыя і хрысціянскае стаўленне да цела, здароўя і смерці».

Увечары адбыўся прагляд фільма з наступным абмеркаваннем пад кіраўніцтвам іерэя Арцемія Шчарбіцкага.

Заключны дзень форуму, 15 лістапада, пачаўся з Бажэственнай літургіі ў храме іконы Божай Маці «Збавіцельніца» горада Жодзіна. Богаслужэнне ўзначаліў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Амвросій. Яго Праасвяшчэнству саслужылі сакратар Барысаўскай епархіі протаіерэй Сергій Башкіраў, благачынны Чэрвеньскай царкоўнай акругі іераманах Гедэон (Фаменка), старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату іерэй Дзімітрый Баўкуновіч, старшыня камісіі па справах моладзі Мітрапалічай акругі Рускай Праваслаўнай Царквы ў Рэспубліцы Казахстан іерэй Георгій Рублінскі, ключар Архіерэйскага падвор'я іерэй Павел Церашкоў, кіраўнік аддзела па справах моладзі Барысаўскай епархіі іерэй Сцяфан Лютарэвіч, кіраўнікі епархіяльных аддзелаў па маладзёжным служэнні Беларускага Экзархату, а таксама ўдзельнікі Рэспубліканскага маладзёжнага форуму «Жыццё вечнае» ў свяшчэнным сане.

Пасля заканчэння бгаслужэння епікап Амвросій сустрэўся з удзельнікамі форуму. У ходзе гутаркі на тэму «Жыццё вечнае — арыенцір для маладога пакалення» архіпастыр звярнуўся да маладых людзей і адказаў на іх пытанні.

Завяршыўся трохдзённы форум падзячнай малітвай.


borisoveparhia.by / Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

сацсетках Instagram, ВКонтакте,

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok