13 студзеня ушанаваць памяць нявінназабітых людзей сабраліся прадстаўнікі Светлагорскага райвыканкама, Праваслаўнай Царквы, студэнты Светлагорскага індустрыяльнага каледжа, навучэнцы школ Светлагорска і Гомеля.

73 гады таму здарылася страшная трагедыя: студзеньскай раніцай у 6 гадзін да невялікай вёсачкі Ола падышоў нямецкі карны атрад і акружыў яе. На жаль, у тыя дні ў вёсцы знайшлі сабе сховішча мноства мірных жыхароў, у асноўным жанчыны, старыя і дзеці. Большасць людзей нацысты сагналі ў вялікі калгасны хлеў на ўскраіне вёскі, замкнулі і падпалілі, а тых, хто спрабаваў выбегчы і выратавацца з агорнутага агнём будынка — расстрэльвалі. Зверствы карнага атрада забралі жыцці 1758 чалавек, з якіх 950 — дзеці.

На жалобным мітынгу прысутнічалі доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Шаркоў і журналіст Алена Харашэвіч, лаўрэаты прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». У іх была высокая і высакародная місія: перадаць зямлю з Олы ў мінскі храм-помнік у гонар Усіх святых. Гэты храм знаходзіцца ў Мінску і з'яўляецца галоўным духоўным агульнанацыянальным мемарыялам у памяць пра мільёны беларусаў, загінулых і раскіданых па ўсім свеце. У крыпце храма сабрана зямля з палёў вялікіх гістарычных бітваў у абарону Айчыны, а таксама з месцаў пахаванняў мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі ваенных дзеянняў.

Забор зямлі для перадачы ў крыпту ажыццявілі старшыня Чыркавіцкага сельвыканкама Уладзімір Лахардаў і старшыня Светлагорскай раённай арганізацыі ветэранаў Валянціна Рудзінская. Благачынны Светлагорскай акругі, настаяцель Спаса-Праабражэнскага сабора Светлагорска протаіерэй Аляксандр Кісель здзейсніў памінальную ліцію і акрапіў капсулу з зямлёй святой вадой. Канстанцін Пятроўскі, намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама, ад імя кіраўніцтва і жыхароў раёна перадаў асвечаную зямлю Алене Харашэвіч.

— Забыцца на мінулае, тыя пакуты і гора, якія выпалі на долю нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны — значыць здрадзіць тым людзям, якія змагаліся за свабоду нашай Радзімы, якія нявінна пацярпелі ад рук фашысцкіх карнікаў, — сказала Алена Іванаўна. — Ні мы, ні нашы дзеці, не павінны забыць гэты боль ніколі. Трэба памятаць сваіх продкаў і шанаваць мірнае жыццё.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся благачынны Светлагорскай акругі протаіерэй Аляксандр Кісель.

— Падобныя трагічныя прыклады гібелі тысяч нявінных людзей уражваюць жорсткасцю вайны, — сказаў протаіерэй Аляксандр. — Мы павінны маліцца за іх, узносячы малітву Богу за тых пакутнікаў, якія прынялі на сябе страшны выклік вайны. Каб Літасцівы Гасподзь усяліў іх у Царства Нябеснае, а мы, прытрымліваючыся Закону Божага, пастараліся выправіць сваё жыццё да лепшага.

Кожны з выступоўцаў на мітынгу адзначыў, што вайна пакінула шмат месцаў смутку на беларускай зямлі, мноства гора прынесла жыхарам. Пасля хвіліны маўчання ўдзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да памятнага крыжа. Навучэнцы школ і студэнты ліцэя паклалі да мемарыяльнага знака кветкі і цацкі ў памяць аб дзецях, якія загінулі ў вёсцы Ола.

Гомельская епархія / Church.by