Загадчык бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі Ілья Перчанка прадставіў свой даклад на VII Міжнародным кангрэсе «Бібліятэка як феномен культуры», арганізаваным Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі 21-22 кастрычніка.
Па прычыне эпідэміялагічнай абстаноўкі даклад быў прадстаўлены ў відэаверсіі. Ён прысвячаўся тэме «Бібліятэка Мінскай духоўнай акадэміі: вопыт узаемадзеяння царкоўнай і свецкай бібліятэчных сістэм».
Азнаёміцца з дакладам можна на афіцыйным youtube-канале бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі.
Удзельнікамі кангрэса сталі прадстаўнікі Беларусі, Германіі, Расіі, Францыі і Украіны. Гэта вядучыя спецыялісты бібліятэк, навукова-даследчых арганізацый, адукацыйных устаноў, распрацоўшчыкі і вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі, літаратуразнаўцы і пісьменнікі.
Галоўная тэма кангрэсу ў гэтым годзе — «Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці». У бібліятэцы прайшлі пленарнае і секцыйныя пасяджэнні, круглыя сталы, семінары, віртуальная прэзентацыйная пляцоўка і майстар-клас.
Асноўнымі тэмамі для абмеркавання сталі гісторыя і культура краін, рэгіёнаў, мясцовасцяў як кірунак сучасных даследаванняў; арганізацыя краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, яе нарматыўнае і метадычнае забеспячэнне; краязнаўчыя бібліяграфічныя рэсурсы і праекты; электронныя інфармацыйныя рэсурсы па краязнаўстве, краіназнаўстве; папулярызацыя краязнаўчых і краіназнаўчых ведаў, музеяў, архіваў; краязнаўчы кантэнт у інтэрнэт-прасторы; сучасная выдавецкая прадукцыя ў захаванні і прасоўванні гісторыка-культурнай спадчыны краін, рэгіёнаў.
Падчас адкрыцця кангрэса прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХVII Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры».
У рамках форуму працавала выстава выдавецкай прадукцыі, да ўдзелу ў якой былі запрошаны вытворцы традыцыйнай літаратуры і электронных рэсурсаў. Адбылося пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйнаму узаемадзеянню, а таксама прайшла прэзентацыя ўнікальнай анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях». Сумесна з выдавецкім домам «Звязда» прайшоў круглы стол пісьменнікаў і літаратараў «Мастацкая літаратура як шлях да адзін аднаго», удзельнікамі якога сталі спецыялісты з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны.
На закрыцці кангрэса ўдзельнікі падвялі вынікі двухдзённай працы форуму, абмеркавалі ўзнятыя на секцыйных пасяджэннях пытанні, надалі значную ўвагу перспектывам развіцця карпаратыўнага і інфармацыйнага ўзаемадзеяння, захаванню дакументальнай спадчыны.
Вынікі працы VII Міжнароднага кангрэса «Бібліятэка як феномен культуры» будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва паміж установамі культуры, адукацыі і навукі, развіццю краязнаўчай дзейнасці, фарміраванню інфармацыйнай культуры і стануць значным укладам у развіццё інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк.