16 ліпеня 2019 года, напярэдадні чарговай гадавіны расстрэлу царскай сям'і, пасля заканчэння вячэрняга богаслужэння жыхары горада Калінкавічы сумесна са святарамі Казанскага сабора здзейснілі хрэсны ход да крыніцы святых Царскіх страстацерпцаў у вёсцы Пеніца Калінкавіцкага раёна.
У хрэсным ходзе прынялі ўдзел: благачынны цэркваў Калінкавіцкай акругі, намеснік Юравіцкага мужчынскага манастыра ігумен Аўксенцій (Абражэй), старшыня епархіяльнага аддзела па сацыяльнаму служэнню і царкоўнай дабрачыннасці, клірык сабора, іерэй Сергій Карповіч, пеўчыя, прыхаджане, прадстаўнікі казацтва.
Па прыбыцці на святую крыніцу святары здзейснілі малебен з чытаннем акафіста святым Царскім страстацерпцам.
У завяршэнне ігумен Аўксенцій звярнуўся да багамольцаў з пастырскім словам, у якім распавёў пра маральны подзвіг сям'і апошняга расійскага імператара.