15 кастрычніка 2019 года мітрапаліт Вострскі Цімафей, экзарх Іерусалімскага Патрыярхату на востраве Кіпр, нанёс дружалюбны візіт мітрапаліту Філарэту, Ганароваму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі.
У сустрэчы прыняў удзел мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Візіт быў прымеркаваны да міжнароднай канферэнцыі «Мітрапаліт Нікадзім: шлях служэння Царкве», якая адбылася ў азнаменаванне 90-годдзя з дня нараджэння мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Нікадзіма (Ротава; 1929 — 1978), духоўнага настаўніка мітрапаліта Філарэта і Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Мітрапаліт Вострскі Цімафей выступіў на пленарным пасяджэнні гэтага форуму з дакладам, у якім падзяліўся ўспамінамі аб зносінах з незабыўным уладыкам Нікадзімам.
Архіпастыры сардэчна пагутарылі, абмяняўшыся думкамі аб значэнні спадчыны мітрапаліта Нікадзіма (Ротава) у нашы дні.