Біяграфія
Біяграфія
Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Мітрапаліт Філарэт, першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, (у свеце Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве, у сям'і служачых.
Дзед, Аляксандр Іванавіч, вядомы яраслаўскі купец, з 1913 года з'яўляўся патомным дваранінам. Бацька, Варфаламей Аляксандравіч (1904-1984), выкладчык Гнесінскага музычнага вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, аўтар падручніка "Элементарная тэорыя музыкі". За складанне падручніка царкоўных спеваў для духоўных школ узнагароджаны ордэнам св. князя Уладзіміра II ступені.
Маці, Аляксандра Фёдараўна Вахрамеева (1903-1981), і старэйшая сястра, Вольга Варфаламееўна Вахрамеева (1925-1997), таксама з'яўляліся педагогамі маскоўскіх музычных школ.
Восенню 1953 года Кірыл Вахрамееў скончыў сярэднюю школу № 557 і паралельна музычную школу Баўманскага раёна горада Масквы па класе харавых спеваў і басэтлі.
У 1953 годзе пасля заканчэння сярэдняй і музычнай школ паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю.
У 1954–1961 гадах нёс паслухмянасць іпадыякана Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія I і мітрапаліта Круціцкага Мікалая (Ярушэвіча).
У 1957 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю і паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію. 3 красавіка 1959 года быў пастрыжаны ў манаства з прыслоўем імя ў гонар святога праведнага Філарэта Міласцівага.
26 красавіка 1959 года Найсвяцейшым Патрыярхам Аляксіем I быў пасвечаны ў іерадыякана.
Увесну 1961 году скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя і стаў выкладчыкам Маскоўскіх духоўных школ.
14 снежня 1961 года Свяцейшы Патрыярх Аляксій I пасвяціў іерадыякана Філарэта ў іераманаха.


У 1962 годзе быў прызначаны старшым памочнікам інспектара, а ў 1963 годзе - інспектарам Маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі.
4 жніўня 1963 года быў узведзены ў сан ігумена, а 8 кастрычніка таго ж года - у сан архімандрыта.
Увосень 1963 г. быў прызначаны загадчыкам аспірантуры Маскоўскай духоўнай акадэміі і сакратаром Камісіі Свяшчэннага Сінода па пытаннях хрысціянскага адзінства.
Пастановай Свяшчэннага Сінода ад 8 кастрычніка 1965 года архімандрыт Філарэт быў абраны біскупам Ціхвінскім, вікарыем Ленінградскай епархіі. Архіярэйская хіратонія была здзейснена 24 кастрычніка 1965 года ў Траецкім саборы Аляксандра-Неўскай Лаўры.
З 14 мая 1966 года - біскуп Дзмітраўскі, вікарый Маскоўскай епархіі, рэктар Маскоўскай духоўнай акадэміі.
28 лістапада 1968 года быў прызначаны другім намеснікам старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхата.
Удзельнічаў у дзейнасці камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні Памеснага Сабора 1971 года, у гэтыя ж дні часова выконваў абавязкі намесніка Троіца-Сергіевай Лаўры.
З 6 верасня 1971 па 25 жніўня 1972 года часова кіраваў Калінінскай епархіяй.
9 верасня 1971 года быў узведзены ў сан арцыбіскупа.
З 18 красавіка 1973 года - арцыбіскуп Берлінскі і Сярэднееўрапейскі, Патрыяршы Экзарх Сярэдняй Еўропы.
У 1974 годзе абраны ганаровым членам Маскоўскай і Ленінградскай духоўных акадэмій.
15 красавіка 1975 года ўзведзены ў сан мітрапаліта.

10 кастрычніка 1978 года Свяшчэнным Сінодам быў прызначаны мітрапалітам Мінскім і Беларускім, а 12 кастрычніка - Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы.
З 16 лістапада 1979 года часова кіраваў Корсунскай епархіяй.
З 1981 па 1988 год з'яўляўся намеснікам старшыні Камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні ўрачыстасцей, прысвечаных святкаванню 1000-годдзя Хрышчэння Русі, кіраўніком працоўнай групы па ўдзеле ў святкаванні юбілею іншых Цэркваў і па грамадскіх праблемах.
14 красавіка 1981 года стаў старшынёй Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхата і па пасадзе - пастаянным членам Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.