11 лістапада 2026 года ў Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага адбыўся круглы стол, які аб'яднаў супрацоўнікаў псіхалагічных падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў і прадстаўнікоў Беларускага Экзархату.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій (Сакалоў). Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы МУС Антон Санкевіч падкрэсліў неабходнасць пастаяннага ўдасканалення псіхалагічнай работы і ўкаранення новых падыходаў у прафесійную практыку.

У ходзе сустрэчы ўдзельнікі абмяняліся вопытам, абмеркавалі сучасныя трэнінгавыя праграмы і метады псіхалагічнай дыягностыкі. Асаблівая ўвага была нададзена значэнню духоўна-маральных арыенціраў для псіхалагічнай устойлівасці маладых супрацоўнікаў і папярэджання прафесійных дэфармацый.

Па завяршэнні круглага стала для гасцей была арганізавана экскурсія па Мінскай духоўнай акадэміі і царкоўна-гістарычным музеі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

13 лістапада 2026 года ў Акадэміі прайшоў круглы стол «Крок насустрач: пытанні ўзаемадзеяння Царквы і грамадства». У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, а таксама спецыялісты раённых адміністрацый горада Мінска, якія курыруюць пытанні рэлігій і нацыянальнасцяў.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандр Лук'янаў звярнуў увагу на выклікі, звязаныя з распаўсюджваннем нетрадыцыйных рэлігійных рухаў ва ўмовах развіцця лічбавых тэхналогій. Ён падкрэсліў важнасць узаемадзеяння дзяржаўных органаў і рэлігійных арганізацый у папярэджанні магчымых пагроз, а таксама неабходнасць пастаяннага павышэння прафесійнай кампетэнтнасці спецыялістаў, якія працуюць у гэтай сферы.

Загадчык кафедры апалагетыкі Мінскай духоўнай акадэміі, старшыня Сінадальнага цэнтра сектазнаўства імя прападобнага Іосіфа Волацкага Беларускага Экзархату, рэферэнт па пытаннях новых рэлігійных рухаў Мінскай епархіі Уладзімір Марціновіч расказаў аб распаўсюджанасці новых рэлігійных рухаў у свеце і асаблівасцях вывучэння падобных арганізацый у Беларусі.

У ходзе абмеркавання ўдзельнікі разгледзелі пытанні ўзаемадзеяння з рознымі рэлігійнымі арганізацыямі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі краіны. Асобная ўвага была ўдзелена пошуку новых форм работы з моладдзю і магчымасцям яе далучэння да духоўнага жыцця.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Вольга Драздовіч адзначыла практычную значнасць сустрэчы і неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва з настаяцелямі храмаў, у тым ліку пры арганізацыі сумесных мерапрыемстваў з удзелам моладзі.

Па выніках круглага стала прадстаўнікі Мінскай духоўнай акадэміі і сталічных адміністрацый абмяняліся кантактамі і абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва.


Фота: прэс-служба МінДА і Сяргей Міцэвіч (агенства «Минск-Новости»)

minsknews.by / minda.by / Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,

сацсетках Instagram, ВКонтакте,

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok