Мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоній: Наш епіскапат адзіны ў імкненні дасягнуць міру для Украіны

23 ліпеня 2014

top.jpgСвяшчэнны Сінод Украінскай Праваслаўнай Царквы пастанавіў правесці Сабор епіскапаў Украінскай Праваслаўнай Царквы для абрання новага Прадстаяцеля Украінскай Праваслаўнай Царквы 13 жніўня 2014 года ў г. Кіеве. Аб тым, як ідзе падрыхтоўка да гэтай працэдуры і як яна будзе выглядаць, сайту «Православие и мир» распавёў кіраўнік спраў Украінскай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоній.

— Пайшоў з жыцця Блажэннейшы мітрапаліт Уладзімір. Вам давялося не адзін год пастаянна мець зносіны з Блаженнейшым. Якім ён застаўся ў Вашай памяці?

— Цяпер мне цяжка пра гэта казаць. Усё ж, яшчэ цалкам жывы боль гэтай страты. І, напэўна, яшчэ не адзін месяц, а можа і не адзін год спатрэбіцца для таго, каб усвядоміць, асэнсаваць вопыт зносін з Блаженнейшым, асэнсаваць усё тое, што ён стараўся нам перадаць. Гэта быў чалавек, у якім дзіўным чынам спалучаліся глыбокі духоўны вопыт і сапраўдная жыццёвая мудрасць. У ім заўсёды была амаль дзіцячая прастата веры. І ў той жа час, ён быў надзвычай дасведчаным адміністратарам. Прайшоў вялікую школу служэння на самых розных пасадах. Многія мяркуюць, што адміністрацыйная праца процілеглая сапраўднаму духоўнаму жыццю. Але вось у асобе Блажэннейшага гэтай супярэчнасці не было. Ён здолеў неяк вельмі арганічна ўсё гэта аб'яднаць. Гэта асаблівы дар.

— Цяпер перад Украінскай Царквой стаіць няпростая задача выбару новага Прадстаяцеля. А як увогуле будзе праходзіць само абранне?

— Абіраць Прадстаяцеля будзе Сабор епіскапаў нашай Царквы, які назначаны на 13 жніўня. Сабор таксама вызначыць і працэдуру выбараў.

— Гэта значыць, цяпер яшчэ невядома, як менавіта будуць праходзіць выбары?

— Дэталёвую працэдуру абрання прыме Сабор. Але я думаю, што ў агульных рысах яна будзе прыкладна такой жа, як і працэдура абрання мітрапаліта Уладзіміра ў 1992 годзе. Тады кожны ўдзельнік Сабора епіскапаў шляхам тайнага галасавання паказаў імёны трох кандыдатаў, якіх ён лічыць годнымі быць Прадстаяцелем. Пасля падліку галасоў былі вызначаны тры кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў. Іх імёны былі ўнесены ў бюлетэнь для другога тура галасавання. І ўжо ў другім туры, таксама шляхам тайнага галасавання, быў абраны мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны.

— Сёння Царква будзе абіраць Прадстаяцеля ў вельмі складанай сітуацыі, фактычна на Украіне ідзе вайна. Ды і палітычная сітуацыя вельмі няпростая. Ці можа ўсё гэта аказаць ўплыў на выбары?

— Абранне мітрапаліта Уладзіміра адбывалася таксама ў вельмі няпростай абстаноўцы. Але архіерэі Украінскай Праваслаўнай Царквы зрабілі мудры і годны выбар. Сёння нават тыя, хто спачатку крытыкаваў мітрапаліта Уладзіміра, прызнаюць, што ён ужо ўвайшоў у гісторыю Украіны як выдатны пастыр і патрыёт. Сёння мы маем за плячыма вялікі вопыт і спадчыну, якую пакінуў нам Блажэннейшы. Мы не павінны забываць, што ў гісторыі дзейнічае прамысленне Божае. Гасподзь не абмінае нас Сваёй апекай. Верым, што і сёння, нягледзячы на ўсе складанасці, Гасподзь умудрыць нас зрабіць правільны выбар.

— Ці існуе небяспека палітычнай зангажаванасці архіерэяў?

— Архіерэі — гэта жывыя людзі, і ў кожнага з іх могуць быць свае палітычныя перавагі. Блажэннейшы мітрапаліт Уладзімір заўсёды падкрэсліваў, што Царквва не навязвае нікому палітычных поглядаў. Царква — гэта не палітычная партыя. Нягледзячы на ўсе адрозненні ў поглядах, мы адзіныя ў Хрысце, мы прычашчаемся з адной Чашы. І гэта адзінства пераадольвае любыя зямныя раздзяленні.

Акрамя таго, зараз ўкраінскі епіскапат адзіны ў імкненні дасягнуць міру для нашай шматпакутнай зямлі. Так што сёння, перад тварам тых выпрабаванняў, якія перажывае Украіна, мы павінны максімальна кансалідавацца, забыўшыся аб сваіх асабістых прыхільнасцях і амбіцыях. Гэта шлях, які завешчаны нам Блаженнейшым мітрапалітам Уладзімірам.

— Сёння Царкве даводзіцца жыць ва ўмовах маштабнай інфармацыйнай вайны. У СМІ пастаянна выкідваецца недакладная, заведама правакацыйная інфармацыя, паклёпы. Як, па-Вашаму, Царква павінна на гэта рэагаваць?

— Я б не драматызаваў сітуацыю. Колькі існуе Царква, столькі існуе і барацьба з ёй, у тым ліку інфармацыйная. Першых хрысціян людская пагалоска вінаваціла ў страшэнных грахах, пра гэта пісалі спецыяльныя трактаты, якія павінны былі апраўдаць жорсткія ганенні супраць хрысціян. Царства Хрыстова не ад гэтага свету, таму гэты свет заўсёды будзе ваяваць з Царквой. Так што ў прынцыпе тут нічога не мяняецца — толькі тэхналогіі.

Як на гэта рэагаваць? Хрыстос быў безгалосы перад Яго абвінаваўцамі. І сёння, калі замест канструктыўнай крытыкі на нас проста льюць бруд, выпускаюць у эфір заказныя матэрыялы, парушаючы пры гэтым усе правілы журналісцкай этыкі, нам не трэба спяшацца адказваць на гэта. Часам лепш прамаўчаць. Хлусня заўсёды становіцца відавочнай, яна сама выкрывае сябе.

— Сёння многіх хвалюе пытанне, як у далейшым будуць будавацца ўзаемаадносіны Украінскай Праваслаўнай Царквы з раскольнікамі? Ці сапраўды  магчыма ў бліжэйшы час аб'яднанне ў адзіную Царкву?

— Свяшчэнны Сінод нашай Царквы у сваім звароце ад 6 ліпеня падкрэсліў, што пераадоленне царкоўнага расколу на Украіне, гэта задача, выкананне якой завяшчаў нам Блажэннейшы мітрапаліт Уладзімір. Блажэннейшы заўсёды падкрэсліваў, што іншага шляху да пераадолення расколу, акрамя дыялогу, проста не існуе. Таму нам неабходна пачаць шчыры і адказны дыялог з тымі, хто сёння знаходзіцца па-за адносінамі з сусветным Праваслаўем. Складана сказаць, колькі спатрэбіцца часу для пераадолення падзелу. Гэта будзе вельмі няпросты працэс. Але мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, для таго, каб праваслаўныя хрысціяне на Украіне былі з'яднаныя.

— А якая афіцыйная пазіцыя Царквы ў адносінах да святароў, якія сёння служаць разам з прадстаўнікамі «кіеўскага патрыярхату»?

— Перш за ўсё, я хачу сказаць, што гэта адзінкавыя выпадкі. Гаворка не ідзе аб нейкай масавай з'яве. Нягледзячы на вельмі складаную сітуацыю ў краіне, ніякага крушэння нашай Царквы, якое прадказвалі некаторыя аналітыкі, не здарылася.

Што тычыцца «кіеўскага патрыярхату», то, як вядома, ён не мае еўхарыстычных зносін з Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі. Таму сёння саслужэнне духавенства нашай Царквы з прадстаўнікамі УПЦ КП з'яўляецца недапушчальным. Тут трэба ясна разумець, што сумеснае служэнне Літургіі — гэта вынік працэсу аб'яднання, а не яго пачатак. Прыступіць да адзінай Чашы мы зможам толькі тады, калі ўсе супярэчнасці, якія раздзяляюць нас, будуць пераадоленыя.

Святары, якія сёння саслужаць з УПЦ КП, парушаюць царкоўныя каноны. Сваімі дзеяннямі яны не набліжаюць пераадоленне расколу, а толькі абцяжарваюць вядзенне дыялогу. Свяшчэннаначалле ў такіх выпадках накладае на клірыкаў часовую забарону на служэнне. Калі ж святар не мяняе сваіх паводзін, то на яго могуць быць накладзеныя і больш сур'ёзныя царкоўныя пакаранні.

— Дзякуем за інтэрв'ю. Будзем верыць, што Гасподзь не пакіне Украіну без Сваёй усемагутнай дапамогі.

— Сёння ўсім нам трэба ўзмоцнена маліцца. Верым, што і Блажэннейшы мітрапаліт Уладзімір зараз стаіць ў малітве за нашу Царкву перад Прастолам Уседзяржыцеля.

Гутарылі Наталля Гарошкава і Дзмітрый Марчанка