Навігатар: /

22 чэрвеня мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме ў Брэсцкай крэпасці [АБНОЎЛЕНА]

22 чэрвеня 2021
22 июня митрополит Минский и Заславский Вениамин, Патриарший Экзарх всея Беларуси, принял участие в памятных мероприятиях, посвященных Дню всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны и 80-й годовщине начала Великой Отечественной войны.

top.jpg

22 чэрвеня мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме ў Брэсцкай крэпасці, прысвечанаму Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і 80-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Да месца правядзення мітынгу — плошчы Цырыманіялаў — прайшло шэсце, у якім удзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса, Царквы, моладзевых і грамадскіх арганізацый, члены ваенна-гістарычных клубаў, салдаты Брэсцкага гарнізона, а таксама шматлікія дэлегацыі і госці з краін СНД, блізкага і далёкага замежжа.

У склад дэлегацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая прыняла ўдзел у мерапрыемстве ўвайшлі таксама архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан; протаіерэй Віталь Ханавец, настаяцель гарнізоннага храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Брэсцкай крэпасці, старшыня аддзела Брэсцкай епархіі па ўзаемадзеянні з узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь.

Мітынг-рэквіем пачаўся на плошчы Цырыманіялаў Брэсцкай крэпасці ў 3:30 раніцы і прадоўжыўся ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй ля Кобрынскага ўмацавання. Да Вечнага агню і некропалю члены дэлегацый усклалі кошыкі кветак і вянкі. Хвілінай маўчання і ружэйным залпам удзельнікі цырымоніі ўшанавалі памяць усіх, хто не вярнуўся з той далёкай вайны. У гонар велічы подзвігу загінуўшых ваяроў у неба былі выпушчаныя белыя шары.

Сёння ж Патрыяршы Экзарх прымае ўдзел у працы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гасподзь нам даруе перамогу», прысвечанай 800-годдзю з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, 755-годдзю ўкняжэння святога дабравернага князя Цімафея Даўмонта, 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны і прамаўлення «Паслання пастырам і пасомым Хрыстовай Праваслаўнай Царквы» месцазахавальніка Патрыяршага прастола мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага Сергія.

У прывітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі Патрыяршы Экзарх нагадаў, што «Пасланне пастырам і пасомым Хрыстовай Праваслаўнай Царквы», прамоўленае месцазахавальнікам Патрыяршага прастола мітрапалітам Маскоўскім і Каломенскім Сергіем (Страгародскім) у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны, стала першым заклікам да народа ўстаць на абарону сваёй Радзімы ад іншаземнага ворага пад сцягам праваслаўнай веры, якая многія стагоддзі падымала народ на абарону Айчыны.

«Гэта вельмі важны духоўны і гістарычны факт. Мы памятаем, што і перамога ў Вялікай Айчыннай вайне была здабытая дзякуючы духоўнаму адраджэнню, мабілізацыі духоўных сіл народа», — адзначыў мітрапаліт Веніямін.

«Вайна мяняе погляд на каштоўнасць жыцця і смерці, — канстатаваў у сваім выступленні Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. — У гэтых умовах адным са спосабаў захавання чалавечай годнасці з'яўляецца зварот да веры, пастулаты якой заклікаюць чалавека выйсці з вузкага круга быцця, убачыць сябе ў перспектыве вечнасці. Вера дапамагае воіну заставацца чалавекам, адчуваць не толькі любоў да ўласнай краіны і людзей, але і велікадушнасць да суперніка. Успрыманне падзей праз прызму духоўнасці дапамагае пераступіць мінулыя крыўды і жыць далей дзеля агульнага дабра».

Фота: Брэсцкая епархія

Church.by/Брэсцкая епархія/БЕЛТА