Навігатар: /

Цыркулярны ліст мітрапаліта Паўла благачынным Мінскай епархіі адносна процідзеяння пагрозе распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі

03 красавіка 2020
Циркулярное письмо митрополита Минского и Заславского Павла, Патриаршего Экзарха всея Беларуси, благочинным Минской епархии от 3 апреля 2020 года.

top.jpgАйцам благачынным Мінскай епархіі

Гэтым паведамляю, што 2 красавіка 2020 года, у сувязі з развіццём неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі, адбылося пазачарговае пашыранае пасяджэнне Епархіяльнай рады Мінскай епархіі, з удзелам ацуоў благачынных Мінскай епархіі і запрошанага эксперта з Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Прымаючы пад увагу паведамленне намесніка міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алены Леанідаўны Богдан аб эпідэміялагічнай абстаноўцы і бягучым становішчы спраў у нашай краіне, Епархіяльнай радай было аднагалосна прынята рашэнне аб тым, што ў цяперашні час няма падстаў для закрыцця храмаў і спынення грамадскіх богаслужэнняў.

У той жа час Епархіяльная рада зноў нагадвае, што пры наведванні храмаў, як для ўдзелу ў грамадскіх богаслужэннях, так і для прыватнай малітвы, духавенству, манахам і міранам неабходна строга прытрымлівацца санітарных норм, рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, накіраваных на ахаванне веруючых людзей ад эпідэміі, не парушаючы пры гэтым вернасці Свяшчэннаму Пісанню, Паданню і традыцыі Праваслаўнай Царквы.

У дачыненні да парадку прычашчэння Святых Хрыстовых Тайн

1. Пры здзяйсненні прычашчэння ў храмах і манастырах Мінскай епархіі прытрымлівацца інструкцыі, зацверджанай Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ад 17 сакавіка 2020 года, у залежнасці ад сітуацыі з захворваннем на месцах.

2. Не абціраць хустай вуснаў вернікаў пасля прычашчэння.

3. Перад прычашчэннем абвяшчаць вернікам аб тым, што пасля прычашчэння варта ўстрымацца ад цалавання краю Святой Чашы.

4. Запіўку пасля прычашчэння даваць выключна ў аднаразовым посудзе альбо зусім выключыць яе па прыкладзе іншых Памесных Праваслаўных Цэркваў, прапаноўваючы прыняць антыдор або часцінку святой прасфоры.

У дачыненні да здзяйснення алеепамазання за ўсяночным трываннем і поліелейнымі службамі ў выпадку ўвядзення агульнага каранціну

Памазаньне алеем здзяйсняць толькі ў дні двунадзясятых і вялікіх свят, напярэдадні якіх здзяйсняецца ўсяночнае трыванне з ліціёй.

За трывальнымі службамі напярэдадні нядзельных дзён і на поліелейных службах памазанне замяніць агульным благаслаўленнем народа ў храме.

У дачыненні да здзяйснення таінстваў Хрышчэння, Мірапамазання і Алееасвячэння

Кіравацца інструкцыяй, зацверджанай Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ад 17 сакавіка 2020 года.

Агульныя прафілактычныя меры пры ўдзеле вернікаў у грамадскіх богаслужэннях

1. Заклікаць веруючых людзей уважліва ставіцца да ўласнага стану здароўя і здароўя сваіх блізкіх, няўхільна выконваючы ўсе рэкамендаваныя Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прафілактычныя меры.

2. Пры наяўнасці ў сябе або бліжэйшых сваякоў прыкмет сезонных вірусных захворванняў (падвышаная тэмпература цела, насмарк, боль у горле, цяжкасці з дыханнем і інш.) устрымацца ад наведвання храма і грамадскіх набажэнстваў, неадкладна звярнуцца да ўрачоў і паведаміць аб сваім стане здароўя.

3. Строга выконваць раней прадпісаныя меры па выкананні ў храмах і манастырах неабходных санітарных норм і дэзінфекцыі.

Удары ў звон і саборная малітва пра збаўленне ад эпідэміі

1. Штодня, пачынаючы з 4 красавіка 2020 года і аж да завяршэння эпідэміі, ва ўсіх храмах і манастырах Мінскай епархіі здзяйсняць звон па наступным распарадку дня: у 9:00, 12:00, 15:00 і 18:00 здзяйсняць 12 удараў у вялікі звон, пасля якіх на працягу 10 хвілін ажыццяўляць перазвон ва ўсе званы.

2. Заклікаць усіх вернікаў Мінскай епархіі падчас гучання званоў узносіць малітвы аб дараванні людзям ласкі Божай і аб як мага больш хуткім спыненні смяротнай пошасці.

3. Распаўсюдзіць сярод духавенства і паствы тэксты зацверджаных Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам асаблівых прашэнняў на екценні і малітвы падчас распаўсюджвання шкоднаснай пошасці для штодзённай хатняй малітвы.

4. Узносіць малітвы аб дараванні дапамогі Божай, моцы духу, здароўя і цялесных сіл урачам і ўсім працаўнікам медыцынскіх устаноў, чыімі намаганнямі сёння робіцца ўсе магчымае для прадухілення распаўсюджвання хваробы і хутчэйшага завяршэння эпідэміі.

5. У пропаведзях тлумачыць людзям, што ўсе скрухі і хваробы, якія сёння адбываюцца ў нашым жыцці, нагадваюць нам аб падобных гістарычных падзеях у Старым і Новым Запавеце і звязаныя яны з грахоўным жыццём чалавека. Заклікаць людзей да пакаяння і выпраўлення свайго заганнага жыцця.

Таксама ў бліжэйшы час спецыяльнай рабочай групай, створанай рашэннем Епархіяльнай рады Мінскай епархіі ад 2 красавіка 2020 года, будуць распрацаваны і даведзены да вашага ведама інструкцыі аб парадку прычашчэння Святых Тайн хворых, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў медыцынскіх установах, што працуюць ва ўмовах каранціну.

Ва ўсіх іншых пытаннях, не агавораных у гэтым лісце, духавенству, манахам і міранам Мінскай епархіі належыць кіравацца інструкцыяй, зацверджанай Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ад 17 сакавіка 2020 года, з улікам сітуацыі з захворваннем на месцах.

З благаславеннем і любоўю ў Хрысце

+ Павел,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Church.by