Навігатар: /

Мітрапаліт Веніямін: Аднаўленне Тураўскага крыжа — гэта сімвал вяртання духоўнасці нашаму грамадству

24 верасня 2020
Воссозданию воздвизального креста Туровской епархии XII-XIII веков была посвящена пресс-конференция в столичном Доме прессы, которая прошла 23 сентября. С журналистами встретились митрополит Минский и Заславский Вениамин, Патриарший Экзарх всея Беларуси, и непосредственные участники возрождения святыни.

top.jpgАднаўленню ўздзвізальнага крыжа Тураўскай епархіі XII-XIII стагоддзяў была прысвечана прэс-канферэнцыя ў сталічным Доме прэсы, якая прайшла 23 верасня. З журналістамі сустрэліся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і непасрэдныя ўдзельнікі адраджэння святыні.

Патрыяршы Экзарх, у прыватнасці, нагадаў, што пачатак адраджэнню Тураўскага крыжа быў пакладзены ў 1962 годзе працаю вядомага беларускага археолага Пятра Лысенкі (16.09.1931 — 23.03.2020).

— Размаўляючы з ім падчас асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў», быў сведкам таго, з якім натхненнем Пётр Фёдаравіч расказваў аб сваіх знаходках, — падзяліўся мітрапаліт Веніямін.

Архіпастыр падкрэсліў, што аднаўленне Тураўскага крыжа напярэдадні свята Крыжаўздзвіжання — гэта знакавы момант, на які неабходна звярнуць увагу. Гэта не толькі сімвал пераемнасці пакаленняў, але і сапраўдная праява таямнічай сувязі сучаснасці з эпохай прыняцця хрысціянства нашымі продкамі. Праз гэта пракладваецца і шлях да будучыні: мы адраджаем святыні, каб затым пакінуць іх нашым нашчадкам.

Па словах уладыкі, будзе прадстаўлена цэлая праграма мерапрыемстваў, накіраваных на ўваходжанне Тураўскага крыжа ў шырокае культурнае, царкоўнае і грамадскае жыццё.

Андрэй Жышкевіч, старшыня праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», адзначыў:

— Банк развіцця з'яўляецца базавым дзяржаўным інстытутам, закліканым аказваць садзейнічанне развіццю краіны ва ўсіх сферах. Натуральна, асноўны наш мандат — у эканамічным, фінансавым кірунку. Тым не менш, у апошнія гады агульнапрынятым з'яўляецца разуменне, што для чалавека важна не толькі эканамічнае вымярэнне, але і так званае ўстойлівае развіццё, якое праяўляецца, на прыклад, у сферы аховы здароўя, камфортнай сферы пражывання, культурна-сацыяльным кірунку. З 2015 года Банк развіцця сфарміраваў і кожны год рэалізуе праграму «Культурная спадчына Беларусі», якая ўяўляе сабой штогадовы выпуск альбомаў, прысвечаных вялікім людзям, матэрыяльным і нематэрыяльным з'явам беларускай культурнай спадчыны. У гэтым жа шэрагу меўся праект аднаўлення Тураўскага крыжа, які з'яўляецца адным з сімвалічных, найважнейшых для гісторыі Беларусі аб'ектаў.

Было адзначана, што немалую ролю для праекта адыграў экс-прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, які, узначальваючы Банк развіцця, стаў не толькі мецэнатам, але і асабіста ўцягнутым у аднаўленне Тураўскага крыжа чалавекам.

— Цяпер Беларусі сапраўды патрэбныя сімвалы аб'яднання, якія павінны дапамагчы пераадолець раскол на правых і няправых, пераадолець гвалт і агрэсіўнае непрыманне альтэрнатыўнага пункту гледжання. Я шчыра веру і яшчэ ўдвая буду рады, калі Тураўскі крыж, які вяртаецца Беларусі, дапаможа нам вярнуць заспакаенне, захаваць мірнае развіццё краіны, — сказаў старшыня праўлення Банка развіцця.

— Аднаўленне такіх святынь, як Тураўскі крыж, паказвае, наколькі важныя гісторыя, рэлігія, культура: гэта тое, што нас усіх аб'ядноўвае, — адзначыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза.

Па словах прадстаўніка НАН, «Так складваецца гісторыя ў нашай краіне, што роля асобы велізарная. Пётр Лысенка — лаўрэат Дзяржпрэміі. Яго ведаюць ва ўсім свеце. Турысты, якія прыязджаюць у Брэсцкую крэпасць, нават не здагадваюцца, што археалагічны музей «Бярэсце» — гэта плён прац Лысенкі. Або падмурак храма ў Тураве, які пасля раскопак мог так і застацца ў зямлі, але намаганнямі Пятра Фёдаравіча турысты, прыязджаючы ў нашу краіну, могуць яго бачыць. І трэцяя заслуга Лысенкі — гэта тыя самыя знаходкі, з якіх пачалося аднаўленне Тураўскага крыжа. Таксама важная роля людзей, якія падтрымалі Пятра Фёдаравіча — гэта Сяргей Румас, мітрапаліт Павел, мітрапаліт Веніямін. І тым людзям, якія зразумелі, што гісторыка-культурную спадчыну варта развіваць і папулярызаваць — ім вялікі дзякуй».

Таксама Вадзім Лакіза выказаў падзяку за тое, што адзін з двух асобнікаў адноўленага Тураўскага крыжа будзе перададзены НАН Беларусі.

Марыя Нецвятаева, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па царкоўнаму мастацтву, архітэктуры і рэстаўрацыі, распавяла:

— Праца над узнаўленнем Тураўскага крыжа пачалася прыкладна 3 гады таму назад, калі мітрапаліт Павел благаславіў мяне ўзначаліць гэты праект. Аднаўленне ішло даволі нялёгка. Асаблівасць сярэднявечнага мыслення ў тым, што чалавек, ствараючы нешта, закладваў у ствараемы прадмет разнастайнасць сэнсаў. Калі для нас арнамент — гэта толькі форма, то для сярэднявечнага чалавека — гэта фенаменальны культурны код. Таму ні адзін элемент Тураўскага крыжа не мог стаць элементам простага ўпрыгожвальніцтва: ён павінен быў захоўваць той багаслоўскі складнік, які быў у XII стагоддзі, гістарычны кантэкст.

Паколькі крыж Еўфрасінні Полацкай і Тураўскі крыж належаць да адной катэгорыі ўздзвізальных крыжоў, удзельнікі праекта дапусцілі, што яны павінны мець агульныя рысы. На адным баку крыжа Еўфрасінні Полацкай знаходзяцца выявы святых заступнікаў сям'і прападобнай Еўфрасінні: бацькі (велікамучаніка Георгія), маці (мучаніцы Сафіі) і яе самой (прападобнай Еўфрасінні Александрыйскай). Таму на Тураўскім крыжы захавана аналогія: там выяўлены святыя, звязаныя з Тураўскай зямлёй — свяціцель Кірыл Тураўскі, дабраверны князь Андрэй Багалюбскі, велікамучаніца Варвара. Справа ў тым, што Андрэй Багалюбскі быў непрацяглы час князем у Тураве. Шанаванне ж святой Варвары звязвае Тураў і Кіеў: паводле падання, нявеста Тураўскага князя Святаполка II (Міхаіла) Ізяславіча Варвара Камніна, выходзячы за яго замуж, вывезла мошчы велікамучаніцы Варвары з Візантыі на Русь.

— Вельмі ганаруся дачыненнем да ўзнаўлення Тураўскага крыжа. Складана назваць сябе адзіным аўтарам, у такой працы здаецца, што тваёй рукой вадзіла нейкая вышэйшая сіла — сказала аўтар эскіза Тураўскага крыжа Алена Андрушчанка, патлумачыўшы, што натхнялася Тураўскім Евангеллем, крыжам Еўфрасінні Полацкай, а таксама візантыйскім мастацтвам.

— Маёй задачай было зрабіць выраб «таго часу», у першапачатковай сярэднявечнай тэхніцы. Па-мойму, атрымалася, — адзначыў ювелір Алег Ермаловіч.

Мітрапаліт Веніямін паведаміў, што ў Тураўскі крыж будзе ўстаўлена часцінка Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Прэзентацыя крыжа адбудзецца 26 верасня ў 16.00 у храме свяціцеля Кірыла Тураўскага пры Мінскай духоўнай акадэміі. Затым крыж будзе за ўсяночным трываннем у Свята-Духавым кафедральным саборы выкарыстоўвацца ў чыне «ўздзвіжанння». Пачатак богаслужэння а 18:00.

Пасля богаслужэння крыж некаторы час будзе захоўвацца ў Мінску, пасля чаго святыню даставяць у Тураўскую епархію. Дата перанясення пакуль не вызначана. Другі экзэмпляр Тураўскага крыжа будзе знаходзіцца ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Church.by