Навігатар: /

Зварот Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 11 верасня 2018 года

11 верасня 2018
Синод Белорусской Православной Церкви постановил единогласно и единодушно поддержать позицию Святейшего Патриарха Московского и всея Руси Кирилла и Священного Синода Русской Православной Церкви в связи с назначением двух иерархов Константинопольского Патриархата «экзархами» Константинопольского Патриархата в город Киев.

top.jpg

У сувязі з праяўленым антыкананічным умяшаннем Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея ва ўнутраныя справы Рускай Праваслаўнай Царквы.

СІНОД БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ ПАСТАНАВІЎ:

1. Аднагалосна і аднадушна падтрымаць пазіцыю Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, выказаную ў афіцыйнай заяве ад 8 верасня 2018 года, у сувязі з прызначэннем двух іерархаў Канстанцінопальскага Патрыярхату — архіепіскапа Памфілійскага Данііла і епіскапа Эдмантанскага Іларыёна — «экзархамі» Канстанцінопальскага Патрыярхату ў горад Кіеў.

2. Выказаць пратэст супраць дзеяння Канстанцінопальскага Патрыярхату, паколькі яно ўяўляе сабой агрэсіўнае ўмяшанне адной Памеснай Царквы ва ўнутраныя справы іншай Памеснай Царквы, накіраванае на падрыў асноў міжправаслаўнага міру і адзінства.

3. Заклікаць духавенства і паству Беларускага Экзархату ўзносіць асаблівыя малітвы да Госпада аб больш хуткім вылячэнні і пераадоленні сітуацыі, якая склалася, аб настаўленні і пакаянні тых, хто правакуе царкоўныя неўладкаванні і расколы, а таксама аб добрым стане Украінскай Праваслаўнай Царквы і ўмацаванні міру на зямлі Украіны.

4. Выказаць усебаковую падтрымку Блажэннейшаму мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Украіны Ануфрыю — кананічнаму Прадстаяцеля Украінскай Праваслаўнай Царквы, архіпастырам, духавенству і набожным міранам, дзецям Украінскай Праваслаўнай Царквы.

5. Сведчыць аб непарыўным духоўным адзінстве праваслаўных хрысціян брацкіх народаў Беларусі, Расіі і Украіны, дзяцей Рускай Праваслаўнай Царквы, якая ахоплівае сваёй апекай гістарычную Русь, духоўна народжаную ў Кіеўскай хрышчальнай купелі.

6. Выказаць надзею на дапамогу Божую ў мірным урэгуляванні няпростай сітуацыі, якая склалася, каб захавалася адзінства сусветнага Праваслаўя.

Даведка:

У красавіку 2018 года Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да Свяцейшага Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай аб прадастаўленні Томаса аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Украіне. Зварот кіраўніка дзяржавы быў падтрыманы Вярхоўнай Радай Украіны, а таксама іерархамі няпрызнаных «Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату» і «Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы». 22 красавіка зварот быў афіцыйна прыняты да разгляду Свяшчэнным Сінодам Усяленскага Патрыярхату.

Разам з тым, кананічная Украінская Праваслаўная Царква на чале з Блажэннейшым мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем не вылучала ніякіх ініцыятыў адносна даравання ёй аўтакефаліі. У звароце да епіскапату, духавенства, манахаў і міран, прынятым 25 мая, Сінод Украінскай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў: «Аўтакефальны статус мае выключна тэхнічны царкоўны характар, які заключаецца ў садзейнічанні пропаведзі Евангелля на тэрыторыі асобнай дзяржавы, і не можа быць інструментам у геапалітычнай барацьбе. Разам з тым, аўтакефальны статус прадастаўляецца ўсёй Царкве ў межах пэўнай тэрыторыі. У сувязі з гэтым неабходна ўсведамляць, што з'яўленне іншай паралельнай юрысдыкцыі ва Украіне можа спарадзіць новыя супрацьстаянні ўнутры нашага народа, што не толькі будзе пагражаць бяспецы дзяржавы, але і паставіць пад пытанне магчымасць будучага адзінства Царквы ва Украіне. Наш народ можа быць падзелены надоўга, калі не назаўсёды».

У далейшым з боку Канстанцінопальскага Патрыярхату мелі месца выказванні пра намер у аднабаковым парадку даць аўтакефалію Праваслаўнай Царкве ва Украіне. У Пасланні Патрыярха Варфаламея з нагоды 1030-годдзя Хрышчэння Русі, у прыватнасці, гаворыцца, што Канстанцінопальская Царква «ўзяла на сябе ініцыятыву аднавіць адзінства праваслаўных вернікаў Украіны з канчатковай мэтай дараваць Украінскай Царкве аўтакефалію». 1 ліпеня ў пропаведзі за памінальным набажэнствам з нагоды саракавога дня спачыну мітрапаліта Пяргійскага Евангеласа (Галаніса) Патрыярх Варфаламей выказаў прэтэнзіі на землі гістарычнай Кіеўскай мітраполіі, заявіўшы: «Канстанцінопаль ніколі не выдаваў дазволу перадаваць тэрыторыі Украіны каму-небудзь, акрамя права хіратоніі Кіеўскага мітрапаліта ў Маскве на ўмовах яго абрання саборна ў Кіеве на мясцовым Саборы і пры безумоўным памінанні Усяленскага Патрыярха».

7 верасня было апублікавана камюніке Генеральнага сакратарыята Свяшчэннага Сінода Канстанцінопальскага Патрыярхату, у якім паведамлялася аб прызначэнні двух іерархаў Канстынцінопальскай Царквы — архіепіскапа Памфілійскага Данііла (ЗША) і епіскапа Эдмантанскага Іларыёна (Канада) — «экзархамі» Канстанцінопальскага Патрыярхату ў Кіеве.

Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы выказаў рашучы пратэст супраць дадзеных дзеянняў Канстанцінопальскага Патрыярхату. «Дадзенае рашэнне прынята без узгаднення з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем і з'яўляецца найгрубейшым зневажаннем царкоўных канонаў, якія забараняюць епіскапам адной Памеснай Царквы ўмешвацца ва ўнутранае жыццё і справы іншай Памеснай Царквы (2-е правіла II Усяленскага сабора; 20-е правіла Трульскага сабора; 13-е правіла Антыяхійскага сабора; 3-е, 11-е і 12-е правілы Сардыкійскага сабора)», - падкрэсліваецца ў заяве Свяшчэннага Сінода ад 8 верасня. 

Church.by