Навігатар: /

Патрыяршы Экзарх узначаліў цырымонію адкрыцця міжнароднага Велікоднага фестывалю «Радасць»

23 сакавіка 2018
22 марта во Дворце искусства города Минска состоялось торжественное открытие международного Пасхального фестиваля «Радость», организованного Елисаветинским женским монастырем города Минска.

top.jpg

22 сакавіка 2018 года ў Палацы мастацтва горада Мінска адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднага Велікоднага фестывалю «Радасць», арганізаванага Лізавецінскім жаночым манастыром горада Мінска.

Узначаліў цырымонію адкрыцця фестывалю мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Уладыка Экзарх здзейсніў малебен на пачатак добрай справы і звярнуўся да арганізатараў, удзельнікаў і гасцей фестывалю з прывітальным словам. Мітрапаліт Павел выказаў сардэчную падзяку Лізавецінскай абіцелі за актыўную і плённую працу ў справе сацыяльнага служэння, дабрачыннасці, рэабілітацыі былых зняволеных, алкаголікаў, наркаманаў, дапамогі людзям, што жывуць у нястачы. Архіпастыр падкрэсліў, што сапраўднай крыніцай радасці з'яўляюцца добрыя справы, і заклікаў усіх жыццё сваё праводзіць так, каб ніводны дзень не праходзіў без здзяйснення добрых спраў.

Адбыліся канцэрт і тэатралізаваная прэзентацыя фестывалю «Радасць» з удзелам дзіцячых калектываў нядзельнай школы Лізавецінскага манастыра, а таксама народнай харавой капэлы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі пераможцам фотаконкурсу «Імгненні радасці», які праходзіў з 7 па 18 сакавіка. Конкурс праходзіў у двух намінацыях: «Прырода» і «Чалавек». Усяго на яго паступіла больш за 1000 работ. Сярод пераможцаў конкурсу — прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Германіі.

***

Міжнародны Велікодны фестываль «Радасць» праходзіць з 22 сакавіка па 1 красавіка ў сталічным Палацы мастацтваў (вул. Казлова 3) па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Фестываль аб'ядноўвае духоўную, культурную, дзіцячую і дабрачынную праграмы, а таксама велікодную выставу-кірмаш падарункаў, на якой будуць прадстаўлены вырабы манастыроў і храмаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Сербіі, Чарнагорыі.

Назву мерапрыемства адлюстроўвае яго мэта — падзяліцца з гасцямі радасцю, якая мае мноства граняў. Гэта радасць стасункаў, душэўнага адпачынку, гармоніі, дзіцячая радасць. Але самае важнае — гэта ціхая радасць падрыхтоўкі да галоўнага свята для праваслаўнага чалавека, да Пасхі Хрыстовай.

Гасцей фестывалю чакаюць займальная праграма для дзяцей, творчыя пляцоўкі майстар-класаў, вячэрнія канцэрты і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Будзе арганізавана фотагалерэя, пройдзе акцыя «Расфарбуем велікоднае яйка» і традыцыйная дабрачынная акцыя. Атмасферу свята дапамогуць стварыць сустрэчы з творчымі людзьмі, выступленні музыкаў і спектаклі.

Фестываль напоўніць радасцю і самыя юныя сэрцы. У дзіцячай гасцёўні маленькія наведвальнікі мерапрыемства змогуць паслухаць казкі, паглядзець займальныя спектаклі і зрабіць падарункі для блізкіх сваімі рукамі.

Міжнародны велікодны фестываль — гэта магчымасць пакінуць у баку паўсядзённую мітусню і клопаты, здабыць душэўны спакой і з любоўю ўпусціць у сваё сэрца вясну. З дапамогай творчасці фестываль раскрые сэнс пасхальнай радасці і дапаможа падрыхтавацца да святкавання Светлага Хрыстовага Уваскрасення.

Падрабязная праграма фестывалю «Радасць» даступная на сайце obitel-minsk.by.

Church.by