Навігатар: Публікацыі /

Патрыяршы Экзарх усклаў вянок да манумента Перамогі ў горадзе Мінску

09 мая 2019

top.jpg

9 мая 2019 года на Плошчы Перамогі ў горадзе Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання вянкоў да манумента Перамогі. Цырымонію ўзначаліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, усклаў вянок да падножжа манумента ад Беларускай Праваслаўнай Царквы. Уладыку Экзарха суправаджалі: епіскап Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі, і протаіерэй Андрэй Волкаў, сакратар Мінскай епархіі.

Былі таксама ўскладзены вянкі і кветкі ад рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага сходу Беларусі, судоў, Савета Бяспекі і Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, моладзевых і грамадскіх аб'яднанняў, Выканаўчага камітэта СНД, прадстаўнікоў замежнага дыпламатычнага корпуса.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў суайчыннікаў, ветэранаў і замежных гасцей са святам. «Вялікая Перамога — безумоўны трыумф жыцця над смерцю. І будучыя пакаленні павінны ведаць, якую цану заплаціў наш народ за свабоду. У імя дабра, міру і справядлівасці. Каб падобнае ніколі не паўтарылася», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Удзельнікі і госці ўрачыстай цырымоніі ўшанавалі памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне хвілінай маўчання. Урачыстым маршам перад удзельнікамі мерапрыемства прайшла зводная рота і аркестр ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры. Затым на Плошчы Перамогі адбылося святочнае тэатралізаванае прадстаўленне.

Фота: Мікалай Пятроў, БелТА

Church.by