Навігатар: Публікацыі /

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прысутнічаў на цырымоніі ўручэння прэміі Міжнароднага грамадскага фонду адзінства праваслаўных народаў Блажэннейшаму Патрыярху Іерусалімскаму Феафілу

22 лістапада 2019

top.jpg

21 лістапада 2019 года ў Зале царкоўных сабораў кафедральнага саборнага Храма Хрыста Спасіцеля ў Маскве Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл узначаліў XIX штогадовую цырымонію ўручэння прэмій імя Свяцейшага Патрыярха Аляксія II Міжнароднага грамадскага фонду адзінства праваслаўных народаў «За выдатную дзейнасць па ўмацаванню адзінства праваслаўных народаў. За зацвярджэнне і прасоўванне хрысціянскіх каштоўнасцяў у жыцці грамадства» за 2018 год. Папярэдняя цырымонія ўручэння прэміі за 2017 год адбылася ў маі мінулага года.

Лаўрэатам прэміі за 2018 год стаў Блажэннейшы Патрыярх Святога горада Іерусаліма і ўсёй Палесціны Феафіл III.

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі: Патрыяршы намеснік Маскоўскай епархіі мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій, мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір, кіраўнік Мітрапалічай акругі ў Рэспубліцы Казахстан мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр, мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі мітрапаліт Васкрасенскі Дыянісій, іерархі Рускай Праваслаўнай Царквы, якія прыбылі ў Маскву на ўрачыстасці з нагоды 50-годдзя манаскага пострыгу і рукапалажэння ў свяшчэнны сан Свяцейшага Патрыярха Кірыла.

Таксама цырымонію наведалі прадстаўнік Патрыярха Антыяхійскага і ўсяго Усходу пры Патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі мітрапаліт Філіпопальскі Ніфан, епіскап Бачскі Ірыней (Сербская Праваслаўная Царква), епіскап Маравіцкі Антоній (Сербская Праваслаўная Царква), архімандрыт Серафім (Шамятоўскі) (Праваслаўная Царква Чэшскіх зямель і Славакіі), палітычныя і грамадскія дзеячы.

Мерапрыемства пачалося з малітвы «Цару Нябесны» і дэманстрацыі дакументальнага фільма, прысвечанага асноўным вехам і падзеям у гісторыі Міжнароднага фонду адзінства праваслаўных народаў.

Прэзідэнт Фонду В. А. Аляксееў прамовіў уступнае слова і запрасіў Свяцейшага Патрыярха Кірыла адкрыць цырымонію ўзнагароджання.

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, у якім адзначыў, што сёння, «калі стыхіі гэтага свету спрабуюць разбурыць адзінства Святога Праваслаўя, асаблівае значэнне набывае Іерусалімская Царква, якая з'яўляецца агульнай Маці ўсіх Цэркваў».

Па словах Яго Свяцейшасці, Блажэннейшага Патрыярха Іерусалімскага Феафіла III «адрознівае непахісная цвёрдасць у трыманні кананічнага парадку, пастырская мудрасць і разважлівасць, якія набылі яму шчырую павагу і сапраўдны аўтарытэт ва ўсім праваслаўным свеце».

Пасля абвяшчэння аб прысуджэнні прэміі Блажэннейшаму Патрыярху Феафілу была прадстаўлена біяграфія яго Блажэнства, праілюстраваная відэаматэрыяламі.

На сцэну быў запрошаны Прадстаяцель Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы. Свяцейшы Патрыярх Кірыл і В. А. Аляксееў уручылі Блажэннейшаму Патрыярху Феафілу памятны знак і дыплом прэміі. Прагучала «Мнагалецце» ў выкананні зводнага хору і аркестра.

Прадстаяцель Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі са словам.

 

Патрыярх Святога горада Іерусаліма і ўсёй Палесціны ў сваёй прамове выказаў «глыбокую занепакоенасць цяперашнімі цяжкасцямі, якія азмрочваць жыццё Царквы, і пагрозамі, што навіслі над намі з-за нашых сумных падзелаў».

 

Блажэннейшы Уладыка запрасіў Прадстаяцеляў Праваслаўных Цэркваў на «братэрскую сустрэчу ў любові», каб «абмеркаваць пытанне захавання нашага адзінства ў еўхарыстычных зносінах». Патрыярх Феафіл прапанаваў правесці гэтую сустрэчу ў Амане, сталіцы Каралеўства Іарданіі. Гэтая краіна з'яўляецца кананічнай тэрыторыяй Іерусалімскага Патрыярхату.

 

«Мы акажам гасціннасць асвячонаму сходу ў сталіцы Іарданскага Хашыміцкага Каралеўства, добра ведаючы, якую ролю адыгрывае Яго Вялікасць кароль Абдала II як захавальнік хрысціянскіх і мусульманскіх святых месцаў у Святой Зямлі, і якія намаганні прадпрымае Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства для забеспячэння такога становішча, пры якім Іарданія застаецца краінай, дзе хрысціяне бесперашкодна здзяйсняюць свае малітвы і дзе рады ўсім», — заявіў Прадстаяцель Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы.

 

«Ваша Свяцейшасць, дарагі ў Хрысце брат Патрыярх Кірыл! Мы прымаем гэтую прэстыжную ўзнагароду, якая з'яўляецца сімвалам адзінства праваслаўнага свету, у спадзяванні на тое, што гэтае адзінства будзе жыць ва ўсіх нас, што служаць «у вінаградніку Госпада нашага», і што мы захаваем агульную Чашу ў адзінстве і братэрскай любові ў Хрысце», — сказаў на заканчэнне Блажэннейшы Патрыярх Феафіл.

 

Затым адбыўся канцэрт з удзелам расійскіх выканаўцаў і калектываў, праграма якога ўключала творы духоўнай, народнай і класічнай музыкі.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by