Навігатар: /

Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь абмеркавалі выкананне Праграмы супрацоўніцтва

10 лістапада 2017
В заседании Координационного совета, посвященного взаимодействию учреждений образования Витебской области с епархиальными структурами, приняли участие: митрополит Минский и Заславский Павел, Патриарший Экзарх всея Беларуси, и Министр образования Республики Беларусь Игорь Васильевич Карпенко.

top.jpg

9 лістапада 2017 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай горада Полацка» адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой на тэму: «Аб узаемадзеянні ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці з епархіяльнымі структурамі па выкананню Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гады».

Удзел у пасяджэнні прынялі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка; архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый; архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Леанідавіч Хама; прадстаўнікі рэгіянальнай і мясцовай улады, дзяржаўных устаноў адукацыі Беларусі, а таксама святары, якія нясуць послух у сферы духоўнай адукацыі, выхавання і асветы.

Адкрыў і вёў пасяджэнне Каардынацыйнага савета Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка. У прывітальным слове кіраўнік адукацыйнага ведамства павіншаваў усіх са знамянальнымі датамі — 1155-годдзем горада Полацка і 1025-годдзем Полацкай епархіі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся мітрапаліт Павел. Ён, у прыватнасці, нагадаў аб тым, што 100 гадоў таму адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая абярнулася для нашага народа братазабойчай грамадзянскай вайной і падрывам векавога традыцыйнага ўкладу народнага жыцця. «Нашаму пакаленню даецца магчымасць атрымаць урокі з падзей стогадовай даўніны і паразважаць аб іх наступствах для таго, каб не паўтарыць страшных памылак у будучыні. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб у сэрцах будучых пакаленняў ніколі не згасалі Богам дадзеныя і традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці, якія з'яўляюцца цвёрдай асновай грамадзянскага міру і згоды ў нашым грамадстве», — падкрэсліў архіпастыр.

Па словах Патрыяршага Экзарха, «маладых людзей з самага ранняга ўзросту варта вучыць сапраўднай хрысціянскай любві, дабру і стваральнай працы. У гэтай галіне мы бачым адну з асноўных задач суработніцтва Дзяржавы і Царквы ў сферы адукацыі. Разам мы пакліканы прывіваць дзецям і моладзі высокія ідэалы патрыятызму, любві да Айчыны, бацькоў і навакольных людзей, справядлівасці, міласэрнасці, спагады, гонару, абавязку і адказнасці».

Мітрапаліт Павел выказаў глыбокую павагу беларускім педагогам і заклікаў благаславенне Божае на ўсіх удзельнікаў пасяджэння Каардынацыйнага савета.

Начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хама выступіў з дакладам «Аб узаемадзеянні ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці з епархіяльнымі структурамі па выкананню Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гады».

Аб вывучэнні духоўнай спадчыны Праваслаўя ў культуры беларускага народа як найважнейшага складніка духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на прыкладзе Віцебскай епархіі распавёў архіепіскап Дзімітрый, а на прыкладзе Полацкай — архіепіскап Феадосій. Кароткі аглядны даклад аб сапрацоўніцтве Царквы і школы ў рэгіёнах Беларусі прадставіў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін.

Аб праваслаўным краязнаўстве як крыніцы духоўна-маральнага выхавання моладзі распавяла Аляксандра Яўгенаўна Кравец, загадчык аддзела краязнаўства і выхавання ўстановы адукацыі «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства».

Дырэктар установы адукацыі «Полацкая дзяржаўная гімназія № 1» Святлана Міхайлаўна Валюшкіна прадставіла даклад аб арганізацыі духоўна-асветніцкай работы з навучэнцамі школ горада Полацка.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Анжэла Віктараўна Валасевіч выступіла з дакладам на тэму фарміравання маральных якасцяў асобы ў выхаванцаў прытулку і цэнтра карэкцыйнага развіцця праз далучэнне да праваслаўных і культурных традыцый беларускага народа.

Вопытам работы праваслаўнага прыходу з дзецьмі і моладдзю падзяліўся протаіерэй Яўген Ліхота, настаяцель Ражджэственскага храма горада Брэста, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Брэсцкай епархіі.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай горада Полацка» Ірына Валер'еўна Недакунева распавяла аб узаемадзеянні школы з Полацкай епархіяй.

Настаяцель Георгіеўскага храма горада Віцебска протаіерэй Мікалай Каляда правёў прэзентацыю работы аздараўленчага лагера «Дружба», дзейнасць якога грунтуецца на праваслаўных традыцыях.

На пасяджэнні абмяркоўваліся магчымыя меры па развіццю ўзаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства адукацыі. Так, прагучалі прапановы надаваць больш увагі духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама арганізаваць школьныя факультатывы па падрыхтоўцы да сямейнага жыцця.

Протаіерэй Павел Сярдзюк, старшыня Сінадальнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, прадставіў прэзентацыю праекта «Сакрэты сямейнага шчасця», распрацаванага цэнтрам падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля».

Для гасцей адбылася экскурсія па сярэдняй школе № 18 імя Еўфрасінні Полацкай. Удзельнікі пасяджэння Каардынацыйнага савета азнаёміліся з дзейнасцю духоўна-асветніцкага цэнтра школы, фотавыставай, экспазіцыяй «Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры», выставамі метадычных матэрыялаў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

У завяршэнне адбыўся канцэрт дзіцячых калектываў устаноў адукацыі Полацкага раёна.

Church.by