Прадстаўнікі Барысаўскай епархіі прынялі ўдзел у велапрабегу па месцах баявой славы
23 жніўня 2019 Более 100 человек приняли участие в районном велосипедном пробеге, посвященном 75-летию освобождения города Борисова от немецко-фашистских захватчиков и 95-летию образования Борисовского района.
Больш за 100 чалавек прынялі ўдзел у раённым веласіпедным прабегу, прысвечаным 75-годдзю вызвалення горада Барысава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 95-годдзю ўтварэння Барысаўскага раёна.
Удзельнікам трэба было пераадолець маршрут амаль у 75 кіламетраў. Адлегласць немалая, таму сабраліся сапраўдныя смельчакі: былі і спартсмены, і проста аматары.
Праасвяшчэнны Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі, звярнуўся да ўдзельнікаў з прывітальным словам і благаславіў іх на велапрабег.
Ад Барысаўскай епархіі ў акцыі бралі ўдзел 21 чалавек: клірык храма дабравернага князя Дзімітрыя Данскога горада Барысава протаіерэй Андрэй Шабалоўскі, ключнік кафедральнага сабора Уваскрасення Хрыстовага горада Барысава протаіерэй Павел Яцуковіч, клірык кафедральнага сабора Уваскрасення Хрыстовага дыякан Віктар Бардзіян, а таксама прыхаджане кафедральнага сабора Уваскрасення Хрыстовага, храма Ражджаства Хрыстовага, храма Святой Жыццепачатнай Тройцы, храма святога Дзімітрыя Данскога.
Заезд узначаліў старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Навіцкі.
Ён адзначыў, што падобныя велапрабегі ў гонар гістарычных дат рэгіёну становяцца добрай традыцыяй, і падкрэсліў, што ў гэтым годзе ў рэгіёне дзве юбілейныя даты, таму і маршрут будзе даўжэй, чым у мінулым, калі ён склаў 44 кіламетры. Маршрут пракладвалі да помніка Івану Ярашу і яго баявым таварышам у аграгарадку Зачысце.
Падзяліўся Пётр Навіцкі і планамі на наступны год, калі будзе адзначацца 75-годдзе Вялікай Перамогі. Крайнім пунктам маршруту будуць Будзенічы, дзе пахаваны камандзір партызанскага атрада Пётр Лапацін, які атрымаў званне Героя Савецкага Саюза за ўдзел у вызваленні Барысава.
Старт велапрабегу быў дадзены а10-й раніцы ля помніка князю Барысу ў старой частцы горада. На шляху ўдзельнікі рабілі прыпынкі ў памятных месцах рэгіёна, дзе ўскладалі кветкі. Усяго праехалі дзевяць населеных пунктаў. У аграгарадку Стара-Барысаў высадзілі 30 алей у парку ля помніка салдатам і афіцэрам, якія загінулі ў час вайны.
Прафсаюзы рэгіёну на чале са старшынёй Барысаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Аленай Зяблікавай таксама прынялі ўдзел у велапрабегу, прычым прыйшлі цэлымі сем'ямі.
Падобны веламарафон — сёмы па ліку ў супрацоўніцы падатковай інспекцыі Юліі Фадзеевай. Па словах дзяўчыны, на такую доўгую дыстанцыю яна яшчэ не ездзіла і хоча выпрабаваць свае сілы.
Малады прадпрымальнік Аляксандр Лукашонак сёлета ўпершыню сеў на двухкалёснік і лічыць, што па гэтай прычыне яму будзе складана ехаць у калоне.
А вось Дзмітрыя Навуменку кіламетраж не палохае. Мужчына кожны дзень на ровары: шэсць кіламетраў да працы і столькі ж дадому.
Адна з самых малодшых удзельніц, адзінаццацігадовая Насця Ізмайловіч, не адставала ад дарослых веласіпедыстаў. Не дзіўна, бо дзяўчынка — спартсменка: займаецца лёгкай атлетыкай і не раз станавілася лепшай у сваёй школе.
Насця даведалася пра велапрабег з сацсетак і разам са сваімі татам і дзядзькам вырашыла паспрабаваць.
— Так весела разам з усімі ехаць! Нейкі нават спартыўны дух прачынаецца — падзялілася яна сваімі ўражаннямі ад велапрабегу.