Каляднае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы
05 студзеня 2022Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі
і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
Цяпер нашы сэрцы напоўнены светлай і ўрачыстай радасцю аб Спасіцелі, які нарадзіўся ў свет, цяпер кожны з нас чуе ангельскі голас: «Слава ў вы́шніх Богу і на зямлі мір, у лю́дзях добрая воля» (Лк. 2:14). Зноў і зноў свята Ражджаства Госпада нашага Іісуса Хрыста ўсяляе ў нашыя сэрцы радасць, надзею і спадзяванне бо «Дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам» (Іс. 9:6).
У чым жа крыніца гэтай сардэчнай радасці і духоўнай весялосці? Свяціцель Дзмітрый Растоўскі, раскрываючы значэнне слоў Апостальскага паслання пра тое, што Хрыстос «Прынíзіў Сябе Само́га, прыня́ўшы во́браз раба́, зрабíўшыся падо́бным да людзе́й і з вы́гляду ста́ўшы як чалаве́к» (Флп. 2:7), кажа: «Ён так палюбіў нас, што растраціў на нас усю маёмасць свайго нябеснага багацця і, як бы не маючы больш нічога, што б даць, у рэшце рэшт даў нам Самога Сябе». Нараджэнне Хрыста кажа пра вялікую любоў Бога да чалавека, любоў, якую цалкам не можа змясціць і зразумець ні чалавечы, ні нават ангельскі розум. Але гэтая любоў, дзякуючы якой мы «жывём і рухаемся і існуём» (Дзеі. 17:28).
Пра мір на зямлі спяваюць ангелы ў дзень Нараджэння Спасіцеля. «Мір вам!», — абвяшчае Гасподзь сваім вучням. І апостал Павел сведчыць пра Хрыста: «Бо Ён — мір наш, Ён зрабіў з або́двух адно і зруйнава́ў сцяну́, якая падзяля́ла» (Эф. 2:14). Менавіта міру не даставала чалавецтву ва ўсе часы. Міру і згоды мы жадаем нашаму народу. І сённяшняя ўрачыстасць паказвае нам на тую цвёрдую падставу, на якой мы можам будаваць мірныя ўзаемаадносіны і ў нашых сем'ях, і ў грамадстве, і паміж народамі. Вера ў уцялесненага Бога, Які палюбіў нас, любоў у адказ чалавека да свайго Творцы, выкананне Яго запаведзяў, апека і клопат аб бліжніх – вось шлях, пра які Гасподзь казаў яшчэ прароку Маісею: «Выберы жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае» (Друг. 30:19).
Сёння гэтыя словы асабліва актуальныя. Зноў перад усім чалавецтвам і нашым народам стаіць выбар. Гасподзь прапануе нам сваю ўсёмагутную дапамогу і адкрывае шлях, на якім мы здабудзем мір, згоду, сардэчную радасць і зможам з надзеяй глядзець у будучыню. Але гэтаму выбару супрацьстаяць сучасныя спакусы, якія адкрыта прапануюць адмову ад маральных норм і абмежаванняў, забыццё духоўнай спадчыны са спробай пабудаваць грамадства па-за Боскімі паняццямі святасці і праўды.
У падзеях, якія суправаджалі Нараджэнне Спасіцеля, не было нічога выпадковага. Ён прыходзіць у свет так, як прыходзіць у яго кожны чалавек — праз нараджэнне ад маці. Евангелле апавядае нам пра тое, што Гасподзь выхоўваецца ў сям'і, знаходзіцца ў паслухмянстве свайму нарачонаму бацьку, у яго ёсць зямныя сваякі і зямны радавод. Свой першы цуд Хрыстос зробіць на шлюбным балі ў Кане Галілейскай.
Тым самым Гасподзь благаслаўляе і асвячае саюз мужчыны і жанчыны, усталяваны Богам яшчэ на світанку чалавечай гісторыі. Не выпадкова сёння менавіта сям'я і благаславёныя Богам адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі асабліва пакутуюць ад разбуральнай павевы «духа веку гэтага». Таму на нас, хрысціян, ляжыць вялікая адказнасць у справе захавання гэтага Боскага ўстанаўлення.
Сям'я з'яўляецца не проста інстытутам або ячэйкай грамадства, а найвялікшым дарам Бога чалавецтву. Менавіта сямейныя адносіны ствараюць добрае асяроддзе, у якім чалавек здольны навучыцца любові і ўзаемнай адказнасці, дасягнуць высокіх узораў маральнага жыцця. Сям'ю называюць малой царквой — часткай і вобразам Царквы Сусветнай. У ёй людзі знаходзяцца разам, моляцца, клапоцяцца адно пра аднаго, імкнуцца зразумець адно аднаго, ва ўзаемнай пакорлівасці пераадольваюць свае недасканаласці. І благаславёная Богам сям'я, у якой ёсць любоў, давер і згода, сапраўды можа стаць вобразам рая на зямлі.
Жадаю вам усім, дарагія ў Госпадзе браты і сёстры, усямернай і непераходзячай радасці аб Богадзіцяці, Якое нарадзілася. Няхай мір, пра які цяпер абвяшчаюць ангелы, знаходзіцца ў сэрцы кожнага чалавека, у нашых сем'ях, працоўных калектывах, ва ўсёй нашай Айчыне і за яе межамі. Добрага вам здароўя, духоўнай мудрасці і ўсемагутнай дапамогі Божай на ўсіх жыццёвых шляхах. Няхай пашле Гасподзь усім нам, і асабліва нашым сем'ям, дабрадзейннае і мірнае жыццё ва ўсякай пабожнасці і чысціні!
Веніямін,
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Ражджаство Хрыстова
2021/2022
горад Мінск