У Нацыянальнай акадэміі навук адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «1030-годдзе Праваслаўнай Царквы ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць»
09 чэрвеня 2022 В открытии пленарного заседания принял участие Патриарший Экзарх всея Беларуси Митрополит Минский и Заславский Вениамин.9 чэрвеня 2022 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «1030-годдзе Праваслаўнай Царквы ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць». Яе правядзенне прымеркавана да 1030-годдзя ўтварэння Полацкай епархіі (992 г.), якая стала першым цэнтрам распаўсюджвання хрысціянскай асветы і культуры на беларускіх землях.
Адкрываючы пленарнае пасяджэнне канферэнцыі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін зачытаў прывітальнае слова Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы адзначыў: «Больш за дзесяць стагоддзяў таму дзеяннем промыслу Божага, яўленым у рашэнні святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, Русь прыняла хрысціянства. Гэта была лёсавызначальная падзея, якая на тысячагоддзе наперад вызначыла шлях духоўнага і культурнага развіцця ўсіх ўсходнеславянскіх народаў. Сапраўды Гасподзь здзейсніў страшны, і слаўны, і невымоўны цуд, абнавіўшы Боскім Хрышчэннем ўсю нашу зямлю, - адзначаецца ў каноне святому. Адна з самых старажытных епархій была заснавана ў Полацку, які стаў у тыя часы важным цэнтрам арганізацыі царкоўнай дзейнасці і асветы людзей, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі».
Мітрапаліт Веніямін у сваім слове адзначыў, што больш за тысячу гадоў таму нашы прабацькі хрысціліся ў імя Спасіцеля, сталі сынамі нятлення і ўваскрасення (Лк. 20:36). Яшчэ ў пачатку XI стагоддзя мітрапаліт Іларыён, які першым даў багаслоўскае асэнсаванне месца Царквы ў нашай гісторыі, так сказаў пра значэнне гэтай падзеі: «І ўжо не ідаласлужыцелямі называемся, але хрысціянамі; не пазбаўленымі надзеі, але тымі, хто спадзяецца на жыццё вечнае. І цяпер не ціснецца чалавецтва ў Законе, а ў благадаці свабодна ходзіць».
Яго Высокапраасвяшчэнства канстатаваў, што на працягу стагоддзяў шлях Праваслаўя на землях Белай Русі не быў простым. Наша вера неаднаразова перажывала журботныя часы ганенняў. Часам здавалася, што яна на мяжы гібелі. Але гэтыя цяжкія перыяды заўсёды завяршаліся адраджэннем Царквы, што сведчыць аб тым, што Праваслаўе сапраўды стала душой нашага народа, без якога ён не ўяўляе свайго быцця.
«У выпрабаваннях і спадзяванні на дапамогу Божую сфарміраваліся не толькі нашы культура і дзяржаўнасць, але і такія асноўныя рысы беларускага характару, як міралюбнасць, памяркоўнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу, духоўная стойкасць, – адзначыў Патрыяршы Экзарх. І сёння, праз стагоддзі, можна з упэўненасцю сказаць, што Праваслаўе з'яўляецца асновай духоўнага жыцця нашага народа. Менавіта з хрысціянскай шкалой каштоўнасцяў свядома ці не свядома мы звяраем нашы думкі, пачуцці і ўчынкі».
Затым да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, які распавёў, што навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі рэгулярна, пачынаючы з канферэнцыі, прымеркаванай да святкавання 1000-годдзя Полацкай епархіі ў верасні 1992 года, удзельнічаюць у розных навуковых мерапрыемствах, дзе даследуюцца гісторыя і сучаснае становішча Праваслаўнай Царквы. «Навукоўцы Акадэміі навук прыклалі нямала намаганняў для глыбокага і ўсебаковага вывучэння мінулага і сучаснага Праваслаўя ў Беларусі. У рамках супрацоўніцтва НАН з БПЦ праводзіліся сумесныя фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні па духоўна-маральнай, рэлігійна-філасофскай, культурна-гістарычнай тэматыцы», – праінфармаваў Уладзімір Гусакоў.
«Праваслаўе адыграла выключную ролю ў фарміраванні нацыянальнага, духоўнага, культурнага аблічча і ладу жыцця нашага народа, у працэсе стварэння дзяржаўнасці на беларускіх землях. Менавіта Праваслаўная Царква прадэманстравала здольнасць фарміраваць і падтрымліваць высокія духоўна-маральныя асновы жыцця народа, якія з'явіліся важным складнікам паспяховага дзяржаўнага будаўніцтва», – дадаў старшыня Прэзідыума НАН.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак у сваім прывітальным слове адзначыў значнасць уплыву Праваслаўя на развіццё і гісторыю беларускага народа.
Пасля прывітальных слоў высокіх гасцей для прысутных прагучаў канцэрт у выкананні Архіерэйскага хору Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Віталя Сабалеўскага.
Далей з дакладамі выступілі Валянціна Цяплова, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай акадэміі, прафесар, з дакладам «Праваслаўе як гістарычны і цывілізацыйны выбар Беларусі»; Вадзім Кошман, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі з дакладам «Падмуркі мінскага храма на Замчышчы: археалагічны і гістарычны кантэксты»; протаіерэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя, першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі з дакладам «Прападобнамучанік Афанасій, ігумен Берасцейскі, як змагар за духоўнае адзінства беларускага, рускага і украінскага народаў», архімандрыт Нікадзім (Генералаў), кандыдат багаслоўя, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі з дакладам «Беларуская Праваслаўная Царква ў эпоху станаўлення і развіцця суверэннай беларускай дзяржавы», Аляксандр Слесараў, кандыдат багаслоўя, дацэнт, прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі з дакладам «Актуальныя выклікі царкоўнага адзінства ўсходнеславянскіх народаў».
Пасля пленарнага пасяджэння праца канферэнцыі працягнулася ў рамках секцый «Праваслаўная Царква на беларускіх землях у перыяды Старажытнай Русі, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (X-XVIII стст)», «Праваслаўе на беларускіх землях у перыяд Расійскай імперыі (кан. XVIII – пач. ХХ стст.)», «Праваслаўная Царква на тэрыторыі Беларусі ў найноўшы перыяд (ХХ - пач. XXI стст.)», «Царкоўна-дзяржаўныя адносіны: гісторыя і сучаснасць», «Праваслаўе. Культура. Педагогіка» на базе Інстытута гісторыі НАН і Мінскай духоўнай акадэміі. Усяго было прадстаўлена больш за 60 навуковых дакладаў.
Арганізатарамі форуму выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Мінская духоўная акадэмія.