Навігатар: /

У Нядзелю Крыжапаклонную мітрапаліт Веніямін узначаліў урачыстасці з нагоды 435-годдзя з дня нараджэння святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай

04 красавіка 2021
4 апреля 2021 года в Слуцке состоялись торжества по случаю 435-летия со дня рождения святой праведной Софии, княгини Слуцкой. Возглавил празднование митрополит Вениамин.

top.jpg

4 красавіка 2021 года, у Нядзелю 3-ю Вялікага посту, Крыжапаклонную, у Слуцку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 435-годдзя з дня нараджэння святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. Узначаліў святкаванне мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Пачаўся дзень з хрэснага ходу з пачэснай ступнёй праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай; часцінкай мошчаў мучаніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага і Слуцкага; копіяй Крыжа прападобнай Еўфрасінні, ігуменні і князёўны Полацкай, ад кафедральнага сабора Архангела Міхаіла да храма ў гонар прападобнага Паісія Святагорца горада Слуцка, у якім па завяршэнні хрэснага ходу была здзейснена Бажэственная літургія свяціцеля Васілія Вялікага.

Богаслужэнне здзейсніў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у саслужэнні епіскапаў Слуцкага і Салігорскага Антонія і Лідскага і Смаргонскага Парфірыя.

Архіпастырам саслужылі: настаяцель храма іераманах Арсеній (Канышка), клірыкі епархіі і запрошаныя госці ў свяшчэнным сане.

Пасля патроенай екценні Патрыяршы Экзарх узнёс малітву аб спыненні распаўсюджвання шкоднай пошасці.

На богаслужэнні прысутнічалі: намеснік старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Чарнушэвіч і іншыя высокія госці.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Літургічныя спевы выканаў хор Міхайлаўскага кафедральнага сабора горада Слуцка пад кіраўніцтвам Паўла Штэпы.

Пасля заамвоннай малітвы архіерэі і саслужачыя ім святары здзейснілі слаўленне святу.

Па заканчэнні богаслужэння епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній звярнуўся да Патрыяршага Экзарха з прывітальным словам. Яго Высокапраасвяшчэнства падзякаваў Прадстаяцелю Беларускай Праваслаўнай Царквы за візіт на Слуцкую зямлю і распавёў аб планах добраўпарадкавання тэрыторыі, прылеглай да храма прападобнага Паісія Святагорца. Тут будуюцца багадзельня і парафіяльны дом імя першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта, дзе размесцяцца дабрачынная сталовая для немаёмных, а таксама пункт выдачы адзення і неабходных прадметаў побыту тым, хто жыве ў нястачы. Будаўніцтва дома дасць новы імпульс царкоўнай асветніцкай працы з моладдзю: тут будуць праходзіць курсы краязнаўства і гісторыі Беларусі, а таксама размесціцца музей, у лік экспанатаў якога ўвойдуць абразы са страчаных храмаў Слуцкага краю. Сэрцам парафіяльнага дома стане храм у імя Святой Жыццепачатнай Тройцы (у памяць аб Слуцкім Свята-Траецкім мужчынскім манастыры, які ў часы Рэчы Паспалітай быў апорай Праваслаўя, а ў багаборчыя гады ХХ стагоддзя быў гвалтоўна зачынены і знішчаны). Адкрыццё дома запланавана на 2022 год.

Уладыка Экзарх падзякаваў епіскапу Антонію за малітоўную еднасць і традыцыйна цёплы прыём, павіншаваў усіх прысутных са святам і звярнуўся да вернікаў са словам пропаведзі.

Далей мітрапаліт Веніямін здзейсніў асвячэнне чатырох дахавых (франтонных) крыжоў для парафіяльнага дома імя мітрапаліта Філарэта і ўзнёс малітву на заснаванне аднайменнага сквера. Таксама Яго Высокапраасвяшчэнства асвяціў плошчу, дзе будзе ўсталяваны помнік першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі вышынёй 4 м у поўны рост, і благаславіў багадзельню, якая будуецца.

Трапезу архіпастыры раздзялілі з прыхаджанамі і паломнікамі.

Працягнуліся ўрачыстасці ўскладаннем кветак да помніка святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, і памятнага знаку «Капліца Перамогі».

У завяршэнне візіту ў Слуцк Патрыяршы Экзарх наведаў жаночы манастыр праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай.

Слуцкая епархія/Church.by