Навігатар: Публікацыі /

Велікоднае пасланне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

13 красавіка 2020

top.jpg

Пасхальнае пасланне

мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА,

Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі,

архіпастырам, свяшчэннаслужыцелям, манахам

і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы

Ня можа ўжо болей утрымліваць людзей улада смерці,

бо сышоў Хрыстос, руйнуючы і знішчаючы сілы яе.

Кандак нядзельны, глас 7

Праасвяшчэнныя архіпастыры,

пачэсныя прасвітары і дыяканы,

богалюбівыя інакі і інакіні,

дарагія браты і сёстры!

У гэты светлы і радасны дзень, калі паўната нашай Царквы з лікаваннем сустракае свята над святамі і ўрачыстасць над урачыстасцямі — Пасху Хрыстову, з любоўю вітаю вас словамі апостальскага дабравесця:

Хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс!

«Вось надышло для нас жаданае, спасіцельнае свята, дзень Уваскрасення Госпада нашага Іісуса Хрыста. Гэтае свята — залог міру, … разбурэнне смерці, пагібель дыявала. Сёння людзі аб’ядналіся з Ангеламі і … разам з бесцялеснымі Сіламі ўзносяць хвалебныя песні Богу. Сёння Гасподзь зруйнаваў дзверы пекла і саму смерць знішчыў!» — прапаведуе вялікі Вучыцель Царквы — свяціцель Іаан Залатавуст.

Амаль дзве тысячы гадоў Царква славіць Хрыста Уваскрэслага, спадзяючыся на абяцанае нам усеагульнае ўваскрасенне з мёртвых — бо, паводле слова першавярхоўнага апостала Паўла, як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць (1 Кар. 15:22). Уваскрасенне Хрыстова — невычэрпная крыніца нашай веры, трывалы падмурак нашай надзеі, краевугольны камень нашай любові да Бога і бліжніх. Ідуць стагоддзі, змяняюцца пакаленні, але Святая Царква, не спыняючыся ў руплівасці і палымнеючы духам (Рым. 12:11), з адвагаю сведчыць пра Уваскрасенне Хрыста Спасіцеля, Які адчыніў вароты ў Царства Нябеснае кожнаму, хто імкнецца жыць з Богам, хто, кіруючыся заклікам Божым, ухіляецца ад зла і робіць дабро.

Дарагія браты і сёстры! Мы жывем у свеце, поўным трывог і хваляванняў. Кожны з нас, у меру свайго вопыту, з’яўляецца відавочцам людскіх хвароб, пакут і смерцяў. Мы бачым, што чалавецтва, існуючы ва ўмовах глабалізацыі, сутыкаецца з такімі ж глабальнымі выклікамі, якія нясуць пагрозу здароўю і бяспецы многіх жыхароў планеты Зямля. Але мы, хрысціяне, не павінны паддавацца ніякім страхам, таму што святло Уваскрасення Хрыстовага праганяе цемру страхаў чалавечых. «Не бойцеся — абвясціў Уваскрэслы Спасіцель жанчынам-міраносіцам (Мф. 28:10), а разам з імі — і ўсім нам. Бачачы ў навакольным жыцці праявы зла, не дапусцім у свае сэрцы смутак і адчай, але пастараемся стаць святлом свету, выконваючы словы Нагорнай пропаведзі Сына Божага (Мф. 5:14), і напоўніць добрымі справамі час, дараваны нам Усявышнім Тварцом.

Будзем імкнуцца жыць так, каб быць для нашых блізкіх прыкладам вытрымкі і разважлівасці, стаўпамі веры ў Бога і вернасці Святой Царкве Хрыстовай, праяўляючы да людзей вакол нас велікадушнасць, спагадлівасць і братэрскую любоў. Будзем насіць цяжары адзін аднаго, як навучае нас апостал Павел, і гэтак выканаем закон Хрыстоў (гл. Гал. 6:2). Гасподзь і Бог наш — гэта Той, Хто, паводле слова прарока Ісаіі, узяў на Сябе нашы немачы і панёс нашы хваробы (Іс. 53:4). І наш хрысціянскі шлях у гэтым свеце — гэта шлях бескарыслівай дапамогі бліжнім, шлях прабачэння нанесеных нам крыўд, шлях дзейнай міласэрнасці і ахвярнай любові. Сцяжына гэтая няпростая, але тых, хто крочыць ёю, Сам Гасподзь зробіць спадчыннікамі жыцця вечнага і саўдзельнікамі перамогі над смерцю, яўленай у Светлым Хрыстовым Уваскрасенні!

«Пасха свяшчэнная ў гэты дзень нам паказалася, — Пасха новая, святая, Пасха таямнічая, Пасха ўсімі шанаваная. Пасха — Хрыстос Збаўца; Пасха беззаганная, Пасха вялікая, Пасха верных, Пасха, што дзверы раю нам адчыніла», — пяе ў гэтыя святочныя дні Маці-Царква, натхняючы нас узрадавацца Уваскрасенню Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста.

Малітоўна жадаю ўсім вам, Праасвяшчэнныя архіпастыры, дарагія  айцы, браты і сёстры, каб жыватворны агонь Пасхальнай радасці заўсёды ярка гарэў у нашых сэрцах, саграваючы і асвятляючы наша жыццё, і запальваў  Божым святлом і радасцю жыццё людзей навокал нас.

Будзем ад усёй душы вітаць адзін аднаго словамі Пасхальнай радасці:

Хрыстос уваскрэс!

І няхай адказам нам будуць такія ж шчырыя і радасныя словы:

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

 

З любоўю ў Хрысце Уваскрэслым

 + ПАВЕЛ,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 Пасха Хрыстова 2020 года,

горад Мінск

 

Church.by