Навігатар: /

Ва Усіхсвяцкім храме адбылася сустрэча Патрыяршага Экзарха з Кіраўніком дзяржавы

07 студзеня 2019
7 января, в праздник Рождества Христова, Всехсвятский храм города Минска посетил Президент Республики Беларусь Александр Григорьевич Лукашенко.

top.jpg

7 студзеня 2019 года, у свята Ражджаства Хрыстовага, Усіхсвяцкі храм горада Мінска наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Ля храма Кіраўніка дзяржавы сустрэлі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Феадор Поўны, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка і мэр беларускай сталіцы Анатоль Аляксандравіч Сівак.

Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да помніка Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II і агледзеў званы, якія будуць устаноўлены на званіцы храма-помніка ў гонар Усіх святых. Прэзідэнт азнаёміўся з убраннем і роспісам храма і запаліў калядную свечку ля абраза святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Патрыяршы Экзарх звярнуўся да Галавы дзяржавы з прывітальным словам, у якім, у прыватнасці, падкрэсліў, што ўсяму епіскапату Беларускай Праваслаўнай Царквы памятная гістарычная сустрэча Прэзідэнта Беларусі са Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, членамі Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы і Сінода Беларускага Экзархату, якая адбылася 15 кастрычніка мінулага года. Цвёрдая і прынцыповая пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі ў абарону хрысціянскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў па-сапраўднаму натхніла епіскапат, духавенства і вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мітрапаліт Павел пажадаў Прэзідэнту невысільнай благадатнай дапамогі Божай у высокім і адказным служэнні на славу Айчыны і на карысць беларускага народа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, павіншаваўшы прысутных са святам, адзначыў, што над будаўніцтвам храма-помніка ў гонар Усіх святых працавалі многія людзі. «Часы былі няпростыя, але мы ўзвялі гэты храм. Ён равеснік нашай незалежнай, суверэннай Беларусі», — заявіў Аляксандр Рыгоравіч.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свята Ражджаства Хрыстовага аб'ядноўвае людзей, закранае ў сэрцах глыбінныя пачуцці: жаданне любіць, дараваць, жыць у міры і згодзе. «Сама атмасфера гэтай урачыстасці настройвае на добрыя справы. Менавіта ў калядныя дні больш за ўсё праводзіцца дабрачынных і іншых розных мерапрыемстваў. І я шчыра ўдзячны ўсім, хто праяўляе клопат пра людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — заявіў Прэзідэнт. — Гэта павінна быць наша чалавечая патрэба. Ты сёння дапаможаш людзям, якія ў гэтым маюць патрэбу, — заўтра людзі дапамогуць табе». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Каляды — адно з самых глыбокіх па сваім сэнсе хрысціянскіх святаў.

«У розныя часы беларуская зямля губляла мільёны сыноў і дачок, якія, не шкадуючы свайго жыцця, абаранялі сваю Радзіму — канстатаваў беларускі лідар. — Лёсы многіх бясследна сцёр час. Але імёны герояў мінулага стагоддзя і нашых дзён мы ўвекавечылі, пабудаваўшы гэты велічны храм-помнік. Ён равеснік нашай маладой, суверэннай і незалежнай дзяржавы. Усё ў гэтым праекце, ад ідэі да ўвасаблення задумы, служыць галоўнай мэце — захаванню гістарычнай памяці, умацаванню міру і згоды ў грамадстве». Крыпта храма-помніка беражэ імёны герояў, незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання, захоўвае зямлю з розных куткоў свету, дзе за правую справу змагаліся беларускія ваяры. «Гісторыю не змяніць, на яе нельга і забыцца. Таму што няма лепшай абароны, чым памяць аб трагічным мінулым. Мы цэнім мір, таму што былі сведкамі гора і жахаў войнаў, як ніякі іншы народ у свеце. Беларусы гэта зведалі спаўна. Мы цэнім мір і заклікаем усе народы да сяброўства і супрацоўніцтва. І ў гэтай місіі наша дзяржава, беларускі народ, наша Царква заўсёды былі адзіныя», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў усіх прысутных са святам, пажадаўшы здароўя і дабрабыту. «Хай на нашай зямлі нараджаюцца дзеці. Нам вельмі важна, каб іх было шмат. Хай у іх будзе шчаслівае дзяцінства і доўгае цікавае, яркае жыццё — усё гэта залежыць толькі ад нас. А наша прыгожая і моцная Беларусь заўсёды дзякуючы нашаму розуму і рукам будзе квітнеючай у свеце. І ў імя гэтага мы павінны зрабіць усё. Менавіта гэта я хачу падкрэсліць у светлае свята Ражджаства. Менавіта да гэтага заклікаю ўсіх нас у гэты дзень», — рэзюмаваў ён.

Высокага госця вітаў таксама настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Феадор Поўны, які выказаў глыбокую падзяку Кіраўніку дзяржавы за актыўнае садзейнічанне ў справе будаўніцтва велічнага храма-помніка.

Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму ў гонар Усіх святых ікону «Ражджаство Хрыстова». Яна была выраблена ў майстэрні каменнага россыпу пры Лізавецінскім жаночым манастыры горада Мінска па арыгінальнай тэхналогіі засыпання здробненых камянёў (жэмчуг, кальцыт, мармур, яшма, азурыт, лазурыт, малахіт і іншыя) і іх замацавання спецыяльным клеем.

Аляксандру Лукашэнку паднеслі ў падарунак спецыяльны выпуск Евангелля, распрацаваны да асвячэння галоўнага прастола храма-помніка ў гонар Усіх сятых. Кожны разварот кнігі змяшчае адпаведныя евангельскія тэксты на царкоўнаславянскай і рускай мовах з указаннем паралельных месцаў. Выданне пакрыта акладам, вырабленым з латуні у тэхніцы златавустаўскай гравюры на сталі.

Дзіцячы хор Усіхсвяцкага прыхода выканаў калядкі і духоўныя песнапенні ў гонар Ражджаства Хрыстовага. Высокаму госцю і ўсім прысутным было ўрачыста абвешчана мнагалецце.

Church.by