Навігатар: Публікацыі /

Заява Патрыяршага Экзарха ў сувязі з працяглым распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь

30 красавіка 2020

top.jpg

Праасвяшчэнныя архіпастыры,

шаноўныя святары і дыяканы,

багалюбІвыя інакі і інакіні,

узлюбленыя ў Хрысце браты і сёстры!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

У цяперашнія велікодныя дні жыхары Беларусі, як і ўсяго свету, перажываюць асаблівае пачуццё трывогі за сябе і сваіх родных і блізкіх у сувязі з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі, якое працягваецца.

Раней невядомае, нетыповае для свядомасці чалавека і вельмі небяспечнае для многіх захворванне са страшэннымі тэмпамі распаўсюдзілася па ўсіх краінах і кантынентах. Колькасць хворых у свеце перавысіла 3.250.000 чалавек, 229.000 з іх сталі ахвярамі інфекцыі.

Па стане на 30 красавіка 2020 года колькасць тых, хто захварэў у Рэспубліцы Беларусь перавысіла 14.000 чалавек. На жаль, у многіх інфіцыраваных, у асаблівасці ў людзей, якія маюць спадарожныя хранічныя захворванні, хвароба працякае больш цяжка і трагічна. Штодня папаўняецца сумная статыстыка людзей, якія памерлі ад ускладненняў, выкліканых каронавіруснай інфекцыяй. Але, па сведчанні спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя, ёсць і тыя, хто пераносяць хваробу лёгка ці бессімптомна. І такія людзі, самі таго не падазраючы, могуць быць крыніцамі заражэння навакольных. Менавіта гэтым абумоўлены заклік урачоў да людзей па магчымасці заставацца дома, устрымлівацца ад удзелу ў грамадскіх мерапрыемствах, абмежаваць асабістыя кантакты. Заснаваныя на кампетэнтных рэкамендацыях спецыялістаў-эпідэміёлагаў інструкцыі па супрацьдзеянню каронавіруснай інфекцыі неаднаразова накіроўваліся ў епархіі, манастыры і прыходы Беларускай Праваслаўнай Царквы (15 і 20 сакавіка, 3, 11 і 17 красавіка 2020 года).

На жаль, не ўсе веруючыя жыхары Беларусі і дзеці нашай Царквы паставіліся да рэкамендацый спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя і заклікаў Свяшчэннаначалля Царквы з належнай увагай і паслухмянасцю. Мы не закрывалі храмы і абіцелі для наведвання ў дні велікодных урачыстасцяў, заклікаючы ўсіх выконваць санітарныя нормы і меры засцярогі, але бестурботнае стаўленне да нашых заклікаў, а часта і безадказнае стаўленне да выканання інструкцый па папярэджанню захворвання з боку асобных клірыкаў прывялі да выпадкаў заражэння каронавіруснай інфекцыяй шэрагу святароў, манахаў і міран, як з ліку прыходскіх працаўнікоў, студэнтаў духоўных школ, так і простых парафіян.

Міласцю Божай, большая частка заражаных пераносіць захворванне ў адносна лёгкай форме, але ёсць і тыя, хто мелі патрэбу і сёння мае патрэбу ў шпіталізацыі. Некаторыя з ліку хворых святароў і манахаў ў цяперашні час знаходзяцца ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі. Да нашага агульнага жалю, у выніку захворвання каронавіруснай інфекцыяй 29 красавіка на 57 годзе жыцця спачыў адзін са святароў Мінскай епархіі, клірык Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска, іерэй Генадзь Буцько.

У сувязі з няпростай сітуацыяй, якая склалася на сённяшні дзень, я зноў заклікаю архіпастыраў, пастыраў, ігуменаў, ігуменняў і ўсіх верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы прыслухацца да заклікаў Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, якія праяўляюць моцны непакой за наша здароўе і нават жыццё.

Строга выконваючы санітарныя нормы ў храмах і манастырах, кожны чалавек зможа не толькі засцерагчы сябе, але і навакольных ад страшнага захворвання. Прыходзячы ў храмы, трымайце бяспечную дыстанцыю і неабходныя меры засцярогі. Памятайце, што кожны чалавек можа быць носьбітам віруса, нават калі ў яго захворванне працякае лёгка ці бессімптомна. Ён можа заразіць іншых, і для кагосьці кантакты з хварэючым бессімптомна чалавекам могуць стаць небяспечнымі і нават смяротнымі. Устрымлівайцеся ад удзелу ў набажэнстве, наведванні храмаў і месцаў агульнага збору людзей, калі адчуваеце найменшыя прыкметы якога-небудзь захворвання.

Зноў звяртаю асаблівую ўвагу Праасвяшчэнных архіпастыраў, намеснікаў і ігуменняў манастыроў, айцоў благачынных і настаяцеляў прыходаў на неабходнасць няўхільна выконваць указанні Свяцейшага Патрыярха і Свяшчэннага Сінода, а таксама выконваць усе раней даведзеныя да Вашага ведама інструкцыі, накіраваныя на папярэджанне распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.

Памятайце, што нядбалае стаўленне або свядомае невыкананне санітарных нормаў, а таксама любыя заклікі ігнараваць заснаваныя на кампетэнтным меркаванні ўрачоў інструкцыі Свяшчэннаначалля Царквы ў перыяд эпідэміі з'яўляюцца не сведчаннем веры або «стаяння ў праўдзе», але злачынствам супраць блізкіх, а значыць — і супраць Бога. І адказваць за гэтыя злачынствы кожны вінаваты будзе перад Богам паводле Евангельскага закону, а перад людзьмі — па законах дзяржавы. У выпадку выяўлення адкрытага грэбавання санітарнымі нормамі клірыкі будуць прыцягнуты да самых строгіх кананічных пакаранняў і могуць быць прыцягнутыя да царкоўнага суду.

Святароў прашу, па меры магчымасцяў, працягваць здзяйсненне набажэнстваў, кіруючыся пры гэтым сітуацыяй на месцах. У выпадку захворвання клірыкаў і пеўчых дапускаецца змяненне раскладу ў бок змяншэння колькасці штотыдзень здзяйсняемых богаслужэнняў. У цёплы час рэкамендуецца здзяйсненне грамадскай малітвы знадворку.

У месцах, дзе складаная эпідэміялагічная сітуацыя, благаслаўляецца здзяйсненне набажэнстваў у храмах без удзелу вернікаў, каб не падвяргаць рызыцы магчымага заражэння людзей.

Прашу працягваць ўзносіць свае малітвы аб дараванні здароўя, моцы сіл і стойкасці духу ўрачам, якія стаяць на перадавой барацьбы з эпідэміяй. Усіх, хто мае магчымасць, заклікаю аказваць пасільную маральную і матэрыяльную дапамогу Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, а таксама хворым і членам іх сем'яў.

Будзем спадзявацца на дапамогу Божую і Яго міласэрнасць, не губляючы пры гэтым разважлівасць і цвярозасць развагі. Заклікаю ўсіх маліцца аб дараванні хутчэйшага выздараўлення хворым, аб спачыне душ памерлых і аб дараванні кожнаму жыхару Беларусі цярпення, моцы і сілы духу, шчырай веры ў Бога і надзеі на Боскую літасць.

Уваскрэслы Хрыстос Спасіцель, бачачы наш шчыры зварот да Яго, наша пакаянне і намер жыць па запаведзях Гасподніх, дапаможа нам пераадолець гэта цяжкае жыццёвае выпрабаванне.

Хрыстос Уваскрэс!

Сапраўды Уваскрэс!

+ Павел,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

30 красавіка 2020 года 

Church.by