Навігатар: / Статьи

Пастыр добры. Да 100-годдзя з дня нараджэння протаіерэя Віктара Бекарэвіча

24 лістапада 2015

Настоятель Александро-Невского храма в Минске, трудившийся на этом послушании свыше сорока лет. Партизан Великой Отечественной войны. Человек высокой культуры и порядочности... В этом году отец Виктор отметил бы свой вековой юбилей. 

top.jpgПамятайце настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае, і, гледзячы на завяршэнне іх жыццёвага шляху, пераймайце веру іх (Яўр.13: 7). Гэтыя словы апостала Паўла як нельга лепш характарызуюць нашу ўдзячную памяць пра айца Віктара, які належаў да вядомай святарскай дынастыі Бекаревічаў, гісторыя якой налічвае звыш трох стагоддзяў.

Перад намі — прадстаўнік выдатнай плеяды заслужаных беларускіх протаіерэеў, выхаванцаў знакамітай Віленскай духоўнай семінарыі. Каму давялося служыць і мець стасункі з гэтым чалавекам, той быў удастоены асаблівага гонару. Шчырую, непадробную рэлігійнасць айца Віктара дапаўнялі выдатныя асабістыя якасці — глыбокая, чыстая вера, розум, дабрыня, народнасць, патрыятызм, уменне данесці Божае Слова да людскіх сэрцаў, а таксама здольнасць суцешыць кожнага чалавека, аб'яднаць людзей, падштурхнуць іх да спраў на славу Божую. Жыццё айца Віктара Бекарэвіча — дзіўны ў сваёй цэласнасці і яснасці прыклад для нашых сучаснікаў, для ўсіх нас. Гэта прыклад служэння Царкве Божай, народу і Айчыне, служэння ва ўсякі час і на кожным месцы.

Нарадзіўся Віктар Васільевіч 11 / 24 лістапада 1915 года, у дзень памяці мучаніка Віктара Дамаскага, у вёсцы Вялікія Дольцы Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці). У 1936 годзе ён скончыў Віленскую духоўную семінарыю. У мястэчку Ілья сустрэў і пакахаў сваю Сашачку — Аляксандру, дачку свяшчэнніка Уладзіміра Альбава, з якой абвянчаўся і пражыў 66 гадоў.

Рукапалажэнне Віктара Бекарэвіча ў свяшчэнны сан адбылося ў горадзе Вільні ў 1936 годзе. На свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы архіепіскапам Віленскім і Лідскім Феадосіем ён быў пасвечаны ў дыякана, а ў дзень Уздзвіжання Святога Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга — у свяшчэнніка. «Школьнікам, семінарыстам, студэнтам, святаром быў на вачах у людзей», — успамінаў айцец Віктар.

Затым была вучоба на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, скончыць якую перашкодзіла акупацыя Польшчы Германіяй. З пачаткам вайны айцец Віктар вярнуўся на радзіму.

На долю маладога святара выпалі вельмі цяжкія выпрабаванні. У верасні 1939 года Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь ад палякаў. Савецкая ўлада не мілавала ніякай рэлігіі. Даводзілася цярпець грубіянства, мат і хамства. У тыя гады айцец Віктар быў настаяцелем царквы ў мястэчку Ілья, а затым настаяцелем царквы ў гонар свяціцеля Мікалая ў вёсцы Латыгаль Вілейскага благачыння. Працаваў, нёс Слова Божае, разам з матушкай Аляксандрай Іванаўнай гадаваў трох малалетніх дзяцей. Але раптам Латыгаль стаў скрыжаваннем шляхоў, па якім пракацілася Вялікая Айчынная.

Вайна змяніла ўсё і навучыла многаму, яна стала, у сваім родзе, меркай чалавечых якасцяў. Усё аказалася на вачах: і здрада, і баязлівасць, і лаяльнасць да «новага парадку». Але ярчэй усяго выявілася ўсеагульнае непрыманне чужаземных захопнікаў, тайная і яўная барацьба народа супраць прыгнятальнікаў.

Служыцель Царквы Божай застаўся верны свайму абавязку перад Богам, паствай і Айчынай. Айцец Віктар актыўна дапамагаў партызанам у іх барацьбе з акупантамі. У сваім доме пад выглядам работнікаў ён хаваў двух савецкіх разведчыкаў-дыверсантаў — Уладзіміра Мурашова і Мікалая Грачова, якія ў далейшым пайшлі ў партызанскі атрад. Пасля доўгага асцярожнага вывучэння гэтыя людзі даверыліся маладому святару, пераканаліся ў яго прыстойнасці і адданасці Радзіме.

Латыгаль знаходзіўся ў некалькіх кіламетрах ад горада Маладзечна і жалезнай дарогі. Партызаны, ідучы на дыверсіі, пакідалі частку выбухоўкі ў хляве айца Віктара, каб выкарыстоўваць смяротны груз у два заходы. Гэта стала правілам на працягу ўсёй акупацыі. Выбухоўку хавалі пад гноем, побач знаходзіліся карова і іншая хатняя жыўнасць.

І свае, і немцы наведваліся па некалькі разоў у суткі. Якім жа трэба было валодаць розумам і кемлівасцю, каб чужых не прыняць за сваіх? Бо было шмат і незнаёмых людзей — хто толькі не прыязджаў у дом святара! Прыедуць у форме — зразумела, што немцы, а калі ў грамадзянскім? Айцец Віктар быў чалавекам наглядальным. Прыедуць, бывала, узброеныя людзі, ачэпяць вёску і накіруюць кулямёты ў бок лесу — значыць, немцы, а калі ў бок дарог — партызаны. Так было з незнаёмымі людзьмі, а па заданні сваіх даводзілася быць святару і разведчыкам.

Нібыта па царкоўных справах айцец Віктар шматразова выязджаў на кані ў Вілейку і нават у Мінск, прывозіў каштоўныя звесткі вайсковага характару. У сталічным Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны экспануецца ўнікальны дакумент. Гэта распіска сакратара Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ Шымановіча В. І., выдадзеная ў 1943 годзе святару Латыгольской царквы Віктару Васільевічу Бекарэвічу ў тым, што падчас акупацыі ён сабраў сярод сваіх прыхаджан на абарону 15 тысяч савецкіх рублёў і перадаў партызанам, якія пераправілі гэтую суму ў Маскву.

Дзейнасць айца Віктара ў час вайны — гэта тэма асобнага артыкула, тут усяго не раскажаш. Адно зразумела: тры гады чалавек рызыкаваў сваім жыццём і жыццём сваіх дзяцей дзеля дабра сваёй Радзімы. Яго маглі здаць, але не зрабілі гэтага: людзі любілі свайго бацюшку за дабрыню, спагадлівасць, дапамогу прадуктамі, адзеннем і засцераганнем ад нямецкіх улад. Многіх сваіх вернікаў айцец Віктар выратаваў ад гібелі і ад вывазу на працу ў Германію. Два разы яго хацелі расстраляць — і немцы, і партызаны, але Гасподзь захоўваў Свайго служыцеля. У пачатку 1944 года да айца Віктара прыйшоў з Піншчыны чалавек, які назваўся камісарам партызанскай брыгады, і распавёў, як на яго руках паміраў Уладзімір Мурашоў, які прасіў «адшукаць латыгольскага папа і перадаць яму, што ён сумленна загінуў за Радзіму».

Вызвалення чакалі з нецярпеннем. Напакутаваўся народ. І яно прыйшло ў пачатку ліпеня 1944 года. 2 ліпеня войскі 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса генерала В. Т. Абухова 3-га Беларускага фронту разам з партызанамі авалодалі Вілейкай і Красным, а 5 ліпеня вызвалілі Маладзечна. «Прыйшла руская армія», — распавядаў айцец Віктар. Салдаты і афіцэры былі пры пагонах, вельмі добразычлівымі і роднымі, не засталося і следу ад Чырвонай Арміі ўзору 1939 года. Вайна змяніла і светапогляд людзей, і стаўленне да Царквы.

У доме айца Віктара часта спыняліся афіцэры Чырвонай Арміі, якія дапамагалі яму чым маглі, асабліва прадуктамі, частавалі малалетніх дзяцей, вялі сяброўскія гутаркі на розныя тэмы. У далейшым айцец Віктар заўсёды казаў, што ён у сваім жыцці «перажыў палякаў і бальшавікоў, перамог фашыстаў і сустрэў рускіх». Варта толькі ўдумацца ў лагічную пабудову гэтай фразы — і стане зразумелай эпоха, пражытая гэтым чалавекам. Была, вядома, і праверка насельніцтва, якое знаходзілася пад акупацыяй, у выніку якой айцец Віктар атрымаў даведку, падпісаную афіцэрам контрразведкі СМЕРШ 3-га Беларускага фронту, якая пацвярджала, што ён з'яўляўся сувязным партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь», якая дзейнічала на тэрыторыі Вілейшчыны. Радзіма годна ацаніла заслугі протаіерэя Віктара Бекарэвіча, узнагародзіўшы яго ордэнам Айчыннай вайны II ступені і многімі медалямі.

Не менш плённай была і яго царкоўна-адміністрацыйная дзейнасць. З 1951 па 1955 год айцец Віктар — благачынны Вілейскай акругі. З 1955 года — настаяцель Анінскага храма ў Стоўбцах і благачынны Стаўбцоўскай акругі. У красавіку 1959 года ён быў прызначаны настаяцелем Аляксандра-Неўскага храма горада Мінска.

Scan4.jpg

У 1960-я гады, калі па ініцыятыве дзяржаўных улад храмы паўсюдна зачыняліся, была спроба адабраць і Аляксандра-Неўскую царкву. Улады пры гэтым дапусцілі фальсіфікацыю гістарычных фактаў, сцвярджаючы, што храм да вайны выкарыстоўваўся як майстэрня па вырабе трунаў і таму яго трэба вярнуць пахавальнаму ведамству. Гэта сцверджанне супярэчыць праўдзе, бо было добра вядома, што пасля таго як храм у 1938 годзе быў зачынены на замок, ён не адкрываўся да ўступлення ў горад нямецкай арміі ў 1941 годзе.

З выкрыццём выступіў настаяцель храма айцец Віктар Бекарэвіч. Праз рэдакцыю «Часопіса Маскоўскай Патрыярхіі» (№ 10, 1968 год) ён паведаміў праўдзівыя звесткі аб храме, асабліва падкрэсліўшы важнасць царкоўнага і грамадскага значэння Аляксандра-Неўскай царквы як храма-помніка руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, падчас якой рускія змагаліся за вызваленне Балгарыі ад турэцкага панавання. Пераканаўчасць аргументаў, выкладзеных айцом Віктарам, вымусіла ўлады адмовіцца ад сваіх намераў.

У 1970 годзе рашэннем Свяшчэннага Сінода і па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена протаіерэй Віктар Васільевіч Бекарэвіч быў прызначаны настаяцелем Мікалаеўскага сабора ў сталіцы Аўстрыі Вене. Служэнне ў Вене было звязана з наладжваннем адносін з рускай эміграцыяй: князямі Раеўскімі, Разумоўскімі, Трубяцкімі і г. д. Стаўленне рускай эміграцыі да чырвонай Расіі не мае патрэбы ў тлумачэннях. Сустрэлі настаяцеля прыхаджане насцярожана. Але яму не давялося доўга даказваць сваю любоў да рускага праваслаўнага народу. Графы і князі палюбілі айца Віктара гледзячы на веру, справы і ўчынкі; яны пераканаліся, што ў СССР Руская Праваслаўная Царква дзейнічае па сваіх кананічных законах і выхоўвае сваю паству ў любові да Бога і бліжняга. Пры кожным ад'ездзе на Радзіму людзі прасілі святара прыйсці на Красную плошчу, пакланіцца на ўсе чатыры бакі і прывезці з Расіі жменю роднай зямлі. Ён усім абяцаў — і заўсёды выконваў абяцанае. На адпяваннях, бывала, кранала душу, калі памерлы ляжаў у труне са скрутачкам зямлі ў руках.

У 1979 годзе айцец Віктар вярнуўся ў Мінск і працягнуў настаяцельскае служэнне ў Аляксандра-Неўскай царкве. Пад яго кіраўніцтвам былі праведзены вялікія рэстаўрацыйныя работы ў храме. «Упрыгожваем дом свой, дык чаму ж Божы дом не прывесці ў парадак, не ўпрыгожыць, не абнавіць? — разважаў бацюшка. — Людзі ахвяруюць, я ім паказваю: вось вашыя ахвяры — у гэтым камені, у гэтых фрэсках, у гэтым золаце на купалах». У гэты ж час айцец Віктар з'яўляўся членам епархіяльнага савета Мінскай епархіі і сакратаром Мінскага епархіяльнага ўпраўлення.

Scan1.jpg

Протаіерэй Віктар Бекарэвіч быў захавальнікам старадаўніх царкоўных і хатніх традыцый, прыхільнікам дысцыпліны і парадку. У той жа час у абыходжанні быў просты, свабодна, размаўляў з людзьмі рознага інтэлектуальнага ўзроўню. Стасункі яго з калектывам па-за службай былі, як у старым афіцэрскім сходзе: усе былі роўныя — і палкоўнік, і паручнік, і прапаршчык. Ён быў чалавекам, які не цярпеў несправядлівасці і хлусні, спагадваў людзям хворым і жыўшым у нястачы, пастаянна займаўся дабрачыннасцю. Ён ахвяраваў свае асабістыя зберажэнні на будаўніцтва новых храмаў, заўсёды аказваў матэрыяльную дапамогу матушкам спачылых святароў. Сваю пастырскую дзейнасць ён пачаў з будаўніцтва храма ў Ільі ў 1936 годзе, а скончыў пабудовай храма ў вёсцы Паняцічы там жа, на сваёй малой радзіме, у 2002 годзе.

Як клапатлівы бацька, бацюшка займаўся выхаваннем маладых кадраў. Праз «школу Бекарэвіча» прайшлі дзясяткі стаўленікаў, якія нясуць цяпер сваё служэнне на беларускай зямлі. Некаторыя з іх служаць Святой Царкве ў архіерэйскім сане.

Айцу Віктару, узорнаму пастыру, было не чужым і чалавечае, добрае, зямное ў лепшым сэнсе слова. Ён меў шматдзетную сям'ю, наведваў тэатры, цікавіўся футболам, удзельнічаў у пасяджэннях грамадзянскіх камітэтаў у абарону міру, у працы дабрачынных арганізацый, прымаў удзел у партызанскіх сустрэчах. У савецкі час у многіх ўладных структурах працавалі былыя партызаны, якія добра ведалі айца Віктара па сумеснай барацьбе з нямецкімі акупантамі і падтрымлівалі з ім сяброўскія адносіны, нягледзячы на супрацьлегласць ідэалагічных поглядаў. Цалкам зразумела гэта партызанскае братэрства, бо яны разам не адзін год хадзілі паміж жыццём і смерцю! Даводзілася бачыць, як чалавек, які займаў адказную пасаду, на святкаванні 70-годдзя айца Віктара заявіў: «Я і сёння пайшоў бы з Віктарам Васільевічам у разведку». Можа быць, таму ў савецкі час у нашым храме хоць і па святах, але ўсё ж гучаў звон. У тыя цяжкія для Царквы гады, калі кожнае слова кантралявалася, айцец Віктар смела прапаведаваў Слова Божае.

Пачынаючы з 1988 года, з урачыстасцяў у гонар 1000-годдзя Хрышчэння Русі, паступова наступілі спрыяльныя для Царквы часы. Айцец Віктар радаваўся адраджэнню Праваслаўя і дзякаваў Госпаду за тое, што дажыў да гэтых гадоў. Яму двойчы давялося сустракаць у сваім храме Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II і прымаць з яго рук ўзнагароды — Патрыяршую грамату і імянны абраз святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Scan2.jpg

Мітрафорны протаіерэй Віктар Бекарэвіч за шэсцьдзесят шэсць гадоў свайго служэння быў удастоены самых высокіх узнагарод. Руская Праваслаўная Царква ўзнагародзіла яго ордэнам роўнаапостальнага князя Уладзіміра II ступені, дабравернага князя Данііла Маскоўскага II ступені, прападобнага Сергія Раданежскага III, II і I ступені, двума Патрыяршымі крыжамі з каштоўнымі камянямі з нагоды 50-і 80-годдзя з дня нараджэння і шматлікімі ганаровымі граматамі.

Але самай высокай узнагародай бацюшка лічыў шматгадовае і бесперапыннае служэнне Госпаду Богу ля прастола Яго Царквы. Быў ён нястомны сам і не даваў спакою маладым. Па характары жывы і гарачы, ён усё рабіў хутка і своечасова, заўсёды быў у руху.

Протаіерэй Віктар Васільевіч Бекарэвіч адышоў да Госпада нечакана для кліру і міран 17 жніўня 2002 года. Яго адпяванне было здзейснена 20 жніўня 2002 года мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Спачылы быў пахаваны на Паўночных могілках беларускай сталіцы. Усе мы, памінаючы яго ў малітвах, ўсведамляем, што з ім сышла велізарная гістарычная эпоха. Ён многаму навучыў нас, і мы стараемся выкарыстоўваць яго багаты духоўны і жыццёвы вопыт у выхаванні сваіх дзяцей і нашай паствы.

І да гэтага часу ў памінальных запісках вернікаў мы вельмі часта на першым месцы сустракаем імя айца Віктара, што сведчыць аб агульнай любові да годнага чалавека і добрага пастыра. Няхай Гасподзь упакоіць Свайго вернага служыцеля у сялібах праведных і створыць яму вечную памяць!

Протаіерэй Павел Баянкоў,

протадыякан Георгій Каляда,

клірыкі храма ў гонар святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску

Church.by