Мітрапаліт Філарэт, першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Мітрапаліт Філарэт, першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Дата нараджэння:
21 сакавіка 1935 г.
Дата хіратоніі:
24 кастрычніка 1965 г.
Дзень ангела:
14 снежня

MF.jpgМітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі (у міру Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве, у сям'і служачых.

Дзед, Аляксандар Іванавіч, вядомы яраслаўскі купец, з 1913 года з'яўляўся спадчынным дваранінам. Бацька, Варфаламей Аляксандравіч (1904-1984), выкладчык Гнесінскага музычнага вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, аўтар падручніка «Элементарная тэорыя музыкі». За складанне падручніка царкоўных спеваў для духоўных школ узнагароджаны ордэнам св. князя Уладзіміра II ступені.

Маці, Аляксандра Фёдараўна Вахрамеева (1903-1981) і старэйшая сястра, Вольга Варфаламееўна Вахрамеева (1925-1997), таксама з'яўляліся педагогамі маскоўскіх музычных школ.

Восенню 1953 года Кірыл Вахрамееў скончыў сярэднюю школу № 557 і паралельна музычную школу Бауманского раёна горада Масквы па класе харавога спеву і кантрабаса.

Пасля заканчэння школы паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю. На другім годзе навучання ў семінарыі пачаў царкоўнае служэнне ў ліку іпадыяканаў Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія І.

У 1957 годзе Кірыл Вахрамееў завяршыў курс навучання ў семінарыі і паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію. Будучы на другім курсе акадэміі, ён вырашыў прыняць манаства, каб цалкам прысвяціць сябе служэнню Царкве Хрыстовай.

3 красавіка 1959 года па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Аляксія І намесьнік Троіца-Сергіевай Лаўры архімандрыт Пімен (Хмялеўскі; памёр у сане архіепіскапа Саратаўскага) здзейсніў над паслушнікам Кірылам манаскі пострыг з нарачэннем яму імя ў гонар святога праведнага Філарэта Міласцівага. З гэтага дня абіцель прападобнага Сергія Раданежскага стала для яго духоўным домам. «Жадаючы выратаваць душу сваю, у юнацтве ўзросту свайго, адрокся волі сваёй, і быў манах, які пакарыў сябе волі Божай і начальнікам, ад Яго пастаўленым: іхнія наказы так слухаў, як Самога Госпада, ніколі не пярэчачы, а адказваючы слову наказа выкананнем справы», — гэтыя словы акафістнага спеву прападобнаму Сергію Раданежскаму заўсёды нагадвалі манаху Філарэту, манаху Сергіевай Лаўры, аб дадзеным зароку паслушэнства Маці-Царкве.

26 красавіка 1959 года, у Нядзелю ваіяў, Свяцейшы Патрыярх Аляксій I за Бажэственнай літургіяй у Богаяўленскім Патрыяршым саборы горада Масквы рукапалажыў манаха Філарэта ў іерадыякана.

Іерадыякан Філарэт працягваў займацца ў духоўнай акадэміі і служыў у храмах Троіца-Сергіевай Лаўры, кожны раз здзяйсняючы богаслужэнні з трапяткой урачыстасцю і сапраўднай пакорлівасцю перад веліччу Таямніц Божых.

Вясной 1961 года іерадыякан Філарэт скончыў поўны курс Маскоўскай духоўнай акадэміі са ступенню кандыдата багаслоўя за сачыненне «Пастырская апека над душамі Філарэта, мітрапаліта Маскоўскага, па яго лістах». Асоба выдатнага іерарха глыбока шанавалася Свяцейшым Патрыярхам Аляксіем I, які быў ініцыятарам правядзення ў Маскоўскіх духоўных школах Філарэтаўскіх вечароў. Заўсёды выступаючы на іх са сваім мудрым словам, Свяцейшы Патрыярх прывіваў студэнцтву любоў да духоўнага аблічча Маскоўскага свяціцеля. Таму айцец Філарэт з душэўнай радасцю і трапятаннем працаваў над гэтай тэмай. Рашэннем Вучонай рады акадэміі іерадыякан Філарэт быў удастоены ступені кандыдата багаслоўя і быў пакінуты пры акадэміі ў якасці прафесарскага стыпендыята з даручэннем чытання лекцый па гісторыі і разбору заходніх спавяданняў на III курсе акадэміі, а пазней яму было даручана выкладанне гамілетыкі ў акадэміі і семінарыі.

14 снежня 1961 года за Бажэственнай літургіяй у асвячонай у гонар святога праведнага Філарэта Міласцівага Крыжовай царкве ў Патрыяршых пакоях Троіца-Сергіевай Лаўры Свяцейшы Патрыярх Аляксій I пасвяціў іерадыякана Філарэта ў іераманаха.

У верасні 1962 года іераманах Філарэт быў прызначаны старэйшым памочнікам інспектара, а ў чэрвені 1963 года — інспектарам Маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі.

4 жніўня 1963 года ва Успенскім саборы Троіца-Сергіевай Лаўры па благаславенні Яго Свяцейшасці Праасвяшчэнны Піцірым (Нячаеў), епіскап Валакаламскі (памёр у сане мітрапаліта Валакаламскага і Юр'еўскага), узвёў іераманаха Філарэта ў сан ігумена з ускладаннем паліцы і крыжа з упрыгожваннямі.

8 кастрычніка таго ж года Свяцейшы Патрыярх Аляксій I за дбайнае служэнне Маці-Царкве і старанную працу ў Маскоўскай духоўнай акадэміі узвёў ігумена Філарэта ў сан архімандрыта.

Працягваючы педагагічную дзейнасць у асяродку масцітых прафесараў і настаўнікаў, інспектар акадэміі і семінарыі архімандрыт Філарэт стаў адным з самых маладых педагогаў.

У верасні 1963 года пры Маскоўскай духоўнай акадэміі адкрылася аспірантура, і Свяцейшы Патрыярх Аляксій I прызначыў архімандрыта Філарэта яе загадчыкам.

8 кастрычніка 1965 года Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій І і Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы пастанавілі: архімандрыту Філарэту (Вахрамееву), інспектару Маскоўскай духоўнай акадэміі, быць епіскапам Ціхвінскім, вікарыем Ленінградскай епархіі. 23 кастрычніка ў храме Ленінградскай духоўнай акадэміі быў здзейснены чын нарачэння архімандрыта Філарэта ў епіскапа Ціхвінскага. Чын нарачэння здзейснілі іерархі Рускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Ленінградскі і Ладажскі Нікадзім (Ротаў), архіепіскап Пермскі і Салікамскі Леанід (Палякоў; памёр у сане мітрапаліта Рыжскага і Латвійскага), архіепіскап Херсонскі і Адэскі Сергій (Пятроў; памёр у сане мітрапаліта), архіепіскап Мінскі і Беларускі Антоній (Мельнікаў; памёр у сане мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага), епіскап Кіраўскі і Слабадскі Іаан (Іваноў), епіскап Валагодскі і Вялікаусцюжскі Мелхісэдэк (Лебедзеў; пазней архіепіскап Бранскі і Сеўскі).

На наступны дзень, 24 кастрычніка, у Траецкім саборы Аляксандра-Неўскай Лаўры за Бажэственнай літургіяй была здзейснена хіратонія нарачонага архімандрыта Філарэта ў епіскапа Ціхвінскага, вікарыя Ленінградскай епархіі.

14 мая 1966 года Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій І і Свяшчэнны Сінод прызначылі Праасвяшчэннаму Філарэту быць епіскапам Дзмітраўскім, вікарыем Маскоўскай епархіі, рэктарам Маскоўскай духоўнай акадэміі.

29 мая, напярэдадні свята Святой Тройцы, выкладчыкі Маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі на чале з інспектарам архімандрытам Сіманам (Новікавым; пазней мітрапаліт Разанскі і Касімаўскі) сабраліся ў акадэмічным храме, каб вітаць новага рэктара.

Падчас знаходжання епіскапа Філарэта на пасадзе інспектара (тады ён быў яшчэ архімандрытам), у яго з самага пачатку ўсталяваліся сяброўскія адносіны, прасякнутыя даверам і дабразычлівасцю, з прафесарска-выкладчыцкім саставам і студэнтамі. Сумяшчаючы адміністрацыйныя абавязкі з навукова-багаслоўскай і пэдагагічнай працай, уладыка Філарэт з першага дня рэктарства пачаў чытаць лекцыі ў акадэміі па курсе Новага Запавету.

Па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Аляксія I, епіскап Філарэт неаднаразова здзяйсняў замежныя паездкі ў якасці члена дэлегацый ад Рускай Праваслаўнай Царквы, прымаў удзел у многіх багаслоўскіх дыялогах. Епіскап Філарэт праводзіў у акадэміі шматлікія сустрэчы і гутаркі з прадстаўнікамі царкоўных, дзяржаўных і грамадскіх колаў розных краін свету.

Разнастайнай была дзейнасць рэктара і ў грамадскім жыцці краіны. Епіскап Філарэт неаднаразова ўдзельнічаў у канферэнцыях у абарону міру; абіраўся членам Прэзідыума Саюза таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, быў членам праўлення і віцэ-прэзідэнтам шэрагу таварыстваў дружбы.

28 лістапада 1968 года Свяцейшы Патрыярх Аляксій і і Свяшчэнны Сінод прызначылі епіскапа Дзмітраўскай Філарэта, рэктара Маскоўскай духоўнай акадэміі другім намеснікам старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату.

З гэтага часу для епіскапа Філарэта наступіў перыяд інтэнсіўнай працы ў галіне знешнецаркоўнай дзейнасці Рускай Праваслаўнай Царквы.

З 30 мая па 2 чэрвеня 1971 года ў Троіца-Сергіевай Лаўры прайшоў Памесны Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы. У працы Сабора прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх епархій Маскоўскага Патрыярхату — архіерэі, клірыкі і свецкія. Маскоўскую духоўную акадэмію на Саборы прадстаўляў яе рэктар епіскап Дзмітраўскі Філарэт, на якога ў дні падрыхтоўкі і правядзення Сабора былі часова ўскладзены і абавязкі намесніка Троіца-Сергіевай Лаўры.

З 6 верасня 1971 па 25 жніўня 1972 года ўладыка Філарэт з'яўляўся часовым кіраўніком Калінінскай епархіяй.

9 верасня 1971 года епіскап Філарэт зважаючы на яго старанную працу на карысць Царквы Божай быў узведзены Свяцейшым Патрыярхам Піменам ў сан архіепіскапа.

18 красавіка 1973 года Свяцейшы Патрыярх Пімен і Свяшчэнны Сінод прызначылі Праасвяшчэннага Філарэта на кафедру Архіепіскапа Берлінскага і Сярэднееўрапейскага, Патрыяршага Экзарха Сярэдняй Еўропы.

7 мая 1974 г. рашэннем Вучонай рады Маскоўскай духоўнай акадэміі ўладыка Філарэт быў абраны ганаровым членам акадэміі, а праз некаторы час быў абраны ганаровым членам Ленінградскай духоўнай акадэміі.

Зважаючы на старанную архіпастырскую працу і міратворчую дзейнасць у якасці Экзарха 15 красавіка 1975 года Свяцейшы Патрыярх Пімен узвёў Праасвяшчэннага Філарэта ў сан мітрапаліта.

2 верасня 1977 года ўладыка Філарэт узнагароджаны правам нашэння другой панагіі.

10 кастрычніка 1978 года Свяцейшы Патрыярх Пімен і Свяшчэнны Сінод прызначылі Праасвяшчэннага Філарэта Мітрапалітам Мінскім і Беларускім, а 12 кастрычніка вызначылі яму быць Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы.

З 16 лістапада 1979 года ўладыка Філарэт часова кіраваў Корсунскай епархіяй (у сувязі з пераходам епіскапа Корсунскага Пятра (Л'Юілье) у юрысдыкцыю Амерыканскай Праваслаўнай Царквы).

З 1981 па 1988 год ён з'яўляўся членам і намеснікам старшыні Камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні урачыстасцяў, прысвечаных святкаванню 1000-годдзя Хрышчэння Русі, быў кіраўніком рабочай групы па ўдзелу ў святкаванні юбілея іншых Цэркваў і рабочай групы па грамадскіх праблемах.

14 красавіка 1981 года Свяцейшым Патрыярхам Піменам і Свяшчэнным Сінодам Мітрапаліт Мінскі і Беларускі Філарэт, Патрыяршы Экзарх Заходняй Еўропы, быў прызначаны старшынёй Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату, пастаянным членам Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.

Па ініцыятыве Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена ў Маскве ў маі 1982 года прайшла Сусветная канферэнцыя «Рэлігійныя дзеячы за выратаванне святога дару жыцця ад ядзернай катастрофы». Старшынёй міжнароднага падрыхтоўчага камітэта, а затым і старшынёй Сусветнай канферэнцыі быў абраны Мітрапаліт Мінскі Філарэт. Гэта быў вельмі прадстаўнічы форум рэлігійных дзеячаў, адна са значных рэлігійна-грамадскіх падзей ХХ стагоддзя. Прынятыя выніковыя дакументы мелі велізарны рэзананс у рэлігійных, дзяржаўных і грамадскіх колах.

19 снежня 1983 года ў Савецкім камітэце абароны міру (цяпер Федэрацыя міру і згоды), на сустрэчы прадстаўнікоў Цэркваў і рэлігійных аб'яднанняў у інтарэсах садзейнічання больш эфектыўным сувязям паміж прыхільнікамі міру была створана грамадская Камісія па сувязях з рэлігійнымі коламі, якія выступаюць за мір. Старшынёй Камісіі быў аднадушна абраны Мітрапаліт Мінскі і Беларускі Філарэт.

24 сакавіка 1985 года Праасвяшчэнны Філарэт быў узнагароджаны памятным панагіяй з выявай Жыровіцкай іконы Божай Маці.

У 1988 годзе на ўстаноўчай канферэнцыі Асацыяцыі творчай інтэлігенцыі «Свет культуры» абраны яе віцэ-прэзідэнтам.

4 ліпеня 1988 года ўладыка Філарэт быў узнагароджаны імянной панагіяй за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні юбілейных урачыстасцяў, прысвечаных 1000-годдзю Хрышчэння Русі.

15 снежня 1988 года Праасвяшчэнны Філарэт увайшоў у выбарчую камісію па выбарах народных дэпутатаў СССР ад руху за мір, аб'яднанага Савецкім камітэтам абароны міру, і ад Асацыяцыі садзейнічання ААН у СССР.

16 кастрычніка 1989 года ў сувязі з утварэннем Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі Філарэт прызначаны Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

У сувязі з пашырэннем дзейнасці Беларускага Экзархату, Мітрапаліт Філарэт падаў прашэнне аб вызваленні яго ад пасады старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату, якое і было задаволена 13 лістапада 1989 года пакінуўшы яго Пастаянным членам Свяшчэннага Сінода.

У 1990 г. абраны членам Савета Беларускага аддзялення Міжнароднага фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур, абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, абраны старшынёй Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па пытаннях дэпутацкай этыкі.

9 мая 1990 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, увайшоў у склад Сінадальнай Біблейскай камісіі, а 16 ліпеня 1990 года быў прызначаны старшыней Камісіі Свшчэннага Сінода па садзейнічанні намаганням у пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Са студзеня па снежань 1991 года Высокапраасвяшчэнны Мітрапаліт Філарэт — народны дэпутат СССР.

З 18 лютага 1992 года ўладыка Філарэт носіць тытул: «Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі свяшчэннаархімандрыт».

28 снежня 1993 года Высокапраасвяшчэнны ўладыка прызначаны старшынёй Сінадальнай Багаслоўскай камісіі, утворанай з Камісіі па пытаннях хрысціянскага адзінства.

З 3 лютага 1994 года Мітрапаліт Філарэт з'яўляецца свяшчэннаархімандрытам Свята-Благавешчанскага Лядзенскага манастыра.

З 28 снежня 1996 па 17 ліпеня 1997 года ўладыка Філарэт з'яўляўся часовым кіраўніком Полацкай епархіяй.

З 28 лютага па 4 ліпеня 2002 года Патрыяршы Экзарх з'яўляўся часовым кіраўніком Магілёўскай епархіяй.

25 студзеня 2009 года Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы ў Маскве абраны адным з трох кандыдатаў на Маскоўскі Патрыяршы прастол.

27 студзеня 2009 года ў ходзе пасяджэння Памеснага Сабора, у аўторак, у другой палове дня Высокапраасвяшчэнны Філарэт зняў сваю кандыдатуру, заклікаўшы прыхільнікаў аддаць галасы месцазахавальніку Патрыяршага прастола, мітрапаліту Смаленскаму і Калінінградскаму Кірылу.

З 27 ліпеня 2009 года ўладыка Філарэт — член Міжсаборнай прысутнасці Рускай Праваслаўнай Царквы.

21 сакавіка 2010 года за заслугі перад Рускай Праваслаўнай Царквой і ў сувязі з 75-годдзем з дня нараджэння Мітрапаліт Філарэт быў узнагароджаны правам пераднясення крыжа за набажэнствам у межах Беларускага Экзархату.

31 мая 2010 года Свяшчэнны Сінод, заслухаўшы прашэнне ўладыкі Філарэта аб сыходзе на спачын па дасягненні 75-годдзя згодна з пунктам 26 кіраўніка Х Статута Рускай Праваслаўнай Царквы, пастанавіў прасіць Высокапраасвяшчэннага ўладыку працягнуць кіраванне Мінскай епархіяй і Беларускім Экзархатам з выразам падзякі за шматгадовую працу па акармленні праваслаўнай паствы Беларусі.

25 снежня 2013 года Свяшчэнны Сінод меў паўторнае меркаванне аб прашэнні Яго Праасвяшчэнства аб сыходзе на спачын і пастанавіў задаволіць прашэнне. Сінод прызначыў Праасвяшчэннага мітрапаліта Філарэта ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, захаваўшы за ім права ўдзелу ў працы Свяшчэннага Сінода і ганаровае пратакольнае месца за набажэнствамі і ў афіцыйных цырымоніях. Рэгулярна праводзіў богаслужэнні ў храме Сабора Беларускіх святых пры Мінскім епархіяльным упраўленні. У 2018 годзе прыняў удзел у першым на Беларускай зямлі пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.

Памёр 12 студзеня 2021 года на 86-м годзе жыцця. Пахаваны на малых брацкіх могілках за алтаром Крыжаўздзвіжанскага храма Жыровіцкага манастыра.

УЗНАГАРОДЫ:

Узнагароды Памесных Праваслаўных Цэркваў:

 

  1. Ордэн Рускай Праваслаўнай Царквы святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІ ступені (ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія I зважаючы на царкоўныя заслугі, 11 красавіка 1969 года);
  2. Ордэн Рускай Праваслаўнай Царквы святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра I ступені (ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена зважаючы на старанную працу па правядзенні Памеснага Сабора, 18 чэрвеня 1971 года);

  3. Ордэн Рускай Праваслаўнай Царквы прападобнага Сергія Раданежскага I ступені (ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена за вялікія заслугі ў царкоўным міратворчым і патрыятычным служэнні, 1982 год);

  4. Ордэн Рускай Праваслаўнай Царквы святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага I ступені (ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II у сувязі з 25-годдзем епіскапскага служэння, 23 лістапада 1990 года);

  5. Ордэн Рускай Праваслаўнай Царквы прападобнага Андрэя Рублёва I ступені (ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II зважаючы на адраджэнне епархіяльнага, манаскага і прыходскага жыцця ў Беларускім Экзархаце і ў сувязі з 25-годдзем знаходжання на Мінскай кафедры, 24 кастрычніка 2003 года);

  6. Ордэн Рускай Праваслаўнай Царквы прападобнага Серафіма Сароўскага I ступені (ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II  зважаючы на руплівае архіпастырскае служэнне і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння, 21 сакавіка 2005 года);

  7. Ордэн Рускай Праваслаўнай Царквы свяціцеля Інакенція, мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага I ступені (ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла зважаючы на старанную місіянерскі працу і ў сувязі з 50-годдзем служэння ў свяшчэнным сане, 24 мая 2009 года);

  8. Ордэн Украінскай Праваслаўнай Царквы святога Нестара Летапісца I ступені (ад Блажэннейшага Мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Уладзіміра, 2003 год);

  9. Ордэн Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы Гроба Гасподняга з часціцай Жыватворнага Дрэва II ступені (ад Блажэннейшага Патрыярха Святога горада Іерусаліма і ўсяе Палесціны Венядзікта I, 31 мая 1968 года);

  10. Ордэн Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы Гроба Гасподняга з часціцай Жыватворнага Дрэва II ступені (ад Блажэннейшага Патрыярха Святога горада Іерусаліма і ўсяе Палесціны Венядзікта I, 31 мая 1968 года);

  11. Ордэн Польскай Праваслаўнай Царквы святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны I ступені (ад Блажэннейшага Мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Васіля, 1985 год);

  12. Ордэн Александрыйскай Праваслаўнай Царквы апостала і евангеліста Марка (ад Блажэннейшага Фёдора II, Папы і Патрыярха Александрыйскага і ўсяе Афрыкі, 4 сакавіка 2008 года).

  13. Ордэн Чэхаславацкай Праваслаўнай Царквы святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія I ступені (ад Блажэннейшага Мітрапаліта Пражскага і ўсяе Чэхаславакіі Дарафея, 1985 год).

Узнагароды Рэспублікі Беларусь:

  1. Герой Беларусі (1 сакавіка 2006 года) — за шматгадовы асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне дружбы і брацкіх сувязей паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялога;

  2. Ордэн Айчыны III ступені (23 верасня 1998 года) — за вялікі асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа;

  3. Ордэн Дружбы народаў (18 сакавіка 2005 года) — за вялікі ўклад ва ўмацаванне дружбы і брацкіх сувязей паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялога;

  4. Ордэн Пашаны (кастрычнік 2008 года);

  5. Ордэн Францыска Скарыны (22 кастрычніка 2003 года) — за вялікі ўклад у духоўнае адраджэнне, умацаванне дружбы паміж народамі (у сувязі з 25-годдзем архіпастырскага служэння на Белай Русі);

  6. Медаль Францыска Скарыны (14 сакавіка 1995 года) — за шматгадовую плённую дзейнасць па адраджэнню, захаванню, развіццю духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа;

  7. Грамата Вярхоўнага Савета Беларусі (14 сакавіка 1995 года) — за плённую дзяржаўную і грамадскую дзейнасць па адраджэнню, захаванню і развіццю духоўнай і культурнай спадчыны;    

  8. Ганаровая грамата Савета Міністраў Беларусі (21 сакавіка 2000 года) — за вялікія заслугі па ўмацаванню дружбы паміж народамі, у гонар святкавання 2000-годдзя хрысціянства і ў сувязі з 65-годдзем з дня нараджэння.

Узнагароды РСФСР і Расійскай Федэрацыі:

  1. Ганаровая Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета РСФСР (3 чэрвеня 1988 года) — за актыўную міратворчую дзейнасць і ў сувязі з 1000-годдзем Хрышчэння Русі;

  2. Ордэн «За заслугі перад Айчынай» IV ступені (29 ліпеня 2003 года) — за вялікі ўклад у адраджэнне духоўна-маральных традыцый і ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі.

Узнагароды СССР:
 

  1. Ганаровая грамата Савецкага камітэта абароны міру (14 красавіка 1971 года);

  2. Ганаровы медаль Савецкага фонду міру (22 мая 1981 года) — за заслугі перад рухам прыхільнікаў і змагароў за мір, за вялікі асабісты ўклад у справу ўмацавання міру паміж народамі;

  3. Ганаровы знак Савецкага фонду міру (16 снежня 1982 года);

  4. Ганаровы медаль Савецкага камітэта абароны міру «Барацьбіту за мір» (19 сакавіка 1985 года);

  5. Ганаровая грамата Беларускага аддзялення Савецкага фонду міру (1985 год);

  6. Ордэн Дружбы народаў (20 сакавіка 1985 года).

Узнагароды Польшчы:

  1. Медаль «Блажэнныя міратворцы» (Польшча, 1985 год);

  2. Камандор Ордэна Заслугі (5 кастрычніка 1987 года).

  3. Прэмія таварыства «Пакс» ім. Баляслава Пясецкага (Варшава, Польшча, 30 жніўня 1988 года) — за актыўную працу на ніве экуменічнай і міратворчай справы.

    Званні Ганаровага грамадзяніна:

  1. Ганаровы грамадзянін горада Мінска (2003 год);

  2. Ганаровы грамадзянін горада Полацка (2004 год).

Ганаровыя вучоныя ступені:

  1. Ганаровы член Ленінградскай духоўнай акадэміі (11 чэрвеня 1970 года);

  2. Ганаровы член Маскоўскай духоўнай акадэміі (7 мая 1974 года);

  3. Ганаровы доктар багаслоўя Прэшаўскага праваслаўнага багаслоўскага факультэта (ЧССР, 16 сакавіка 1982 года);

  4. Ганаровы доктар багаслоўя багаслоўскага факультэта ўніверсітэта імя Марціна Лютэра (Галле, ГДР, 15 лістапада 1983 года);

  5. Ганаровы доктар багаслоўя і залаты доктарскі ланцуг Славацкага евангелічнага багаслоўскага факультэта (Браціслава, ЧССР, 14 чэрвеня 1985 года);

  6. Ганаровы доктар багаслоўя багаслоўскага факультэта імя Яна Амаса Коменскага (Прага, 25 лістапада 1986 года);

  7. Ганаровы доктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1993 год);

  8. Ганаровы доктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (31 мая 2001 года);

  9. Ганаровы доктар багаслоўя Свята-Уладзімірскай духоўнай акадэміі і доктарскі крыж (Крэствуд, Нью-Ёрк, ЗША, 5 кастрычніка 2002 года);

  10. Ганаровы прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта (14 кастрычніка 2002 года);

  11. Ганаровы доктар багаслоўя Свята-Сергіеўского праваслаўнага багаслоўскага інстытута (Парыж, Францыя, 11 красавіка 2003 года);

  12. Ганаровы доктар Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве (28 верасня 2007 года).

Іншыя ўзнагароды:

  1. Імператарскі Ордэн святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ад Галавы Расійскага Імператарскага Дома Гасударыні Вялікай Княгіні Марыі Уладзіміраўны (2005 год);

  2. Ганаровы медаль Нацыянальнага Савета Нацыянальнага Фронту ГДР (13 кастрычніка 1978 года);

  3. Залаты медаль імя Ота Нушке — вышэйшая ўзнагарода Хрысціянскага-Дэмакратычнага Саюза Германіі (18 сакавіка 1985 года);

  4. Знак Таварыства польска-савецкай дружбы «За братэрскую дапамогу і супрацоўніцтва» (23 сакавіка 1985 года);

  5. Залаты медаль Чэхаславацкага таварыства міжнародных сувязяў (17 чэрвеня 1985 года) — за заслугі ў развіцці дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі Чэхаславакіі і СССР.