З 2 па 4 ліпеня 2021 года ў Віцебску пройдуць урачыстасці ў гонар 800-годдзя з дня нараджэння святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага
01 ліпеня 2021У 2021 годзе ўся паўната Рускай Праваслаўнай Царквы ўрачыста святкуе 800-годдзе з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.
З 2 па 4 ліпеня 2021 года ўрачыстасці, прысвечаныя юбілейнай даце, пройдуць у Віцебску.
У рамках святкавання ў храм Благавешчання Прасвятой Багародзіцы горада Віцебска 2 ліпеня будзе дастаўлены з Смаленска каўчэг са святымі мошчамі дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага.
3 ліпеня адбудзецца хрэсны ход з мошчамі святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ад храма Благавешчання Прасвятой Багародзіцы горада Віцебска да Свята-Успенскага кафедральнага сабора.
4 ліпеня ўрачыстасці ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У Свята-Успенскім кафедральным саборы горада Віцебска ён адслужыць Бажэственную літургію ў саслужэнні мітрапаліта Белацаркоўскага і Багуслаўскага Аўгусціна, мітрапаліта Смаленскага і Дарагабужскага Ісідара, мітрапаліта Пскоўскага і Порхаўскага Ціхана і архіерэяў Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Па заканчэнні Літургіі на Саборнай плошчы адбудзецца святочны канцэрт. Затым будзе здзейснены малебен на заснаванне ніжняга храма ў гонар дабравернага князя Аляксандра Неўскага Сафійскага сабора горада Віцебска.
Падрабязная праграма святкавання апублікавана на сайце Віцебскай епархіі.
Беларусь цесна звязана з імем святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага.
Важнай падзеяй стаў саюзны дагавор з Віцебска-Полацкім князем Брачыславам Васількавічам і князем Аляксандрам, заключаны ў 1239 годзе. Гэта быў першы дзяржаўны саюз Белай і Паўночна-Усходняй Русі. У гэтым жа годзе быў заключаны шлюб паміж дабраверным князем і князёўнай Аляксандрай Брачыслаўнай, з роду полацкіх князёў. Яе бацька — Брачыслаў Васількавіч быў Віцебскім князем, апошнім з дынастыі Рурыкавічаў-Рагвалодавічаў. Ад іх шлюбу было народжана пяць дзяцей. Адзін з іх — Васіль, выхоўваўся ў Віцебску, а князь Данііл стаў першым маскоўскім князем. Такім чынам, з старажытных часоў Віцебска-Полацкія землі падтрымліваюць крэўную сувязь Беларусі і Расіі.
Полацкае княства адным з першых на землях усходніх славян падвергнулася нападу крыжакоў. Воіны Полацкага княства прымалі ўдзел у бітве на рацэ Няве (1240 год) і ў Лядовым пабоішчы (1242 год). У атачэнні князя Аляксандра быў прадстаўнік Полацкага баярства Якаў Палачанін, які вызначыўся мужнасцю ў Неўскай бітве. Побач з наўгародцамі і пскавічамі, полацкія і віцебскія ратнікі насмерць стаялі каля Вароняга Уаменя на Чудскім возеры.
Усё жыццё Аляксандра Неўскага вызначалася яго шчырай любоўю да Айчыны і адданасцю веры бацькоў. Як дзяржаўны дзеяч і ваеначальнік ён выступіў абаронцам тых духоўных каштоўнасцяў, якія народ здабыў з прыняццем хрысціянства ў 988 годзе. У беспярэчнай праўдзівасці павучальных слоў святога Аляксандра Неўскага: «Не ў сіле Бог, а ў праўдзе», «Хто да нас з мячом прыйдзе, той ад мяча і загіне» наш народ не адзін раз пераконваўся на сваім нялёгкім гістарычным шляху. У свядомасці нашых суайчыннікаў гэтыя словы набылі ўласцівасці ўнутранага пераканання, сталі істотнай рысай нацыянальнага характару. Яркім пацвярджэннем таму з'яўляецца гатоўнасць пакласці сваё жыццё дзеля міру і дабрабыту сваёй роднай зямлі, у поўнай меры праяўленая нашымі суайчыннікамі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне, 80-годдзе з дня пачатку якой мы ўспаміналі нядаўна.
Беларуская зямля заўсёды з асабліва глыбокай павагай ставілася да памяці святога князя. Больш за 40 храмаў асвячаны ў гонар дабравернага Аляксандра Неўскага. У Мсціславе, Кобрыне і Мар'інай Горцы храмы маюць статус кафедральных. У Віцебску ўсталявана скульптурная кампазіцыя «Князь Аляксандр Неўскі з жонкай, віцебскай князёўнай Аляксандрай, і сынам Васілём».