Архіепіскап Гомельскі Сцяфан наведаў цырымонію адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Ала»

22 чэрвеня 2020

top.jpg

21 чэрвеня 2020 года ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Ала», які размешчаны на месцы аднайменнай вёскі, спаленай нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У адкрыцці мемарыяльнага комплексу прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што год 75-годдзя Вялікай Перамогі стаў годам звароту да памяці аб трагічным лёсе беларускага народа. «Пачынаючы з храма-помніка, дзе напярэдадні 9 мая мы паставілі свечку ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны, працягваем ісці дарогай смутку па слядах жорсткіх злачынстваў нацызму», — цытуе Кіраўніка дзяржавы афіцыйны сайт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Тут, у вёсцы Ала, якая стала апошнім прытулкам для жыхароў навакольных паселішчаў, было спалена амаль дзве тысячы чалавек, больш за палова якіх — дзеці. Гэта дванаццаць Хатыняў!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што боль у нашых сэрцах дагэтуль не сціхае, але горкая праўда ў тым, што чым далей ад страшных падзей вайны, тым больш зацягваюцца душэўныя раны і ўціхамірваюцца эмоцыі. «Чалавечая памяць такая, што яна паступова пачынае забываць. І такія помнікі — гэта помнікі-напамінкі нашым дзецям, унукам і ўсім, хто прыйдзе пасля нас», — сказаў ён.

«Калі я ўступіў на першыя метры гэтай вуліцы, вуліцы загінуўшай вёскі, тыя, хто сустракаў мяне дзякавалі за дапамогу ў будаўніцтве гэтага вялікага помніка. Не мая гэта заслуга. Я як Прэзідэнт павінен быў дакрануцца да гэтага помніка. Гэта вы — гамяльчане, жыхары Светлагорска, вёсак і сёл — стварылі сваімі рукамі гэты помнік», — падкрэсліў беларускі лідар.

«І калі нехта ў свеце стараецца сёння забыць страшныя старонкі Другой сусветнай вайны, спрабуе памяняць акцэнты ў пытаннях адказнасці краін, Беларусь захавае сапраўдную гісторыю ў камені — заявіў Прэзідэнт. — Няхай ідуць і глядзяць, і хай шануюць гэты святы народ, які часам змагаўся і ваяваў не ў сваёй вайне. Але заўсёды змагаўся за гонар і справядлівасць. Мы гэта зрабілі дзеля нашай будучыні. Дзеля таго, каб нашы дзеці, унукі, кожнае новае пакаленне разумелі сапраўдны сэнс свабоды і незалежнасці, шанавалі жыццё і бераглі мір на зямлі» — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўсклаў вянок да цэнтральнага манумента мемарыяла і букет кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і мірных жыхароў, спаленых у вёсцы Ала. Была аб'яўлена хвіліна маўчання.

Сумесна з архіепіскапам Гомельскім і Жлобінскім Сцяфанам Кіраўнік дзяржавы наведаў капліцу ў гонар свяціцеля Васілія Вялікага, дзе Аляксандр Рыгоравіч і ўладыка Сцяфан запалілі свечкі ў памяць аб нявінна забітых людзях. Адбыўся абмен памятнымі падарункамі. Архіепіскап Сцяфан паднёс у дар Прэзідэнту Беларусі абраз «Уваскрасенне Хрыстова». Аляксандр Лукашэнка ўручыў архіпастыру абраз Божай Маці.

Даведка:

Раніцай 14 студзеня 1944 года нямецкі карны атрад разам з вайсковай часткай, якая налічвала каля 1000 салдат, акружыў вёску Ала. Людзей заганялі ў хаты, якія затым падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў, кідалі ў агонь жывымі. Было расстраляна і спалена 1758 мірных жыхароў, з іх 100 мужчын, 508 жанчын, 950 дзяцей.

Church.by