Архіепіскап Магілёўскі Сафроній прыняў удзел у канферэнцыі «Духоўна-этычныя праблемы медыцыны»
18 сакавіка 2020Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній прыняў удзел у абласной медыцынскай канферэнцыі «Духоўна-этычныя праблемы медыцыны», якая праходзіла ў Магілёўскім Доме друку.
Мерапрыемства, арганізаванае Магілёўскім абласным упраўленнем аховы здароўя і Магілёўскім епархіяльным духоўна-асветніцкім цэнтрам у гонар свяціцеля Георгія (Каніскага), было прысвечана 75-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і праходзіла з мэтай азнаямлення маладых спецыялістаў у галіне аховы здароўя з гісторыяй, традыцыямі і духоўна-маральнымі асновамі айчыннай медыцыны.
Пасля саборнай малітвы канферэнцыю адкрыла першы намеснік начальніка галоўнага абласнога ўпраўлення аховы здароўя Ірына Пятроўна Ляховіч, якая вітала ўдзельнікаў форуму ад Магілёўскага выканаўчага камітэта.
Затым з дакладам «Урач, прафесар, свяшчэннік — Лука Война-Ясянецкі» выступіў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Яго Высокапраасвяшчэнства на прыкладзе жыцця і служэння свяціцеля Лукі Крымскага распавёў прысутным аб духоўнай аснове ўрачэбнай дзейнасці.
Працягам слоў уладыкі Сафронія стаў даклад «Хвароба і лячэнне: духоўны і свецкі аспект праблемы», які падрыхтаваў дырэктар Духоўна-асветніцкага цэнтра ў гонар свяціцеля Георгія (Каніскага) Сяргей Эдуардавіч Сомаў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова.
Выкладчыца Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Антаніна Ігараўна Антоненка распавяла пра «Няскораных» — групу урачоў-падпольшчыкаў, якія дзейнічалі ў Магілёве падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Ветэран медыцынскай службы, шматгадовы дэпутат гарадскога савета Мікалай Фёдаравіч Жыгуноў расказаў пра вядомага ўрача і грамадскага дзеяча Аляксандра Міхайлавіча Мяжэннага, які працаваў у Магілёве.
Валерый Фёдаравіч Андарала, урач траўматолаг-артапед дзіцячай абласной бальніцы, выступіў з дакладам «Артапедыя душы Генрыха Іванавіча Турнера» аб знакамітым гуманісце доктары Турнеры, які паклаў пачатак Расійскай артапедыі і праводзіў лячэнне дзяцей-інвалідаў у спалучэнні з выхаваннем, адукацыяй і навучаннем іх прафесіі.
Яўгенія Вітальеўна Маслянкова, выкладчык установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж» , сваё выступленне і прэзентацыю «Ад стварэння да станаўлення найстарэйшай медыцынскай навучальнай установы» прысвяціла 155-годдзю Магілёўскага медыцынскага каледжа.
Лекар з Мінска Ілья Мікалаевіч Жлабовіч на прыкладзе інтэрнэт-суполкі «Роднік», галоўным рэдактарам якой ён з'яўляецца, распавёў аб выкарыстанні сучасных сродкаў камунікацыі, інтэрактыўных рэсурсаў у фарміраванні духоўна-этычных установак медыцынскіх работнікаў і пацыентаў.
Іван Мікалаевіч Пузанаў, псіхолаг УАЗ «Віцебскі абласны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі», намеснік дырэктара дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», распавёў пра спосабы пераадолення і прадухілення канфліктных сітуацый у зносінах лекара і пацыента.
З заключным дакладам «Залежнасці і іх ўздзеянне на псіхасаматычныя становішчы» выступіла ўрач-псіхолаг Магілёўскага абласнога наркалагічнага дыспансера Таццяна Аляксандраўна Гайдамовіч.
Таксама напярэдадні, 11 сакавіка, у рамках працы канферэнцыі прайшло пасяджэнне кінаклуба «Залаты Віцязь», у якім прынялі ўдзел навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа і прадстаўнікі Духоўна-асветніцкага цэнтра ў гонар свяціцеля Георгія Каніскага.