Царкоўна-гістарычнаму музею Слуцка-Салігорскай епархіі — 5 гадоў

25 верасня 2020

top.jpg

21 верасня 2020 года царкоўна-гістарычнаму музею Слуцка-Салігорскай епархіі споўнілася 5 гадоў.

Музей быў утвораны рашэннем Епархіяльнага рады ад 7 верасня 2015 года на базе духоўна-адукацыйнага цэнтра Пакроўскага прыхода вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна. Загадчыкам музея Епархіяльная рада прызначыла сакратара Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэя Мікалая Лабынько.

Адкрыццё музея ўзначаліў 21 верасня 2015 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Павел.

У асноўным правядзеннем экскурсій займаецца клірык Пакроўскага прыхода дыякан Яўген Ткачоў — гісторык па адукацыі, захавальнік фондаў музея.

— На самай справе нашы экскурсіі рэдка зводзяцца да наведвання епархіяльнага музея: гэта і займальнае падарожжа ў гісторыю роднага краю, знаёмства з помнікам драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя — Пакроўскай царквой, храмам-помнікам у гонар подзвігу навамучанікаў Слуцка-Салігорскай епархіі, Богаяўленскай капліцай-купеллю, працай нядзельнай школы, дзейнасцю духоўна-адукацыйнага цэнтра — тлумачыць айцец Яўген.

Геаграфія наведвальнікаў музея досыць шырокая. Гэта жыхары Салігорска і раёна, госці, паломнікі, навучэнцы мясцовых навучальных устаноў і не толькі. У 2015 годзе музей, у прыватнасці, наведалі мітрапаліт Лімасольскі Афанасій (Кіпрская Праваслаўная Царква), удзельнікі абласнога форуму маладых сем'яў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.

У 2016 годзе прайшлі сустрэчы з салігарчанкай Ірынай Макейчык, уладальніцай залатога медаля Кубка свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках, і яе камандай, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны Салігорскага раёна на чале са старшынёй раённай арганізацыі Галінай Пятрашка, прадстаўнікамі ўсіх салігорскіх школ, якія сабраліся на круглы стол «Праваслаўная Царква і хрысціянскія сямейныя каштоўнасці». У рамках візіту ў Слуцка-Салігорскую епархію музей наведаў архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Іакаў (Польская Праваслаўная Царква). З экспазіцыяй азнаёміліся ўдзельнікі злёту моладзевых брацтваў епархіі, прадстаўнікі рэабілітацыйнага цэнтра «Анастасіс», кіраўніцтва раёна, які прыняў удзел у святкаванні 450-годдзя вёскі Чыжэвічы, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, дырэктары салігорскіх школ, кіраўнікі музеяў Салігоршчыны.

У 2017 годзе ў музеі пабывалі выкладчыкі і навучэнцы БДПУ імя М. Танка. У рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання адбылася прэзентацыя старадрукаванай літаратуры з фонду музея. Таксама з экспазіцыяй азнаёміліся прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, акадэмічны інклюзіўны дзіцячы хор «Радасць душы» пад кіраваннем Алены Маславай, дырэктар Міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума ў СНД і ЕС Галіна Лебедзева, рэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сітнікава, прадстаўнікі МТЗ. 6 кастрычніка 2017 года ў царкоўна-гістарычным музеі адкрыліся пастаянная экспазіцыя, прысвечаная подзвігу свяшчэннамучаніка Іаана Панкратовіча, і фотавыстава іераманаха Іаана (Міхайлава).

2018 год адзначыўся сустрэчамі з прафесарам Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва Майданам Кусаінавым, вядомым расейскім місіянерам протаіерэем Алегам Сцяняевым, дэканам місіянерскага факультэта Расійскага праваслаўнага ўніверсітэта Андрэем Саладковым.

У 2019 годзе ў музеі пабываў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі. Наведалі Пакроўскі храмавы комплекс з музеем таксама ўдзельнікі выязнога пасяджэння калегіі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама. Яркай падзеяй на тэрыторыі комплексу стаў першы злёт матушак Слуцка-Салігорскай епархіі.

У 2020 годзе сустрэчы ў музеі праходзяць у больш сціслым фармаце. Некаторы час у сувязі з каронавіруснай інфекцыяй яны былі наогул адменены, але і ў гэты час музей працягвае працу. Адбыліся змены ў інтэр'еры залы, намаганнямі неабыякавых людзей набываюцца вітрыны, неабходныя для захаванасці экспанатаў, дапоўнілася экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).

За 5 гадоў у музеі прайшлі 195 экскурсій.

У музеі рады новым гасцям. Запісацца на экскурсію можна, узгадніўшы прыбыццё з загадчыкам — протаіерэем Мікалаем Лабынько або з экскурсаводам — дыяканам Яўгенам Ткачовым. Даведкі па тэлефоне 80174310801.

Слуцкая епархія / Church.by