Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій прыняў удзел у адкрыцці выставы «Блажэнная Валянціна — духоўная заступніца зямлі Беларускай»
06 мая 20215 мая ў Полацкім гарадскім Палацы культуры адбылося адкрыццё выставы «Блажэнная Валянціна — духоўная заступніца зямлі Беларускай», прысвечанай святой блажэннай Валянціне Мінскай.
Сярод ганаровых гасцей на адкрыцці экспазіцыі прысутнічалі: епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, старшыня Наваполацкага Савета дэпутатаў Алег Буевіч і галоўны ўрач ДУАЗ «Полацкая цэнтральная гарадская бальніца» Аляксандр Стома.
Яго Праасвяшчэнства суправаджалі: асабісты сакратар правячага архіерэя дыякан Уладзімір Джэжора, сакратар Полацкай епархіі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі, благачынны Полацкай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Шаховіч і кіраўнік аддзела па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства Іна Шаховіч.
Перад цырымоніяй разразання чырвонай стужачкі кіраўнік епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іерэй Аляксандр Козел звярнуўся да ўсіх прысутных гасцей з уступным словам. Айцец Аляксандр павіншаваў усіх са святам Хрыстовага Уваскрасення і адзначыў, што нягледзячы на смутак, або спакусы чалавек павінен радавацца і дзякаваць Госпаду. Прыкладам з'яўляецца святая блажэнная Валянціна Мінская — першая ў гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы падзвіжніца, прылічаная да ліку святых у чыне блажэнных. Будучы прыкаванай невылечнай хваробай да ложка, больш за трыццаць гадоў, яна не толькі пакорліва несла крыж сваёй хваробы, але і дапамагала блізкім, узносячы за іх малітвы Госпаду, суцяшаючы і падбадзёрваючы добрым словам. Сёння імя і цуды ацаленняў святой Валянціны Мінскай вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Выставу прадставіў прыхаджанін Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора і арганізатар экспазіцыі Уладзімір Чурбакоў.
Па заканчэнні епіскап Ігнацій і духавенства, якое яго суправаджала, праспявалі велічанне святой блажэннай Валянціне Мінскай.
За час свайго існавання экспазіцыя пабывала ў 22-х гарадах краіны. На выставе прадстаўлены 35 карцін, напісаных мастакамі з Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы ў перыяд правядзення III Міжнароднага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», а таксама 80 фатаграфій, якія захавалі зямное жыціе святой Валянціны Мінскай і гісторыю народнага шанавання.
Выстава працягнецца да 24 мая.