Епіскап Полацкі Ігнацій узначаліў перанясенне мошчаў свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава з Дзісны ў Полацк

05 мая 2020

top.jpg

27 красавіка, у панядзелак 2-й сядміцы пасля Вялікадня, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій узначаліў Бажэственную літургію ў прыходзе храма Уваскрасення Хрыстова горада Дзісны.

Архіпастыру саслужылі: сакратар Полацкай епархіі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі і клірыкі Полацкай епархіі.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор прыхода храма святога Архангела Міхаіла горада Наваполацка пад кіраўніцтвам Жанны Тарасевіч.

У храме малілася ігумення Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігумення Еўдакія з паслушніцамі.

Пропаведзь пасля закрычаснаг верша прамовіў кіраўнік аддзела Полацкай епархіі па кананізацыі святых протаіерэй Мікалай Войтаў:

— Дарагія браты і сёстры! Сёння мы з вамі з'яўляемся сведкамі вельмі важнай падзеі для ўсёй Полацкай епархіі: перанясення святых мошчаў свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, з невялікага, але вельмі прыгожага горада Дзісна ў самы старажытны горад Беларусі — Полацк. Давайце, родныя мае, паразважаем над значнасцю таго, што адбываецца. У гэтым годзе мы ўспамінаем дзве памятныя даты: 145-годдзе з дня нараджэння Канстанціна Жданава (22 сакавіка 1875 года) , і 120-годдзе рукапалажэння 25-гадовага дыякана ў свяшчэннікі, якое адбылося 30 красавіка 1900 года ў Ковенскім Петра-Паўлаўскім саборы. Прызначаны епіскапам Міхаілам Ковенскім (Ермаковым), вікарыем Літоўскай епархіі, на месца памерлага бацькі іерэй Канстанцін стаў настаяцелем Свята-Успенскага храма ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына, гэта значыць на малой радзіме. Пастырскае служэнне айца Канстанціна праходзіла ў самыя складаныя, пераломныя гады: Першая сусветная вайна, рэвалюцыя 1917 года, усталяванне савецкай улады. Памерлі яго бацькі, а праз два гады пасля нараджэння сына Рыгора - жонка. У той момант святару было ўсяго 29 гадоў. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, ён працягваў служыць, заклікаў вернікаў ва ўсім спадзявацца на волю Божую, адкрываў прытулкі для дзяцей-сірот, дапамагаў тым, хто апынуўся ў бядзе, выкладаў у народных вучылішчах. У красавіку 1919 года маладога бацюшку арыштавалі. Баючыся таго, што вернікі стануць на яго абарону, бальшавікі накіравалі яго ў Дзісну, дзе ён і прыняў пакутніцкі подзвіг. Іншы святар, таксама арыштаваны разам з іерэем Канстанцінам, прапанаваў збегчы. На што свяшчэннамучанік Канстанцін адказаў: «я нікому нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог пашле, тое і буду цярпець». Канваіры прымусілі яго выкапаць сабе магілу, пасля чаго кінулі туды жывым. Айцец Канстанцін прасіў іх не здзяйсняць грэх забойства. Аднак у адказ на ўгаворы яго сталі біць лапатай: перабілі галёнкі, адсеклі левую ступню... потым забойцы спыталі святара, ці мае ён апошняе жаданне перад смерцю. Айцец Канстанцін сказаў, што хацеў бы памаліцца. Яму дазволілі, пасля чаго аглушылі ўдарам па галаве і закідалі зямлёй.

Многія гады шаркаўчане хадайнічалі аб кананізацыі свайго пастыра, лагоднага і пакорлівага святара, пачэсныя астанкі якога ўвесь гэты час знаходзіліся ў Дзісне, захоўваючы памяць аб высокім падзвіжніцкім жыцці і яго мучаніцкай смерці.

Промыслам Божым іерэй Канстанцін стаў першым навамучанікам XX стагоддзя, кананізаваным у Полацкай епархіі. З гэтага часу пачэсныя мошчы свяшчэннамучаніка Канстанціна будуць знаходзіцца ў Богаяўленскім кафедральным саборы горада Полацка. Гэтая важная і хвалюючая падзея для палачан напоўнена радасцю, а для жыхароў Дзісны трошкі авеяна сумам. Але не варта сумаваць, трэба верыць і маліцца, каб вобраз бацюшкі, які з'яўляецца светачам веры і пакорлівасці, гарэў у нашых сэрцах пяшчотным агеньчыкам незгасальнай лампады, накіроўваючы на шлях ісціны, праўды і любові. Адзін з трох Усяленскіх свяціцеляў і вучыцеляў, Іаан Залатавуст, казаў, што Бог для таго і пакідае нам целы святых, каб даць надзейнае прыстанішча і абарону супраць зла, якое адусюль акружае нас. Таму і заклікаў свяціцель усіх у журбе, хваробе, другім якім няшчасці або ў глыбіні грахоўнай з вераю прыходзіць да іх.

Традыцыя шанавання святых мошчаў зарадзілася даўно. У аснове яе — вера хрысціян у тое, што цела чалавека, пасля таго як пакіне яго душа, захоўвае сваю святасць. Пра гэта ведалі яшчэ людзі, якія жылі да Нараджэння Хрыстовага, Пра што сведчыць старазапаветная кніга Царстваў. Яна апавядае пра тое, як памерлы чалавек уваскрос ад дотыку да мошчаў прарока Елісея (4 Цар. 13:21). У новазапаветны час хрысціяне пераканаліся на ўласным вопыце, што Дух Святы можа дзейнічаць нават праз рэчы, якія належалі святым людзям. Напрыклад, кніга Дзеянняў апосталаў распавядае пра цуд духоўнага і цялеснага ацалення: на хворых ускладвалі хусты і паясы апостала Паўла, у іх пакідалі хваробы, і з іх выходзілі злыя духі (Дзеян. 19:12). Уся гісторыя Царквы перапоўнена сведчаннямі благадатных дзеянняў Святога Духа праз часта нятленныя мошчы ўгоднікаў Божых. Нятленне святых мошчаў — не толькі выкананне старазапаветнага прароцтва «Не дасі святому Твайму ўбачыць тленне» (Пс. 15:10), але і напамін пра будучае ўсеагульнае ўваскрасенне мёртвых і вечнае жыццё. Старажытныя хрысціяне з небяспекай для свайго жыцця збіралі астанкі святых мучанікаў і з глыбокай пашанай іх захоўвалі. Пазней гэтыя мошчы закладвалі ў падмурак цэркваў. І ў нашы дні ў кожным праваслаўным храме Бажэственнай літургія здзяйсняецца на мошчах святых. На прастоле ў алтары захоўваецца антымінс, на які падчас Бажэственнай літургіі святар ставіць сасуды для прычасця.

Антымінс — чатырохкутная хуста з шаўковай або льняной матэрыі з ушытай ў яе часцінкай мошчаў праваслаўнага ўгодніка. Без антымінса святар не мае права служыць літургію, здзяйсняць Таінства Прычасця. Поўнае глыбокай пашаны шанаванне мошчаў з'яўляецца падставай для нашых малітваў да святых, якія заўсёды могуць папрасіць Бога выканання нашых просьбаў. Айцы Сёмага Усяленскага сабора называлі святыя мошчы выратавальнымі крыніцамі, якія струменяць благадаць на нямоглых. Мы, часта кажучы пра мошчы, ставімся да іх у першую чаргу як да прадмета для пакланення і забываемся, што гэта — цела святога, малітва якога да Бога хутчэй за нашу. Мы павінны пакланяцца мошчам як іконе, як вобразу святога. Калі мы гаворым з простым чалавекам, то можам паціснуць яму руку, абняць у сяброўскай гутарцы. Але гутарым мы не з яго целам, а з самім чалавекам. Тое ж самае і са святым. Мы молімся і цалуем яго мошчы. Каму належаць мошчы святога? У першую чаргу, Госпаду, Які яго стварыў, па-другое, яму самому. Святы, яго мошчы і пасля зямной смерці працягваюць служыць Богу і Маці Царкве. Гісторыя Царквы ведае шмат прыкладаў яўлення святых і іх хуткай дапамогі.

Перанясенне мошчаў можна параўнаць з пераводам святара з адной парафіі на іншую. Бывае, што служыць святар на якой-небудзь малой парафіі. Служыць дбайна, шчыра, сумленна і з любоўю да Бога. І парафіяне з гадамі прывязваюцца да свайго пастыра, любяць і цэняць яго.

Але епіскап разважае інакш. «Не можа схавацца горад, які стаіць на гары. І, запалíўшы свечку, не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку, і свеціць усім, хто ў доме» (Мф. 5:14-15). Ён бачыць, што святар сваёй евангельскай любоўю можа сагрэць большую колькасць людзей. І выдае указ аб пераводзе на іншы прыход. Цяжка вернікам адпускаць любімага пастыра. Цяжка святару расставацца са сваёй паствай. Але ўсе разумеюць: так трэба, так лепш для Маці-Царквы. Але цеплыня духоўнай сувязі не забываецца: і святар будзе памятаць пра сваіх былых прыхаджан, успамінаць у малітвах. Вось і цяпер суцешцеся, дзісненцы, бацюшка Канстанцін вас не пакіне, узрадуйцеся разам з палачанамі і праслаўляйце Бога, Які даў нам вялікага малітвенніка. Маліцеся і пераймайце святасць жыцця свяшчэннамучаніка Канстанціна. Прападобны Яфрэм Сірын казаў, што і пасля смерці дзейнічаюць святыя, як жывыя: ацаляюць хворых, выганяюць бесаў і сілай Госпада адбіваюць усякі нячысты ўплыў іх мучыцельскага валадарства. Бо святым мошчам ўласцівая цудадзейная благадаць Святога Духа. Святыя мошчы ўгоднікаў Божых з часоў заснавання Царквы Хрыстовай з'яўляюцца неацэнным дарам для ўмацавання нашай веры, імкнення жыць паводле Божых запаведзяў, здзяйсняць справы міласэрнасці.

Нельга ставіць святога наперадзе Госпада. Часам людзі звяртаюцца з просьбай аб цудзе да мошчаў святога, а не да Бога. Аднак менавіта Бог з'яўляецца крыніцай святла, любові і дабра, а святыя, падобна нябачным ніцям, паказваюць нам шлях да Яго.

Па заканчэнні богаслужэння ўладыка Ігнацій і саслужачыя яму святары здзейснілі слаўленне свяшчэннамучаніку Канстанціну, прасвітару Шаркаўшчынскаму.

Далей адбыўся хрэсны ход вакол храма з мошчамі новамучаніка.

Усім прысутным Праасвяшчэнны ўладыка ўручыў абразкі з выявай свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава.

Епіскап Полацкі і Глыбоцкі падзякаваў духавенству і прыхаджанам за агульную малітву і звярнуўся да прысутных:

— Хрыстос уваскрэс! Сёння — знамянальная падзея ў нашай епархіі. Мы праслаўляем свяшчэннамучаніка Канстанціна, які праславіўся подзвігам вызнання сваёй веры. Ён не збаяўся і прыняў мучаніцкую смерць, застаўся нашым хадайнікам на ўсе вякі. І сёння мы жадаем яшчэ большага праслаўлення гэтаму святому. У Бога ён праслаўлены самай вялікай славай. Перанясенне мошчаў неабходна для таго, каб мы з вамі звярталіся да яго па дапамогу і атрымлівалі яе ў малітве. У Богаяўленскім кафедральным саборы здзяйсняецца штодня малітва. І з гэтага дня мы будзем штодня маліцца перад мошчамі мучаніка Канстанціна, ніяк не прымяншаючы месца яго зямнога знаходжання. У Шаркаўшчыне, дзе ён пабудаваў храм, сваімі рукамі ўкладваў плітку, зрабіў ганак і правёў свае гады пастырства, застаецца часцінка мошчаў. Часцінка мошчаў застаецца і ў прыходзе храма Уваскрасення Хрыстовага горада Дзісны, дзе ён знаходзіўся, сядзеў у турме, зведаў мучаніцкія пакуты і быў пахаваны. Усюды, дзе пабываў святы Канстанцін, ён нябачна прысутнічае. І хацелася б, дарагія браты і сёстры, каб мы ўсе бачылі ў перанясенні мошчаў наша агульнае яднанне ў малітве і наша ўслаўленне імя святога. І для таго, каб ён нам дапамагаў, трэба здзяйсняць штодзённую малітву. Хай наша Велікодная радасць жыве з намі заўсёды.

Праз некаторы час святыя мошчы свяшчэннамучаніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага, прыбылі ў горад Полацк.

Мноства прыхаджан прыйшло пакланіцца святому падзвіжніку.

Здзейсніўшы хрэсны ход вакол Богаяўленскага кафедральнага сабора, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій узначаліў малебен святому.

Яго Праасвяшчэнству саслужылі: сакратар Полацкай епархіі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі і клірыкі Полацкай епархіі.

Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам матушкі Марыі Скабей.

Па заканчэнні богасулжэння ўладыка Ігнацій сказаў:

— Хрыстос уваскрэс! Вітаю ўсіх вас, дарагія айцы, браты і сёстры, з гэтай найвялікшай падзеяй у горадзе Полацку — перанясеннем мошчаў свяшчэннамучаніка айца Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага. Ён здзейсніў неймаверны подзвіг па мерках чалавечага розуму. Гэты чалавек — наш зямляк, будучы святаром, не збаяўся вызнаваць Хрыста і ў цяжкую хвіліну не адмовіўся ад мучаніцкага вянца.

Святыя не маюць патрэбы ў нашым праслаўленні. Гэта мы маем патрэбу ў праслаўленні святых. 11 сакавіка 2020 года на Свяшчэнным Сінодзе пастанавілі ўключыць у Сабор навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай свяшчэннамучаніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага. Хочацца, каб як мага больш людзей праніклася подзвігам гэтага святога, бо ён жыў не далёка, а побач з намі. Для гэтага мы павінны з вамі здзяйсняць як мага часцей малітву святому. У Полацкай епархіі Багаяўленскі храм — адзіны, дзе штодня здзяйсняецца малітва. І на Епархіяльнай радзе было прынята рашэнне перанесці мошчы з горада Дзісны ў Полацк. Узровень шанавання і яго подзвіг немагчыма аддаць забыццю. Мошчы святога Канстанціна цяпер набываюць яшчэ большую магчымасць аказваць добры ўплыў на пераўтварэнне многіх людзей. На перанясенне мошчаў благаславіў Высокапраасвяшчэннейшы мітрапаліт Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Пра гэта таксама адбылася размова з уладыкам Філарэтам. Мы здзяйсняем пакланенне святому для таго, каб праслаўляць яго імя. І чым больш мы уславім яго, тым больш ён дапаможа нам. Усім вам, дарагія айцы, браты і сёстры, я жадаю дапамогі ад гэтага вялікага заступніка і хадайніка нашай зямлі. Хрыстос уваскрэс!

Кожны прысутны атрымаў з рук уладыкі Ігнація абразок свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава.

Полацкая епархія / Church.by