Клірык Гомельскай епархіі прыняў удзел у акцыі ўшанавання памяці «вогненнай вёски» Ала

04 мая 2020

top.jpg

30 красавіка Светлагорск наведалі ўдзельнікі 13-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, — навучэнцы 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 189 горада Мінска» Ян Стрыга і Антон Гурневіч, якія выконваюць даследчую працу «Ала — лёс, які застыў у агні».

У суправаджэнні настаўніка гісторыі Аляксандра Гарленкі і кіраўніка праекта — намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Жанны Канапацкай хлопцы наведалі храм святой велікамучаніцы Варвары аграгарадка Баравікі, дзе сустрэліся за круглым сталом з настаяцелем храма архімандрытам Аляксіем (Жалянком).

Затым даследчая група адправілася на месца спаленай нацыстамі вёскі Ала, дзе ў цяперашні час вядзецца будаўніцтва мемарыяльнага комплексу. Сюды ж на сустрэчу быў запрошаны адзін з аўтараў памятных скульптур, прысвечаных Але — Аляксандр Камардзін. Старшакласнікі даведаліся пра гісторыю стварэння мемарыяла, аб рабоце пошукавай групы, аб рэспубліканскім пленэры скульптараў, якія прысвяцілі свае працы трагедыі ў Але.

Экс-дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Галіна Філіповіч і генеральны дырэктар ТАА «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Міхаіл Ганчароў распавялі аб ходзе будаўніцтва мемарыяла.

— З Божай дапамогай магчыма ўсё, — сказаў членам даследчай групы архімандрыт Аляксій (Жэлянок). — Некалькі гадоў таму невялікая група энтузіястаў толькі марыла аб стварэнні мемарыяла на месцы гібелі амаль дзвюх тысяч людзей. Сёння мы бачым вынік выканання волі Божай, ідэю, якая ўвасобілася стараннямі многіх сотняў людзей. Гэта супрацоўніцтва чалавека з Богам натхняе і сцвярджае ў ісціне.

Гомельская епархія / Church.by