Унікальныя званы дастаўлены ў Крыжаўздзвіжанскі прыход сталіцы

19 снежня 2018

top.jpg

У прыходзе храма ў гонар Уздзвіжання  Крыжа Гасподняга ў горадзе Мінску адбылася знамянальная падзея — асвячэнне і пачатак усталявання на званіцу новых званоў, перададзеных у якасці ахвяры ад СП ТАА «Неанафта».

Як распавёў настаяцель прыхода іерэй Алег Кунцэвіч, пры аналізе прапаноў па вырабу выбар заказчыка быў спынены на «Маскоўскай» лінейцы званоў, якая вырабляецца звонавым заводам «ЛИТЭКС» і мае ў аснове старадаўнія рускія профілі XIX стагоддзя. Званы гэтай лінейкі адрозніваюцца ярка выяўленым гарманічным гучаннем і па сваёй пабудове адпавядаюць класічным рускім званам сусветна вядомых звонавых дынастый Фінляндскіх (Масква) і Алавянішнікавых (Яраслаўль). У набор увайшлі 12 званоў вагой 2000 кг, 820 кг, 450 кг, 250 кг, 140 кг, 80 кг, 56 кг, 28 кг, 18 кг, 12 кг, 8 кг і 4 кг, агульнай вагой 3866 кг.

Трэба сказаць, што звычайна звон адліваецца ў стандартным мастацкім афармленні: 4 іконы, малітоўны надпіс на верхнім поясе і інфармацыйны надпіс на ніжнім поясе звана. Адметнай асаблівасцю званоў, ахвяраваных для Крыжаўздзвіжанскай парафіі беларускай сталіцы, з'яўляецца тое, што ўпершыню ў гісторыі ў арнаментальным поясе ўсіх званоў выкарыстоўвалася беларуская нацыянальная сімволіка.

На самым вялікім звоне (2000 кг) размяшчаецца верхні надпіс: «УТВЕРДИ, БОЖЕ, СВЯТУЮ ПРАВОСЛАВНУЮ ВѢРУ ВЪ ЗЕМЛЯХЪ БѢЛОЙ РУСИ ВО ВѢКИ ВѢКОВЪ! АМИНЬ» Надпіс мае раздзяляльнік (па цэнтры) — геральдычны сімвал Беларускай Праваслаўнай Царквы. Акрамя таго, на звоне адлітыя вобразы цудатворных ікон Прасвятой Багародзіцы, якія маюць глыбокую духоўную сувязь з гісторыяй Беларусі: 1. Баркалабаўскай; 2. Бялыніцкай; 3. Жыровіцкай; 4. Каложскай; 5. Крупецкай; 6. Купяціцкай; 7. Мінскай; 8. Аршанскай; 9. Вастрабрамскай; 10. Ракавіцкай; 11. Чанстахоўскай.

Вядома, гэта не поўны спіс цудатворных абразоў Божай Маці, гістарычна вядомых у землях Беларусі, але асноўныя з іх удалося ўвасобіць на самым вялікім звоне набору.

Інфармацыйны надпіс у ніжняй частцы гэтага звана абвяшчае «ПОМЯНИ ГОСПОДИ, ВЪ ВѢЧНОМЪ ТВОЕМЪ ЦАРСТВІИ, РАБОВЪ ТВОИХЪ, КТИТОРОВЪ, ЖЕРТВОВАТЕЛЕЙ И ПОПЕЧИТЕЛЕЙ СТРОИТЕЛЬСТВА ХРАМА СЕГО, ВОЗДВИЖЕНІЯ КРЕСТА ГОСПОДНЯ ВЪ Г. МИНСКѢ», з указаннем імёнаў ахвярадаўцаў пры будаўніцтве храма. Варта адзначыць, што сумарна на ўсіх званах было адліта 247 імёнаў самых актыўных удзельнікаў будаўніцтва храма. Яны былі аформлены ў выглядзе дэкору, і такі маштабны падыход да ўшанавання памяці дабрачынцаў таксама выкарыстоўваўся ўпершыню.

На званах пачынаючы з вагі 820 кг і ў парадку паніжэння да 140 кг былі адліты 28 абразоў Беларускіх святых, распрацаваных спецыяльна для гэтага праекта.

На звоне вагой 820 кг маецца верхні надпіс: «БЛАГОВѢСТВУЙ ЗЕМЛЯ БѢЛОЙ РУСИ РАДОСТЬ ВЕЛИКУЮ О ХРИСТѢ СПАСИТЕЛѢ!» Па цэнтры гэты надпіс, таксама як і на 2000-кілаграмовым звоне, мае падзяляльны геральдычны знак БПЦ, а па дыяметру адліты вобразы: 1. Свяціцеля Кірыла Тураўскага; 2. свяціцеля Лаўрэнція Тураўскага; 3. свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага; 4. свяціцеля Дыянісія, епіскапа Полацкага; 5. свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага; 6. свяшчэннамучаніка Паўліна, архіепіскапа Магілёўскага; 7. свяшчэннамучаніка Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага; 8. мучанікаў Віленскіх — Антонія, Іаана і Яўстафія; 9. прападобнай Еўфрасінні Полацкай; 10. праведнай Сафіі Слуцкай.

Інфармацыйная надпіс у ніжняй частцы звана: «ПОМЯНИ, ГОСПОДИ, ВСѢХЪ БЛАГОТВОРИТЕЛЕЙ, НАРОДЪ ЗЕМЛИ БѢЛОРУССКОЙ И БЛАГОДѢТЕЛЕЙ ХРАМА СЕГО», з працягам пералічэння імёнаў.

На звоне ў 450 кг верхні надпіс абвяшчае: «ГОСПОДИ, СОХРАНИ МИРЪ И СПОКОЙСТВІЕ НА ЗЕМЛѢ НАШЕЙ! АМИНЬ». Надпіс мае раздзяляльнік (па цэнтру) - эмблему БПЦ і іконы: 1. мучаніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага; 2. прападобнай Харыціны, князёўны Літоўскай; 3. прападобнага Генадзія Магілёўскага; 4. прападобнага Елісея Лаўрышаўскага; 5. прападобнага Марціна Тураўскага пустэльніка; 6. прападобнага Фёдара, князя Астрожскага; 7. прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага; 8. свяшчэннамучаніка архідыякана Нікіфара.

Інфармацыйны надпіс у ніжняй частцы звана: «ПОМЯНИ, ГОСПОДИ, БЛАГОТВОРИТЕЛЕЙ ХРАМА СЕГО», з працягам пералічэння імёнаў.

На звоне 250 кг змешчаны абразы Беларускіх святых: 1. дабравернай княгіні Яўпраксіі Пскоўскай; 2. дабравернага князя Барыса Тураўскага; 3. праведнай дзевы Юліяніі, князёўны Альшанскай; 4. дабравернага Расціслава, вялікага князя Кіеўскага і Смаленскага; 5. прападобнамучаніка Макарыя, ігумена Пінскана; 6. свяціцеля Гаўрыіла, епіскапа Разанскага.

На звоне ў 140 кг выкананы абразы: 1. прападобнай Манефы Гомельскай; 2. прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага; 3. блажэннай Валянціны Мінскай; 4. праведнага Іаана Кармянскага.

Інфармацыйны надпіс у ніжняй частцы гэтага звана: «СПАСИ, ГОСПОДИ, И ПОМИЛУЙ РАБОВЪ ТВОИХЪ», з працягам спісу ахвярадаўцаў.

Характэрна, што кожны іканаграфічны вобраз у індывідуальным парадку вырабляўся ўручную, адмыслова сфарміраванай групай маскоўскіх скульптараў, у рамках заказу званоў для Крыжаўздзвіжанскага прыхода Мінска. Усяго было выраблена больш за 40 іканаграфічных абразоў Божай Маці і святых, шануемых у Беларусі, а таксама геральдычных знакаў. Гэта дае зараз магчымасць усім жадаючым без дадатковых выдаткаў заказваць званы з вобразамі Беларускіх святых на заводзе «ЛІТЭКС».

Выраб такіх званоў быў звязаны з рашэннем складаных тэхнічных задач і меў незвычайна высокую працаёмкасць для рэалізацыі такога эксклюзіўнага праекта. Вялікая колькасць іканаграфічных вобразаў і выкарыстаных слоў патрабавала скрупулёзнх адносін пры мадэліраванні вобраза. Аднак усе пажаданні былі з энтузіязмам успрыняты дырэктарам завода «ЛІТЭКС» Алегам Вячаслававічам Грыцаенкам, які з глыбокім разуменнем паставіўся да духоўнай сутнасці праекта. На думку заказчыка, такі падбор вобразаў сімвалізуе малітоўнае яднанне святых Нябеснай Хрыстовай Царквы, якія прасіялі ў землях Белай Русі за ўсю яе гісторыю, з сучасным народам нашай краіны. Кожны ўдар у гэтыя званы нібы адлюстроўвае духоўны шлях беларускіх зямель, заклікаючы святых узносіць малітвы аб беларускім народзе, пры хадайніцтве Божай Маці, якая даравала нашым продкам столькі сваіх цудатворных абразоў. Такі багаслоўскі падыход да стварэння званоў прымяняўся ў Беларусі ўпершыню і, хутчэй за ўсё, больш не сустракаецца нідзе ў свеце. Нягледзячы на складанасці рэалізацыі праекта, ён быў паспяхова ажыццёўлены менш чым за шэсць месяцаў — з ліпеня па снежань 2018 года.

Асвячэнне званоў па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, было здзейснена настаяцелем Пакроўскага храма горада Мінска протаіерэем Віктарам Беляковым і настаяцелем Крыжаўздзвіжанскага храма іерэем Алегам Кунцэвічам. Пад'ёмам званоў кіраваў кіраўнік аддзялення званароў Мінскага духоўнага вучылішча Багдан Бярозкін. Падчас чыну асвячэння малілася больш за 200 чалавек, прыкладна палова з якіх — дзеці. Ушанаваў гэтую ўрачыстасць і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Сарачан. Для святочнага настрою былі пабудаваны невялікія званіцы, і ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў ролі званароў на працягу трох гадзін. Энтузіязм праявілі ўсе, нават самыя маленькія дзеці, якія ў канцы атрымалі па вялікай цукерцы.

Завяршэнне будаўніцтва храмавага комплексу плануецца да 9 мая 2019 года, пасля чаго, ласкай Божай, звон незвычайных званоў будзе рэгулярна раздавацца над наваколлем Мінска.

Church.by

Фотарэпартаж