Мітрапалічы хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора прыняў удзел у XVII Маскоўскім Велікодным фестывалі
27 красавіка 2018Тры сольных канцэрты даў мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска у рамках XVII Маскоўскага Велікоднага фестывалю. Варта адзначыць, што хор стаў адзіным беларускім калектывам, запрошаным на фестываль, і ўсе пеўчыя на чале з рэгентам Віталём Сабалеўскім памяталі, што абараняюць гонар краіны.
Маскоўскі Пасхальны фестываль — самы вядомы праект Фонду Валерыя Гергіева і адно з ключавых падзей культурнага жыцця Расіі. Ён праходзіць па благаславенню Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і пры падтрымцы ўрада Масквы, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Сямнаццаты сезон стаў адным з самых працяглых у гісторыі фестывалю: музычны марафон будзе доўжыцца 32 дні і завершыцца 8 мая.
Адкрыццё харавой праграмы Велікоднага фестывалю адбылося 9 красавіка ў Зале царкоўных сабораў Храма Хрыста Збавіцеля. На музычны форум прыбылі прызнаныя харавыя калектывы з Расіі, Арменіі, Грузіі, Славакіі, Швецыі, Грэцыі, Фінляндыі, Балгарыі.
Мітрапалічы хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора выступіў на Велікодным фестывалі ўпершыню. Дэбют апынуўся для калектыву трыумфальным: гледачы праводзілі хор авацыямі.
Нягледзячы на свой «юны ўзрост» (заснаваны ў 2014 годзе), мітрапалічы хор ужо атрымаў прызнанне за межамі Беларусі. Ён з'яўляецца лаўрэатам I ступені міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі» (Польшча, 2017), лаўрэатам I ступені міжнароднага фестывалю «Каложскі дабравест» (Гродна, 2016, 2018), уладальнікам гран-пры рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва «Ад шчырага сэрца» (Жодзіна, 2017).
У багатым рэпертуары калектыву — класічная духоўная музыка, народныя песні, творы сучасных кампазітараў. А заснавальнік хору, яго мастацкі кіраўнік і рэгент Віталь Сабалеўскі мае не толькі адмысловую музычную, але і вышэйшую багаслоўскую адукацыю.
У межах Велікоднага фестывалю мітрапалічы хор даў канцэрт на тэрыторыі Аляксандраўскай слабады — былой вялікакняскай і царскай рэзідэнцыі, пабудаванай у XVI стагоддзі, а таксама дабрачынны канцэрт у Клімаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Самым маштабным стаў канцэрт у маскоўскім храме свяціцеля Мікалая на Трох гарах.
— Па традыцыі, мы выконвалі як царкоўныя спевы, так і народныя песні, — распавядае Віталь Сабалеўскі і дадае: — Не абышлося і без твораў беларускіх кампазітараў. Часткай праграмы стала легендарная «Малітва» на словы Янкі Купалы з рэпертуару «Песняроў», якую некалі спяваў Уладзімір Мулявін. Гэтую песню ў новай апрацоўцы падарыў нашаму хору сам аўтар — кампазітар Алег Моўчан.
Мастацкі кіраўнік мітрапалічага хору рады не толькі поспеху «каманды» ў цэлым, але і таму, як паказалі сябе асобныя выканаўцы.
— Як заўсёды, ўразілі залу нашы салісты: Уладзіслаў Вітушка, Аліса Лапянок, — дзеліцца ён.
У завяршэнне візіту хор быў запрошаны да ўдзелу ў богаслужэнні ў Храме Хрыста Збавіцеля.
— Упершыню пад скляпеннямі гэтага велічнага саборнага храма прагучалі спевы хору з Беларусі! — падкрэслівае Віталь Сабалеўскі.
З творчасцю мітрапалічага хору Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора можна азнаёміцца на YouTube-канале хору.