Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін здзейсніў Бажэственную літургію ў Свята-Узнясенскім Баркалабаўскім жаночым манастыры ў дзень прастольнага свята абіцелі
10 чэрвеня 202110 чэрвеня 2021 года, у свята Узнясення Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў храме ў гонар Нараджэння святога Іаана Прадцечы Свята-Узнясенскага Баркалабаўскага жаночага манастыра Бабруйскай епархіі і ўзначаліў урачыстасці 380-годдзя заснавання манастыра.
Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў), прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы іераманах Афанасій (Сакалоў), сакратар Бабруйскай епархіі протаіерэй Сергій Каравінскі і духавенства Бабруйскай епархіі.
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.
У храме маліліся настаяцельніца Свята-Узнясенскага Баркалабаўскага манастыра ігумення Ангеліна (Ёрш) з сёстрамі, настаяцельніца жаночага манастыра ў гонар святых Жанчын-міраносіц г. Бабруйска ігумення Параскева (Ельская), настаяцельніца Свята-Увядзенскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігумення Лізавета (Сысун) і насельніцы Спаса-Еўфрасіннеўскага Полацкага манастыра.
Падчас Літургіі былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднай павевы.
Па заканчэнні богаслужэння быў здзейснены малебен з хрэсным ходам, які завяршыўся ўстаўным мнагалеццем.
Вітаючы Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы, епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім выказаў сардэчную падзяку за радасць сумеснай малітвы і зносін у Таінстве Еўхарыстыі. На памяць аб юбілейных урачыстасцях уладыку Веніяміну быў паднесены спіс цудатворнага Баркалабаўскага абраза Божай Маці. У слове ў адказ Патрыяршы Экзарх падкрэсліў значэнне свята Узнясення Гасподняга для кожнага хрысціяніна, а насельніц, якія падвізаюцца ў абіцелі, заклікаў да духоўнага ўзрастання, каб слаўны Баркалабаўскі манастыр і надалей была цвярдыняй Праваслаўя і захавальнікам традыцыйных каштоўнасцяў нашага народа. У благаславенне абіцелі ўладыка Веніямін перадаў ікону Божай Маці «Знойдзенне загінуўшых».
Прастольнае свята манастыра ўшанаваў старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Л. К. Заяц. У сваім слове прывітання ён выказаў удзячнасць Патрыяршаму Экзарху, правячаму архіерэю, ігуменні і сёстрам абіцелі за пастаянныя працы па духоўнай асвеце і маральнаму настаўленню жыхароў Прыдняпроўскага краю.
* * *
Баркалабаўскі Свята-Узнясенскі жаночы манастыр знаходзіцца ў 1,5 км. ад старадаўняга сяла Баркалабава, вядомага з 1564 года. Манастыр размешчаны ў міжрэччы старога рэчышча Дняпра і рэкі Лахвы на пясчанай выспе. Сваё існаванне манастыр пачаў з сярэдзіны XVII стагоддзя. 24 ліпеня 1641 г. беларускі магнат Багдан Вільгельмавіч Сцяткевіч дорыць зямлю для ўладкавання манастыра, а таксама сродкі для пачатку будаўніцтва і існавання манастыра.
На 18-м годзе свайго існавання манастыру была яўлена вялікая Божая міласць — цудадзейны абраз Найсвяцейшай Багародзіцы. Святкаванне іконе здзяйсняецца 24 ліпеня ў дзень святой велікамучаніцы Яўфіміі Усехвальнай і святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі — у гэты дзень абраз прыбыў у манастыр Баркалабаўскі.
Лік манахінь быў вялікім, больш за 100 сясцёр. Але з цягам часу манастыр змізарнеў у ліку манаскіх асоб, асабліва з XVIII стагоддзя. У 1766 годзе ў манастыры былі ігумення і 31 манашка.
У 1924 годзе манастыр закрыла багаборчая ўлада.
Адраджэнне манастыра пачалося з 2008 года, калі з Успенскага жаночага манастыра г. Оршы прыбылі схіігумення Антонія (Палуянава) і з ёю восем сясцёр. Благаславеньне на адраджэнне манастыра матушка Антонія атрымала ад а. Мікалая Гур'янава. Ужо ў 2010 годзе Праасвяшчэнны Серафім, епіскап Бабруйскі і Быхаўскі, асвяціў храм у гонар Нараджэння Іаана Прадцечы, а ў дзень святкавання Баркалабаўскай іконы цудатворны абраз быў перанесены з храма Жыццепачатнай Троіцы г. Быхава, дзе ён захоўваўся з 1953 года, у Баркалабава. Божая Маці вярнулася ў свае ўладанні, на тое месца, якое Сама абрала.
У цяперашні час храм радуе сваёй пышнасцю і архітэктурай, і асабліва насценнымі роспісамі, якія выкананы ў візантыйскім стылі таленавітым іканапісцам Антоніем Бельскім. За роспіс гэтага храма Антон Бельскі ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».
Зараз у абіцелі 15 сясцёр на чале з ігуменняй Ангелінай (Ёрш). Будаўніца манастыра схіігумення Антонія на спачыне, нясе малітоўны подзвіг. 7 снежня 2018 года ёй споўнілася 85 гадоў. Адноўленая абіцель гатовая прыняць у сваю духоўную сям'ю жадаючых папрацаваць на ніве Божай у манаскім чыне.