Мітрапаліт Павел маліўся за малым асвячэннем кафедральнага сабора святых Жанчын-міраносіц у горадзе Баку

14 лістапада 2019

top.jpg

14 лістапада 2019 года падчас знаходжання ў Баку Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл наведаў кафедральны сабор святых Жанчын-міраносіц.

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы здзейсніў чын малога асвячэння кафедральнага храма пасля маштабных рэстаўрацыйных работ. У саборы маліліся: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій, мітрапаліт Екацярынбургскі і Верхатурскі Кірыл, архіепіскап Бакінскі і Азербайджанскі Аляксандр, клірыкі епархіі, намеснік старшыні АЗЦС архімандрыт Філарэт (Булекаў), кіраўнік Патрыяршай службы пратакола протаіерэй Андрэй Бандарэнка.

На ўрачыстасці прысутнічалі першы намеснік прэм'ер-міністра Азербайджанскай Рэспублікі Я. А. Эюбаў, старшыня Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ У. Р. Лягойда, высокапастаўленыя дыпламаты Азербайджана, Аўстрыі, Беларусі, Грэцыі, Расійскай Федэрацыі, Швецыі, дэпутат Мілі Меджліса (Парламента) і старшыня рускай абшчыны ў Азербайджане М. Ю. Забелін, кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Азербайджанскай Рэспубліцы, кіраўнік расійскага інфармацыйна-культурнага цэнтра У. П. Дзянісаў, дырэктар Цэнтра рускай культуры Азербайджана Г. Я. Манафава і мноства праваслаўных жыхароў Баку.

Архіепіскап Бакінскі і Азербайджанскі Аляксандр звярнуўся да Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы са словамі прывітання і падзякі за наведванне кафедральнага сабора ў імя святых Жанчын-міраносіц і яго асвячэнне пасля працяглай рэстаўрацыі.

Іерарх падарыў Свяцейшаму Патрыярху Кірылу, які да абрання на Патрыяршы прастол на працягу двух дзесяцігоддзяў узначальваў Аддзел знешніх царкоўных сувязяў, рыпіды, якія у свой час належалі першаму старшыні АЗЦС мітрапаліту Мікалаю (Ярушэвічу).

Свяцейшы Патрыярх Кірыл звярнуўся да прысутных у храме з Першасвяціцельскім словам:

«Ваша Высокапраасвяшчэнствы і Праасвяшчэнствы, многапаважаны ўладыка архіепіскап Аляксандр, дарагія айцы, браты і сёстры!

З асаблівым пачуццём я зайшоў у гэты абноўлены храм, які наведваў і раней, але тады па вонкаваму выгляду ён вельмі адрозніваўся ад таго, што можна бачыць сёння. Абнаўляючы храмы, мы не проста пакрываем сцены фарбай, не проста аднаўляем абразы — у нейкім сэнсе гэта сведчыць і аб абнаўленні нашай веры. Таму што калі будуюцца храмы, калі яны рэстаўруюцца, мы ўкладваем у гэтую працу і свае матэрыяльныя сродкі, і свае сілы. Гэта ўсё ёсць ахвярай Госпаду — менавіта так і трэба ўспрымаць усю працу, якую мы кладзем на алтар царкоўны.

Царкоўнае служэнне бывае несці зусім няпроста — гэта тычыцца як месца, так і часу. Тым не менш, чым складаней абставіны і чым больш сіл мы трацім, тым, можа быць, ахвяра гэтая больш угодная Госпаду.

Кожная праца ў славу Божую ёсць прынясенне ахвяры Госпаду. Раней забівалі жывёл і прыносілі крывавую ахвяру. Сёння Царква Божая здзяйсняе бяскроўную ахвяру, ператвараючы хлеб і віно ў ісціннае Цела і ісцінную Кроў Хрыстову, і адначасова, здзяйсняючы служэнне, накіраванае на выхаванне народа, пропаведзь Евангелля, зацвярджэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў жыцця людзей; мы таксама пакорліва прыносім Госпаду ў якасці ахвяры нашую працу.

Я бачу, і як шмат зроблена тут, у гэтым храме, і як з ласкі Божай развіваецца царкоўнае жыццё ў Азербайджане. Яшчэ раз хацеў бы сардэчна падзякаваць Вам, уладыка архіепіскап, а таксама ўсё духавенства, веруючы народ. Дзякую вам за стаянне ў веры, за вашу працу, за вашыя ахвяры, за тое, што вашымі малітвамі і вашым дбаннем захоўваецца Праваслаўе на гэтай старажытнай зямлі».

У памяць аб урачыстасці Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл перадаў сабору старажытны абраз свяціцеля і цудатворца Мікалая.

Падзякаваўшы архіепіскапу Аляксандру за працу, якую ён нясе на азербайджанскай зямлі, Свяцейшы ўладыка падарыў яму святую панагію.

Далей адбылося ўручэнне ўзнагарод Рускай Праваслаўнай Царквы папрацаваўшым на карысць Царквы.

Эканом Бакінскага епархіяльнага ўпраўлення архімандрыт Яфрэм (Матынцаў), які адзначае сёлета 25-годдзе служэння ў сане прасвітара, быў удастоены Свяцейшым Патрыярхам Кірылам ордэна прападобнага Серафіма Сароўскага III ступені.

Рэгенту архіерэйскага хору, галоўнаму хормайстру Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі В. Т. Мастанову ўручаны ордэн дабравернага князя Данііла Маскоўскага III ступені, а рэгенту правага хору Бакінскага храма Архістратыга Божага Міхаіла Х. В. Эфендзіевай — медаль прападобнай Ефрасінні, вялікай княгіні Маскоўскай.

Свяцейшы Патрыярх Кірыл таксама ўручыў царкоўныя ўзнагароды зважаючы на дапамогу Бакінскай епархіі:

  • дэпутату Мілі Меджліса (Парламента), старшыні рускай абшчыны ў Азербайджане М. Ю. Забеліну — ордэн прападобнага Серафіма Сароўскага II ступені;
  • першаму намесніку прэм'ер-міністра Азербайджанскай Рэспублікі Я. А. Эюбаву — ордэн прападобнага Сергія Раданежскага II ступені;
  • дырэктару цэнтра рускай культуры Азербайджана Г. Я. Манафавай — медаль прападобнай Ефрасінні Маскоўскай;
  • кіраўніку прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Азербайджанскай Рэспубліцы, кіраўніку Расійскага інфармацыйна-культурнага цэнтра У. П. Дзянісаву — медаль прападобнага Сергія Раданежскага;
  • Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Расійскай Федэрацыі ў Азербайджане М. М. Бачарнікаву — Патрыяршую грамату.

* * *

Кафедральны сабор святых Жанчын-міраносіц быў пабудаваны ў 1909 годзе ў рускім стылі па праекце архітэктара М. Ф. Вержбіцкага. Будынак будаваўся пры падтрымцы вядомага азербайджанскага мецэната Гаджы Тагіева і на прыватныя ахвяраванні. Першапачаткова храм меў статус палкавога і знаходзіўся ў падпарадкаванні 262-га пяхотнага рэзервовага Сальянского палка.

У савецкі перыяд сабор не пазбег сумнай долі, якая напаткала тысячы праваслаўных святынь: ён быў зачынены ў 1920 годзе і стаў выкарыстоўвацца спачатку як склад, а затым як спартыўная зала. У дні студзеньскіх падзей 1990 года ў званіцу храма патрапілі два снарады, па прычыне чаго яна часткова была разбурана, пол асеў, сцены патрэскаліся, а дах абвалілася. У 1991 годзе паўразбураны будынак храма быў перададзены Рускай Праваслаўнай Царкве.

Магчымасць ажыццяўляць аднаўленчыя работы ў храме з'явілася з часу заснавання ў Баку архіерэйскай кафедры. Апекай і клопатамі епіскапа Бакінскага і Прыкаспійскага (цяпер архіепіскапа Бакінскага і Азербайджанскага) Аляксандра былі праведзены рамонтна-аднаўленчыя работы, і храм быў падрыхтаваны да асвячэння. Падчас свайго Першасвяціцельскага візіту ў Азербайджан Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II 27 мая 2001 года здзейсніў асвячэнне храма святых Жанчын-міраносіц і прысвоіў яму статус кафедральнага сабора епархіі.

Пасля пры падтрымцы азербайджанскага мецэната і прадпрымальніка Айдына Курбанава ў кафедральным саборы былі праведзены комплексныя рамонтна-аднаўленчыя работы: збудаваны каменны разьбяны іканастас, у якім размешчаны іконы, напісаныя вядомым маскоўскім іканапісцам Аляксандрам Сакаловым. Храм быў распісаны групай маскоўскіх мастакоў пад кіраўніцтвам мастака Строганаўскай акадэміі В. Ф. Страшко. Таксама было набыта неабходнае царкоўнае начынне.

Па завяршэнні рамонтна-аднаўленчых работ 24 сакавіка 2003 года адбылося адкрыццё абноўленага храма. Ва ўрачыстасці прыняў удзел Прэзідэнт Азербайджанскай Рэспублікі Гейдар Аліеў, старшыня ўпраўлення мусульман Каўказа Шэйх-уль-Іслам Алахшукюр Пашазадэ, а таксама дыпламаты і супрацоўнікі акрэдытаваных у Азербайджане дыпламатычных місій.

У саборы знаходзіцца каўчэг з часціцай мошчаў апостала Варфаламея — апекуна Баку, шануемыя абразы Божай Маці «Ціхвінскі» і «Каспійскі».

У 2019 годзе ў храме завяршыліся маштабныя аднаўленчыя работы, сабор святых Жанчын міраносіц быў цалкам адрэстаўраваны.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by