Мітрапаліт Павел прыняў удзел у пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы
26 снежня 201926 снежня ў Патрыяршай і Сінадальнай рэзідэнцыі ў Данілавым манастыры ў Маскве пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла адбылося апошняе ў адыходзячым 2019 годзе пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.
У пасяджэнні прынялі пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода: Блажэннейшы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый; мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір; мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр, кіраўнік Мітрапалічай акругі ў Рэспубліцы Казахстан; мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій, кіраўнік Сярэднеазіяцкай мітрапалічай акругі; мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату; мітрапаліт Васкрасенскі Дыянісій, кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі, а таксама часовыя члены Свяшчэннага Сінода, запрошаныя для ўдзелу ў зімовай сесіі (верасень-люты): мітрапаліт Архангельскі і Халмагорскі Карнілій, мітрапаліт Чалябінскі і Міяскі Грыгорый, мітрапаліт Чыцінскі і Пятроўск-Забайкальскі Дзімітрый, епіскап Выбаргскі і Прыазёрскі Ігнацій, епіскап Суражскі Матфей.
Свяшчэнны Сінод прыняў важнае рашэнне, звязанае з прызнаннем Прадстаяцелем Александрыйскага Патрыярхату раскольніцкай структуры, якая дзейнічае на Украіне (журнал № 151). Як падкрэслілі ў сваім рашэнні члены Свяшчэннага Сінода, «рашэнне Патрыярха Александрыйскага Фёдара аб прызнанні ўкраінскіх раскольнікаў супярэчыць неаднаразовым заявам Яго Блажэнства ў падтрымку кананічнай Украінскай Праваслаўнай Царквы і яе Прадстаяцеля мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя, у тым ліку зробленым падчас яго апошняга візіту ва Украінскую Праваслаўную Царкву 27 верасня — 1 кастрычніка 2018 года, праз тры тыдні пасля ўварвання Канстанцінопальскага Патрыярхата на Украіну праз прызначэнне «экзархаў» у Кіеў». Таксама члены Свяшчэннага Сінода ўказалі на тое, што рашэнне аб прызнанні раскольніцкай структуры на Украіне не было прынята на праведзеным 7-9 кастрычніка пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Александрыйскага Патрыярхату, не выносілася на галасаванне яго архіерэяў і, адпаведна, не мае саборнага характару, а прынята Прадстаяцелем гэтай Царквы аднаасобна.
Свяшчэнны Сінод пацвердзіў немагчымасць памінання імя Патрыярха Александрыйскага Фёдара ў дыптыхах, а таксама малітоўных і еўхарыстычных зносін з ім. У той жа час было вырашана захаваць царкоўныя зносіны з архіерэямі Александрыйскай Праваслаўнай Царквы, акрамя тых, якія падтрымалі або ў будучыні падтрымаюць легалізацыю ўкраінскага расколу. Сярод іншых прынятых Свяшчэнным Сінодам мер у дачыненні да Александрыйскай Царквы — прыпыненне дзейнасці прадстаўніцтва (падвор'я) Александрыйскага Патрыярхату пры Маскоўскім Патрыяршым прастоле і пераўтварэнне прадстаўніцтва Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі пры Патрыярху Александрыйскім у прыход Рускай Праваслаўнай Царквы ў Каіры. Акрамя таго, было пастаноўлена вывесці з юрысдыкцыі Александрыйскага Патрыярхату прыходы Рускай Праваслаўнай Царквы, якія знаходзяцца на Афрыканскім кантыненце, надаўшы ім стаўрапігіяльны статус.
Згодна з дзеючым парадкам, Свяшчэнны Сінод зацвердзіў журналы Сінода Беларускага Экзархату.
Свяшчэнны Сінод таксама зацвердзіў шэраг богаслужэбных тэкстаў і акафістаў, у ліку якіх — акафіст святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай.