Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы наведаў Полацкую абіцель

06 красавіка 2021

top.jpg

5-6 красавіка 2021 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, наведаў Спаса-Еўфрасіннеўскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр.

5 красавіка, у панядзелак Крыжопаклоннага тыдня, пасля вячэрняга богаслужэння Патрыяршы Экзарх благаславіў у паслушніцы пецярых трудніц і здзейсніў пострыг у расафор шасці паслушніц Полацкай абіцелі. Па заканчэнні пострыгу Патрыяршы Экзарх звярнуўся да новапастрыжаных інакін і паслушніц са словам павучання:

«У імя Айца, і Сына, і Святога Духа!

Віншую Вас, матушка, і сёстры, са здзейненым паслушніцкім пострыгам, з прыняццем новых паслушніц у манастыр. Гэта заўсёды свята, радасць і, разам з тым, новая адказнасць, злучаная з асцярогай, як годна і правільна прайсці гэты шлях.

У манаскім пострыгу — пострыгу ў малую схіму — ёсць строгія словы павучэння, аглашэння, якія заахвочваюць прымаючых гэты пострыг праходзіць манаскае жыццё ў поўным адрачэнні сябе: адступленні ад сваёй волі, цярпенні розных смуткаў, напасцяў. І ў канцы аглашэння той, хто здзяйсняе пострыг, папярэджвае, што лепш не станавіцца на гэты шлях, не даваць зарокі, чым, даўшы зарокі, не выканаць. Вы не далі сёння ніякіх зарокаў, хоць праз аблачэнне ў манаскае адзенне засведчылі сваё жаданне ісці шляхам манаскім.

20210406_145618 (1).jpg

Ніхто адразу не ўзыходзіць на прыступку духоўнага поспеху. Гэта здзяйсняецца паступова, праз паслухмянасць і глыбокую веру. На гэтым шляху будзьце ўважлівыя, каб не было ў вас, як у свеце, прысутнасці сварлівасці, спрэчнасці, суперніцтва. Гэта якасці свету. Чорнай вопратцы не варта так сябе паводзіць. Ганарыстасць няхай не дакранаецца да вашага сэрца. Не пераймайце свету, дзе кожны хоча ўзвысіцца. Выконвайце настаўленні Спасіцеля, Які кажа пра тое, што кожны, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Не наракайце на цяжар манаскага шляху, ён не будзе лёгкім. З цяжарам разам з тым злучаная і радасць. І ніколі радасць не прыйдзе сама па сабе, хіба што ў пачатку манаскага шляху, а прыйдзе, як суцяшэнне, як адплата за пакору, цярпенне, незласлівасць і іншыя праявы правільнага манаскага настрою. Дапамагайце адна адной ісці па гэтаму шляху. Да кожнай сястры майце любоў, кожную стаўце вышэй сябе, незалежна ад яе ўзросту, послуху і г. д. Кожную стаўце вышэй сябе, калі хочаце дасягнуць поспеху.

Падчас аблачэння мы не спявалі «Рцем всі о ней», а спявалі «Рцем всі о ніх», тым самым нагадваючы і занатоўваючы, што вы  сястрыцтва, адзінае цэлае. Не дапускайце нават самага малога падзелу, адчужэння адзін ад аднаго. Калі гэта заўважаеце ў сабе, усведамляйце, што вы ўхіляецеся ад правільнага шляху. Манаскае жыццё таямнічае, няпростае, і адкрываецца яно разам з тым простым сэрцам, тым, любячым сэрцам, якія з верай звяртаюцца да Бога, да Маці Божай  першай і галоўнай на гэтым шляху манаскага жыцця. Прыклад прападобнай хай будзе для вас натхненнем. З усёй рашучасцю уступайце на гэты шлях.

Іншым жа сёстрам у гэтую Нядзелю Крыжапаклонную хацелася б дадаць некалькі слоў. У Евангеллі нядзельнага дня пасля вынасу крыжа на сярэдзіну храма мы чулі заклік Спасіцеля: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною» (Мф. 16:24). Немагчыма рушыць услед за Хрыстом, калі мы раней не адкінем сябе, сваё «я», старога чалавека, які дыктуе сабе.

З паўсядзённага жыцця мы можам пераканацца, што ніколі мы не будзем адчуваць сябе перад тварам Божым, і ніколі малітва наша не будзе знаходзіць водгук, калі мы не будзем пераадольваць свае благія схільнасці, усё тое, што супярэчыць Евангеллю. Гэта і значыць адрачыся сябе, двайніка, які жыве ў кожным з нас, які жадае ўзяць верх, які падбухторвае нас і кажа: «Паглядзіце, вось калі так зробіце, будзе добра і карысна». Тым самым паўтараецца гісторыя райскага саду, калі Адаму і Еве спакуснік прапаноўваў мала — пакашатаваць толькі адзін плод, але пасля гэтага сядзеў Адам у раі і плакаў.

Збаўца заклікае адрачыся сябе і рушыць услед за Ім. Калі чалавек не сканцэнтруе свой позірк на Свяшчэнным Пісанні, на жыццях святых, у цэлым на вучэнні Царквы, дом яго будзе тады ці пусты, ці запоўнены думкамі і пачуццямі, ад ворага засеянымі. Таму трэба, як падчас вайны, адваёўваць тэрыторыю сэрца свайго, запаўняць яе добрымі намерамі, пачуццямі і за гэтым увесь час сачыць. У гэтым і ёсць галоўная сутнасць манаскага жыцця — слухаць сябе. Па меры гэтай ўвагі ўсё большай і большай дабрынёй і любоўю будзе запаўняцца сэрца, і чалавек пачне адчуваць, што ён у некаторай ступені варты Хрыста.

Святыя дасягалі такога стану, што нават называліся сябрамі Божымі, мелі зносіны з Богам так, як мы з вамі маем зносіны паміж сабой, і ўсё, што прасілі ў Бога, атрымлівалі. Атрымлівалі таму, што іх жаданні, памкненні былі цалкам згодныя з воляй Божай. Бог ужо жыў у іх сэрцах. Бог і навучаў, і дапамагаў ім.

Гэтыя словы звернуты не толькі да манасціх асоб, а да кожнай душы хрысціянскай. Кажу і сабе нагадваю гэтымі словамі, як нам належыць жыць і падзвізацца. Асабліва, у гэтыя дні Вялікага посту.

Гасподзь няхай благаславіць, няхай дапаможа, няхай умацуе сілаю Пачэснага і Жыватворнага Крыжа, малітвамі прападобнай маці нашай Еўфрасінні Полацкай і ўсіх святых. Амінь».

6 красавіка, раніцай, у дзень перадсвята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, мітрапаліт Веніямін адслужыў малебен прападобнай Еўфрасінні і здзейсніў пастрыжэнне ў мантыю дзвюх інакінь. Чынапаследаванне манаскага пострыгу адбылося ў Свята-Еўфрасіннеўскім храме. У пострыгу пачатковым манахіням былі дадзены імёны ў гонар святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны і святой Фівы Кенхрэйскай (Карынфскай), дыяканісы.

Мітрапаліт пажадаў новапастрыжаным манахіням выконваць тое, што яны абяцалі падчас пострыгу «Перад тварам Божым, Маці Божай, святых угоднікаў, ангелаў, якія падчас пострыгу тут прысутнічалі. Яны ж будуць і ў жыцці вам дапамагаць, калі будзеце мець дбайнасць і заклікаць іх у малітве. Святая роўнаапостальная Марыя Магдаліна вядомая сваёй адданасцю следавання за Госпадам, бясстрашнасцю, вялікай любоўю. Святая Фіва дапамагала апосталу Паўлу. Ён у адным з пасланняў асабліва звяртаецца да яе і дзякуе за тыя працы, якія яна несла, дапамагаючы яму. А якія былі працы ў Апостала Паўла? Вышэй сіл чалавечых, неймаверныя, што мы бачым з яго пасланняў і з кнігі Дзеяў. Няхай жа Гасподзь дапаможа і ўмацуе вас на гэтым шляху пераймаць сваім нябесным заступнікам».

Пасля святочнай вячэрні ўладыка Экзарх падзяліў з сёстрамі трапезу.

Фота: Ілья Грыгаран, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр

Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр/Church.by