Мітрапаліт Веніямін прыняў удзел у цырымоніі ўскладання кветак да памятных знакаў «Ахвярам Чарнобыля» і «Камень міру Хірасімы»

26 красавіка 2021

top.jpg

26 красавіка 2021 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прыняў удзел у цырымоніі ўскладання кветак да памятных знакаў «Ахвярам Чарнабыля» і «Камень міру Хірасімы», прысвечанай загінуўшым пры ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС і тым, хто памёр ад уздзеяння радыяцыі ў далейшым. Мерапрыемства ў сталічным парку Дружбы народаў было прымеркавана да 35-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Ушанаваць памяць ахвяр трагедыі да праваслаўнага храма ў гонар абраза Божай Маці «Знойдзенне загінуўшых», пабудаванага на тэрыторыі парку Дружбы народаў у памяць аб подзвігу ліквідатараў і ахвярах аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прыйшлі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, МУС, МНС, дыпламатычных місій Расіі, Украіны і Японіі, духавенства Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў, а таксама ўдзельнікі грамадскіх арганізацый.

«Гэтая страшная бяда згуртавала і аб'яднала народ, яна працягвае гэта рабіць і цяпер. Тут сабраліся тыя, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў, сваякі загінуўшых, неабыякавыя людзі, здольныя падзяліць боль пацярпелых і страціўшых сваіх блізкіх. Мы памятаем, паважаем і дзякуем усім, хто ахвяраваў сваім здароўем, жыццём, каб унесці ўклад у пераадоленне наступстваў гэтай аварыі», — сказаў памочнік прэзідэнта — інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў.

У сваю чаргу мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адзначыў, што сумныя эпізоды заўсёды дазвалялі людзям атрымліваць каштоўны вопыт, абапіраючыся на які яны ў далейшым папярэджвалі паўтарэнне страшных падзей. «Нават з адмоўнага заўсёды можна атрымаць нейкія станоўчыя высновы. Аварыя паказала, што людзі здольныя здзяйсняць страшныя памылкі. Разам з тым гатовыя ахвяраваць сабой дзеля дабра іншых, сумеснымі намаганнямі супрацьстаяць бядзе, а гэта з'яўляецца лепшым паказчыкам чалавечнасці. Зыходзячы з вопыту, які мы атрымалі, важна зрабіць правільныя высновы, адна з якіх — мы розныя, але ўмеем аб'ядноўвацца дзеля дапамогі адно аднаму», — сказаў мітрапаліт Веніямін.

Па традыцыі, у гэты дзень каля храма ў гонар іконы Божай Маці «Знойдзенне загінуўшых» таксама быў здзейснены малебен аб здароўі жывых і ліція аб упакаенні памерлых ахвяр атамнай катастрофы.

Чарнобыльская аварыя закранула значную частку Беларусі. На тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання апынулася 3678 населеных пунктаў, у якіх пражывала 2,2 млн чалавек, 479 населеных пунктаў спынілі існаванне. З пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторый адселены 137,7 тыс. чалавек, з іх 75% — жыхары Гомельскай вобласці. Адначасова з эвакуацыяй і арганізаваным перасяленнем самастойна пакінулі тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання каля 200 тыс. чалавек.

Фота: БЕЛТА

БЕЛТА/Інфармацыйнае агенцтва «Минск-новости»/Church.by