Мітрапаліт Веніямін прыняў удзел ва Усебеларускай малітве аб міры ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»
22 сакавіка 2021Увечары 21 сакавіка 2021 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прыняў удзел у прымеркаваным да 78-й гадавіны хатынскай трагедыі рэспубліканскім мітынгу-рэквіеме «Лампада памяці», дзе прагучала Усебеларуская малітва аб міры.
Мерапрыемства прайшло ў прысутнасці прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з удзелам кіраўнікоў чатырох вядучых традыцыйных рэлігійных канфесій Беларусі.
На мітынгу-рэквіеме выступіў мітрапаліт Веніямін. «На гэтым журботным месцы мы задаемся пытаннем, чаму адбылася тут трагедыя? Чаму людзі забівалі нашых суайчыннікаў так жорстка ад малога да вялікага?», — пачаў сваю прамову Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.
«Што ж рабіць, каб ніколі больш не паўтарылася гэтая трагедыя? Адказы мы знаходзім у старажытным Законе і прароках, якія, падпарадкоўваючыся загаду Божаму, кажуць пра два складнікі — пра любоў да Бога, і другая запаведзь пра любоў да бліжняга. Пра любоў шчырую, ад усяго сэрца. І не рабіць бліжняму свайму таго, чаго не жадаеш сабе», — сказаў Патрыяршы Экзарх.
Мітрапаліт Веніямін адзначыў, што тыя людзі, якія рабілі вялікае зло на Беларускай зямлі, панеслі адпаведную расплату, бо той, хто сее вецер, пажне буру.
«Мы перажываем за будучыню нашай краіны. Мы імкнемся і жадаем, каб у міры, згодзе, яднанні працягваць сваё жыццё. Да гэтых намаганняў далучым нашу малітву», — заклікаў ён.
Раней, 20 сакавіка 2021 года Патрыяршы Экзарх прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Ён адбыўся ў рамках рэспубліканскай акцыі па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, якая ў гэтыя дні праходзіць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. На мерапрыемства прыйшлі сотні людзей, каб ушанаваць памяць загінуўшых.
22 сакавіка 2021 года ў Беларусі аддаюць даніну памяці жыхарам вёскі Хатынь, спаленай фашыстамі 22 сакавіка 1943 года. Тады ў агні загінула 149 мірных жыхароў, сярод іх 75 дзяцей. Успамінаючы Хатынь, мы ўспамінаем тысячы іншых беларускіх вёсак, па-зверску знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Фота: БЕЛТА