Мітрапаліт Веніямін узначаліў нараду, прысвечаную пытанням развіцця царкоўных спеваў у Беларускай Праваслаўнай Царкве
11 сакавіка 2021Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў нараду, прысвечаную актуальным пытанням развіцця царкоўнага спеву ў Беларускай Праваслаўнай Царкве.
На сустрэчу, якая адбылася ў Мінскім духоўным вучылішчы 4 сакавіка 2021 года, былі запрошаны спецыялісты ў галіне харавога мастацтва з Мінскага духоўнага вучылішча, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Гродзенскага музычнага вучылішча, а таксама кіраўнікі вядучых царкоўных і свецкіх харавых калектываў.
Адкрываючы пасяджэнне, Яго Высокапраасвяшчэнства канстатаваў, што часам даводзіцца сутыкацца з тым, што ў царкоўным спевах прысутнічае шмат эмацыйнасці, а малітоўнасць адсутнічае. Або іншая крайнасць: вельмі малітоўна імкнуцца спяваць, але не зладжана.
«Нам трэба разам знайсці варыянты, як і якія спевы лепш выконваць, каб нашы агульныя пазіцыі, якія мы знойдзем, былі зафіксаваны, і ў далейшым мы маглі прапанаваць іх у межах усяго Экзархату», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады мітрапаліт Веніямін.
«Зразумела, што гэта наша першая сустрэча, і далёка не ўсе моманты мы зможам улічыць, абмеркаваць. Але думаецца, што важна пакласці пачатак. Потым у нас будзе нагода сустракацца яшчэ і абмяркоўваць нейкія тэмы. Але важнасць гэтай сустрэчы несумнеўная», — адзначыў Патрыяршы Экзарх.
«У Рускай Праваслаўнай Царкве маецца адпаведная камісія, якая дае свае рэкамендацыі, але думаю, што мы ў Беларускім Экзархаце павінны ўлічваць і рэкамендацыі Камісіі РПЦ, і нашы традыцыі і нюансы, якія склаліся», — выказаў меркаванне Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Удзельнікі нарады разгледзелі такія пытанні, як статус царкоўных харавых калектываў (архіерэйскіх, манастырскіх, парафіяльных); праблема кананічных, культурна-гістарычных і музычных прынцыпаў фарміравання богаслужэбнага рэпертуару; удзел царкоўных харавых калектываў у фестывалях, конкурсах і іншых царкоўных і дзяржаўных мерапрыемствах; працоўныя правы, абавязкі, кваліфікацыйныя патрабаванні для пеўчых; перспектывы развіцця богаслужэбных спеваў і царкоўнай музычнай культуры ў БПЦ, у тым ліку магчымасць правядзення Мінскага фестывалю.
У ходзе актыўнай, зацікаўленай дыскусіі было выказана нямала канструктыўных ідэй і арыгінальных прапаноў. Па выніках нарады пачата падрыхтоўка рэкамендацый для парафіяльных і архіерэйскіх хораў, а таксама распрацоўка дэталёвай канцэпцыі, якая дазволіць найбольш поўна і ў кароткія тэрміны ажыццявіць прынятыя на нарадзе рашэнні.