На базе Мінскай духоўнай семінарыі адбыўся Летні багаслоўскі інстытут
04 ліпеня 2017З 26 чэрвеня па 1 ліпеня 2017 года па благаславенню рэктара Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя на базе семінарыі праходзілі заняткі Летняга багаслоўскага інстытута.
Заняткі ў Летнім багаслоўскім інстытуце традыцыйна арыентаваныя на святароў, студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, а таксама на ўсіх, хто жадае павысіць узровень сваіх ведаў у галіне багаслоўскіх і рэлігіязнаўчых дысцыплін.
Праграма інстытута ўключала ў сябе інтэнсіўны курс лекцый, якія праводзілі выкладчыкі Мінскай духоўнай семінарыі:
- Багаслоўе Новага Запавету — іераманах Яўстафій (Халіманкоў). Тэма: Хрысціянская абшчына паводле Пасланняў апостала Паўла.
- Багаслоўе Старога Запавету — протаіерэй Віталь Антонік. Тэма: Месіянскія спадзяванні Старазапаветнай Царквы.
- Асновы хрысціянскага веравучэння — протаіерэй Віктар Васілевіч. Тэма: Праваслаўнае вучэнне пра Царкву і святыя Таінствы.
- Сучаснае багаслоўе — іерэй Іаан Канановіч. Тэма: Багаслоўскія тэндэнцыі XX стагоддзя.
- Царкоўная археалогія — іерэй Яўген Саланкоў. Тэма: Развіццё хрысціянскай іканаграфіі ад катакомбных свяшчэнных выяў да «Тройцы» прападобнага Андрэя Рублёва.
- Этычныя праблемы сучаснасці — іерэй Сергій Цімашэнка. Тэма: Этычныя праблемы сучаснасці.
- Гісторыя Царквы — протаіерэй Аляксандр Раманчук. Тэма: Свяціцель Георгій (Каніскі) і яго час.
- Кананічнае права — протадыякан Генадзь Малееў. Тэма: Царкоўны суд.
- Асновы хрысціянскай маральнасці — протадыякан Генадзь Малееў. Тэма: Смутак і радасці ў жыцці хрысціяніна.
- Свяшчэннае Пісанне Старога Запавету — протадыякан Генадзь Малееў. Тэма: Значэнне настаўленняў з Кнігі Тавіт.
- Святаайцоўская аскетыка — іерэй Аляксандр Палхоўскі. Тэма: Святаайцоўская аскетыка па творах ўсходніх айцоў IV стагоддзя.
- Гісторыя царкоўных спеваў — протадыякан Андрэй Скробат. Тэма: Значэнне царкоўных спеваў у праваслаўным богаслужэнні.
- Гісторыя праваслаўнага богаслужэння — протадыякан Андрэй Скробат. Тэма: Чынапаследаванне і ідэйны змест усяночнага трывання і Літургіі.
- Праваслаўная педагогіка — Марыя Аляксандраўна Сняжко. Тэма: Методыка адукацыі нядзельнай школы пры Мінскай духоўнай семінарыі.
- Праблемы сучаснага грамадства — іераманах Агапій, іераманах Герасім. Тэма: Царкоўная рэабілітацыя тых, хто пакутуе на алкагалізм і наркаманію.
Акрамя лекцыйнай нагрузкі, праграма інстытута прадугледжвала правядзенне экскурсій (Жыровіцкі манастыр, сядзіба Солтана, Зосіма-Савацьеўскі Вяліка-Кракоцкі манастыр, скіт прападобнага Амбросія Опцінскага у вёсцы Русакова Слонімскага раёна), гутаркі на духоўна-маральныя тэмы і нефармальныя зносіны.
Праца Летняга багаслоўскага інстытута завяршылася 1 ліпеня здзяйсненнем падзячнага малебна.
Таксама адбыўся міні-канцэрт з выступленнем мужчынскага хору (рэгент — студэнт 3 курса Міндс Павел Монід) і выступленнем удзельнікаў Летняга багаслоўскага інстытута.