На японскім востраве Хакайда ўсталявалі помнік выпускніку Мінскай духоўнай семінарыі
05 красавіка 201929 сакавіка 2019 года ў культурным цэнтры Хакадатэ (прэфектура Хакайда, Японія) адбылася ўрачыстая цырымонія ўстаноўкі і асвячэння бюста ураджэнца Мінскай губерні і першага расійскага консула ў Японіі Іосіфа Гашкевіча. Удзел у мерапрыемстве прыняў настаяцель праваслаўнага храма ў Хакодате святар Мікалай Дзмітрыеў, кіраўнік аддзялення Расійскага генконсульства ў Хакадатэ Барыс Сакалоў, а таксама прадстаўнікі філіяла Далёкаўсходняга Федэральнага універсітэта (Уладзівасток, Расія). Пасол Беларусі ў Японіі Руслан Есін у сваім выступленні перад удзельнікамі мерапрыемства адзначыў неабходнасць далейшай працы па захаванню агульнай гістарычнай спадчыны.
Бюст Іосіфа Гашкевіча працы савецкага скульптара Алега Комава ў 1989 годзе быў перададзены ў дар таварыству памяці Гашкевіча ў Хакадатэ Саюзам савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. У 1990-х і 2000-х гадах прадпрымаліся неаднаразовыя спробы ўсталявання помніка ў адным з грамадскіх месцаў горада. У выніку мэтанакіраванай працы беларускага, расійскага і японскага бакоў у 2017-2019 гадах бюст заняў годнае месца ў Культурным цэнтры Хакадатэ.
* * *
Іосіф (Восіп) Гашкевіч нарадзіўся ў 1814 годзе ў вёсцы Стрэлічаў Рэчыцкага павета (цяпер Хойніцкі раён, Гомельская вобласць) Мінскай губерні ў сям'і небагатага святара. Як мяркуецца, уся сям'я адносілася да святарскага роду Гашкевічаў, да якога, у прыватнасці, належыць святы праведны Іаан Кармянскі (па пашпарце Гашкевіч).
Бацька Восіпа, святар Антоній Гашкевіч, сябраваў з вядомым навукоўцам протаіерэем Іаанам Грыгаровічам, збіральнікам твораў свяціцеля Георгія Магілёўскага і укладальнікам «Беларускага архіва старажытных грамат». Айцец Іаан, бываючы ў доме Гашкевічаў, часта гутарыў з юным Восіпам, настаўляў яго, даваў чытаць урыўкі са сваіх твораў. Паводле сведчанняў самога Іосіфа, менавіта ён абудзіў у ім жаданне да духоўнай дзейнасці.
У 1835 Іосіф Гашкевіч скончыў Мінскую духоўную семінарыю, паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. Удзельнічаў у выданні перакладу Старога Запавету з старажытнаяўрэйскай на рускую.
Па заканчэнні акадэміі ён паступіў у Расійскую духоўную місію ў Кітаі. Дзесяць гадоў (1839-1848) праслужыў у Пекіне. Адораны лінгвістычнымі здольнасцямі, ён вывучыў у Пекіне некалькі ўсходніх моў — кітайскую, маньчжурскую, карэйскую, мангольскую.
Як рэдкага знаўцу ўсходніх моў, яго запрасілі на службу ў Міністэрства замежных спраў чыноўнікам асаблівых даручэнняў у Азіяцкі дэпартамент.
У 1850-х гадах падчас экспедыцыі да берагоў Японіі Гашкевіч вывучыў японскую мову. У 1857 годзе быў надрукаваны «Японска-рускі слоўнік», які змяшчаў 10 тысяч лексічных адзінак — ён спрыяў вывучэнню японскай мовы не толькі ў Расіі, але і ў краінах Еўропы. У 1858 годзе Гашкевіч стаў першым дыпламатычным пасланцам Расіі ў Японіі.
У 1865 годзе вярнуўся ў Пецярбург. Праз некаторы час па стане здароўя выйшаў у адстаўку. Купіў невялікую сядзібу «Малі» пад Вільняй (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці), дзе і правёў апошнія гады жыцця, працягваючы да канца дзён навуковую працу. Памёр Іосіф Антонавіч 5 кастрычніка 1875 года. У 1899 годзе ў Вільні была апублікавана яго праца «Пра карані японскай мовы».